Баўмгертнер: Купляем поп-корн, чакаем працягу!
Арышт Баўмгертнера стаў заўважнай падзеяй для расійскіх інтэрнэт-форумаў. Прапануем агляд выказванняў блогераў і каментатараў суседняй краіны наконт справы БКК.
Паколькі Расія — краіна з алігархічным тыпам эканомікі, арышт аднаго з чальцоў алігархічнага клубу лагічна выклікаў прыступ эйфарыі ў звычайных людзей. Пры гэтым шмат хто з іх выказвае падзяку АГЛ. Там і сям у рунэце можна наткнуцца на такія пасажы: «Бацька — малайчына, што хоць аднаго пасадзіў». «Зараз Пуцін можа сваіх алігархаў не садзіць, а ў камандзіроўкі ў Мінск адпраўляць», «Душы гадаў, Бацька!», «Прыгажун, Лукаш! Відаць, у Расіі такое пакуль немагчыма зрабіць».
Трактоўка канфлікту мала адрозніваецца ад матэрыялаў беларускіх афіцыйных СМІ. «І вось калійныя алігархі з РФ прыняліся выводзіць сродкі з БКК у свае структуры, замыкаць на сябе тыя плыні калійных угнаенняў, што ішлі з Беларусі, фактычна падрываючы эканоміку рэспублікі (карысталіся яе крызісам). Мэта — прымусіць Лукашэнку прадаць «Беларуськалій», для пачатку разарыўшы яго і тарпедаваўшы эканоміку рэспублікі. І тады Аляксандр Лукашэнка зрабіў удар у адказ», — тлумачыць сэнс таго , што адбываецца, нехта Караваеў.
Арышт Баўмгертнера вельмі спадабаўся і блогерам Украіны, дзе тэма алігархаў таксама вельмі балючая. На форуме кіеўскай газеты «Сегодня» можна прачытаць: «Я лічу, гэты прыклад варта пераймаць. Трэба запрасіць Анішчанку ў Кіеў, няхай растлумачыць нам наконт бензапірэну ў цукерках».
Ёсць і тыя, хто мае на вязня «амерыканкі» ўласны зуб. Напрыклад, нехта Алег Трацякоў з Уралу піша: «Гэты (Баўмгертнер) увесь мой родны горад падарваў, калі Керымаў купіў «Уралкалій» і яго паставіў дырэктарам. Карацей, зараз на прадпрыемствах гэтай кампаніі — як у зоне. Ніхто не пікне, бо прадпрыемства горадаўтваральнае: звольняць — куды пойдзеш? Яны як рабы там усё. Прыгонныя».
Зноў у Расіі завялі старую кружэлку пад назвай «Нам бы такога Бацьку». «Гэта вам не млявы Пуцін, пры якім алігархі і вышэйшыя саноўнікі РФ могуць паскудзіць зусім бяскарна. Гэта глыбока заканамерна. Канфлікт зладзейскага РФ-каланіялізму і беларускага нацыянальнага прагматызму быў непазбежны», — піша той жа Караваеў.
Некаторыя спадзяюцца, што арышт Баўмгертнера можа надаць новае дыханне працэсу будаўніцтва саюзнай дзяржавы: «Справу БКК цалкам можна разглядаць як частку антыкарупцыйнай кампаніі, якая разгортваецца і ў Беларусі, і ў Расіі. Алігархі, якія дзейнічалі ў вузкіх карпаратыўных і асабістых інтарэсах за кошт інтарэсаў Беларусі і Расіі, павінны панесці пакаранне. (…) Сама ж справа БКК можа і павінна быць выкарыстаная як падстава для перазагрузкі беларуска-расійскіх адносін. На павестцы дня павінна быць Саюзная дзяржава 2.0, як новая, лідарская мадэль узаемаадносін Беларусі і Расіі, што задае тон і выступае лакаматывам у еўразійскай інтэграцыі».
Аднак ёсць думка, што, хутчэй, арышт Баўмгертнера пахавае ўсю славянскую інтэграцыю.
Блогер Сіманаў адзначае: «Лёс аднаго чалавека часта ўплывае на працэсы гістарычнага маштабу. Усё роўна, што за гэтым стаяць (ці не стаяць) працэсы значна больш глыбінныя, але менавіта пэўны чалавек становіцца знакам зменаў. (…) Бывае так, што дробязь змяняе адносіны дзяржаў, развязвае войны і руйнуе саюзы. Такая дробязь, цалкам магчыма, здарылася напярэдадні, і зараз расійска-беларускія адносіны знаходзяцца пад пагрозай вельмі сур’ёзнага астуджэння, аж да поўнага разрыву».
Прычына для такіх прагнозаў шмат у чым звязаная з саркастычнымі ацэнкамі шматлікімі расейцамі нерашучых паводзінаў Крамля ў справе БКК. Вось тыповыя каментары такога кшталту: «Расія ўяўляе сябе вялікай дзяржавай, але не можа прыструніць нават Беларусь. Затрыманне ў Беларусі кіраўніка «Уралкалію» — не першы канфлікт Лукашэнкі з расійскай элітай, і ні разу апошняя не здолела паставіць беларускага прэзідэнта на месца» (Блогер #Orange). Каментатар Зорге піша: «А прыкольна, як грозная расійская ўлада з усімі сваімі СК, ФСО і ФСБ баіцца, варта ёй толькі сур’езна казу паказаць».
Адсюль робяцца вельмі ваяўнічыя высновы: «Па сутнасці, «сюрпрыз для Баўмгертнера» з’яўляецца сур’ёзнай праверкай не толькі для беларускага прэзідэнта, але і для Расіі. Уменне адстойваць інтарэсы ўласнага бізнэсу і ўласных грамадзян за мяжой — гэта прыкмета заможнасці дзяржавы, прыкмета таго, што яна гатова браць на сябе адказнасць у далікатных сітуацыях. Нават калі Баўмгертнер вінаваты ў тым, у чым яго вінавацяць, то Расія ўсё адно павінна ўсімі праўдамі і няпраўдамі выцягваць яго з гэтага становішча. А потым яшчэ і дамагацца ад «Бацькі» належнага кампенсавання. Тут складана казаць пра нейкія варыянты — беларускі бок зрабіў беспрэцэдэнтна цвёрды і абсалютна неапраўданы, як уяўляецца, ход, і зараз чарга за Расіяй. Лукашэнка раптам пачаў вайну супраць дэ-факта Расіі, прычым без абвяшчэння. Калі такое будзе ў чарговы раз беларускаму лідару даравана, то трываць яго выкрутасы Крамлю прыйдзецца яшчэ вельмі доўга» (Сіманаў).
Ёсць думка, што на гэты раз усё закончыцца, як і заўсёды. Андрэй Беляўскі адзначае: «У адносінах з Еўрасаюзам Лука сваіх грамадзян у закладнікі захоплівае, а з Расіяй можа сабе дазволіць і яе алігархаў захопліваць, усё адно вырвуцца». «Маскве разрыў з Мінскам невыгодны, да таго ж затрыманне гендырэктара расійскай кампаніі добра ўпісваецца ў правілы вядзення бізнэсу, прынятыя ў самой Расіі», — лічыць Mitenkov.
Шмат каго ўразіла тое, што прэм’ер Беларусі фактычна заманіў рускага ў пастку, даслаўшы яму асабістае запрашэнне на размову, фіналам якой фактычна стаў прывод у Амерыканку. Гэта выклікала хвалю чалавечага эмацыйнага абурэння. «Бульбашы зусім азвярэлі, нават шкада гэтага Баўмгертнера, развялі, як школьніка» (Улад Заяц).
Некаторыя намагаюцца разглядаць амаральныя паводзіны беларускіх уладаў у больш глабальным свеце. Так, блогер 999allan999 канстатуе: «Я шакаваны дзейнасцю некаторых нашых «братэрскіх» рэспублік. Бацька пакуе Баўмгертнера, генеральнага дырэктара кампаніі «Уралкалій». Увогуле, вар’яцтва нейкае. Падобна, з развалам саюзу ўсе былыя «малодшыя браты» імкліва коцяцца кудысьці ўніз, да дэградацыі і сярэднявечча». А вось думка нейкага «Самастоятельного»: «Не трэба было выкупляць беларускія прадпрыемствы за бесцань у чалавека, які кідае народ. Самі вінаватыя, таварышы імперыялісты. Бізнэс можна рабіць нават з людаедамі, як казалі амерыканцы, але не з такім чалавекам».
Падводзячы вынік агляду поглядаў на справу БКК, трэба выдзеліць яшчэ адну заўважную частку расійскіх інтэрнэт-каментатараў. Гэта людзі, якім глыбока фіялетавыя як праблемы беларускай, так і расійскай эліты, не кажучы пра лёсы Саюзнай дзяржавы і славянскай цывілізацыі. Яны бачаць у тым, што адбываецца, толькі фрагмент непрадказальнага шоу. «Так, грубавата, вядома. Але цікава, што ж будзе далей… Купляем поп-корн і чакаем», — піша блогер Стас.