Аргенціна пад чорным сцягам

Ужо восенню Аргенціна можа стаць першай у гісторыі краінай, якой будуць кіраваць анарха-капіталісты.

fuuqqq_waay171m.jpeg

Напэўна, многія памятаюць як у снежні мінулага года зборная Аргенціны ў драматычным матчы выйграла Кубак свету ў французаў. На радзіме пераможцаў сустракаў мільённы натоўп. Гульцоў зборнай літаральна насілі на руках. Назіраючы за гэтым шоу, некаторыя палітолагі збольшага тлумачылі культ футбалістаў у Аргенціне крызісам даверу да палітычнага класа. І, мяркуючы па ўсім, яны не памыліліся.

13 жніўня ў Аргенціне адбыліся абавязковыя праймерыз, якія лічацца генеральнай рэпетыцыяй выбараў 20 кастрычніка. Пасля падліку больш за 93% галасоў большасць галасоў (30,4%) нечакана для многіх атрымаў, як ён сам сябе называе, анарха-капіталіст, радыкальны лібертарыянец Хаўер Мілей — кандыдат у прэзідэнты Аргенціны ад партыі «Свабода перамагае» (Libertad avanza). 21,4% выбаршчыкаў падтрымалі дзеючага міністра эканомікі Аргенціны Серхіа Масу — кандыдата ад кіруючага альянсу «Саюз за Радзіму» (Union por la Patria).

Хутчэй за ўсё гэтыя кандыдаты і будуць змагацца за пасаду прэзідэнта, хаця, відавочна, што шанцы ў Хаўера Мілея пераважваюць.

Трыумф Хаўера выглядае сюрпрызам. Вывучаючы пункты яго праграмы, узнікае думка, што іх аўтар вялікі аматар сцёба. Вось некаторыя з яго прапаноў: адмена кампенсацыі ў выпадку звальнення, працоўная рэформа і адмова ад сэксуальнай асветы ў школах на ўсіх узроўнях. Мілей выступае за роспуск аргенцінскага Цэнтрабанка, пераход з аргенцінскага песа на долар, свабоднае нашэнне зброі, называе памылкай сацыяльную справядлівасць.

Цяжкія часы чакаюць чыноўнікаў, калі Аргенцінай будуць кіраваць анарха-капіталісты. Мілей абяцае, што скасуе міністэрства культуры, міністэрства навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця, міністэрства жанчын, гендэра і разнастайнасці, міністэрства навукі, тэхналогій і інавацый. Не пашкадуе палітык міністэрства працы, занятасці і сацыяльнага забеспячэння, міністэрства адукацыі. Ведамствы, якія адказваюць за транспарт, ахову здароўя, таксама будуць ліквідаваны.


javier_milei_la_vieja_novedad_argentina_titular.jpg

Мілей выступае супраць абортаў нават у выпадках згвалтавання. На пытанне журналіста аб аборце пасля згвалтавання 10-гадовай дзяўчынкі Мілей заявіў, што аборт пры такіх абставінах усё роўна з'яўляецца забойствам. На яго думку, аборт магчымы толькі тады, калі жыццё маці знаходзіцца ў небяспецы. Мілей адмаўляе існаванне глабальнага пацяплення кажучы, што гэта забабоны культурных марксістаў.

Зрэшты, існуе скепсіс наконт таго, што аргенцінцы жадаюць жыць у краіне, дзе практычна ўсё будзе прыватызавана, а кожны чалавек насіць зброю. Хутчэй перамога радыкальнага лібертарыянца Хаўера Мілея сведчыць, што мясцовыя выбаршчыкі расчараваныя старымі палітыкамі: як кіруючымі краінай пераністамі («Саюз за Радзіму»), так і права-ліберальнай апазіцыяй («Разам за перамены»).

Сапраўды, права-ліберальная апазіцыя («Разам за перамены») зусім нядаўна была ва ўладзе, абяцаючы пры гэтым электарату дасягнення «нулявой беднасці» і атрымання танных заходніх крэдытаў. Аднак ужо за першыя паўтара гады іх кадэнцыі да тых аргенцінцаў, якія жывуць у беднасці, дадаліся яшчэ 1,5 млн чалавек.

У выніку замест «нулявой беднасці» цяперашняя апазіцыя, калі была ва ўладзе чатыры гады таму, усталявала некалькі антырэкордаў: рэкорднай за апошнія 28 гадоў інфляцыі, рэкорднага за апошнія 14 гадоў узроўню беспрацоўя, рэкорднай колькасці бедных (40% насельніцтва).

Пераністам, якія ўжо чатыры гады знаходзяцца ва ўладзе, таксама асабліва пахваліцца няма чым. У Аргенціне больш за 18 млн чалавек жывуць за рысай беднасці, у канцы 2022 года гадавая інфляцыя ўшчыльную наблізілася да 100%, а да канца наступнага, як прагназуюць, гадавая інфляцыя можа скласці 146%.

У такой сітуацыі аргенцінцы лагічна пачалі шукаць альтэрнатыву. Сітуацыйна ёй нечакана стаў эканаміст Хаўер Мілей, шырока вядомы сваімі эмацыйнымі каментарамі на ТБ, у якіх крытыкаваў эканамічны курс і бюджэтную палітыку пераністаў.

Палітолагі сумняваюцца, што Хаўер Мілей зможа кардынальна палепшыць сітуацыю ў краіне, а яго радыкальныя рэцэпты будуць эфектыўнымі. Лепшы доказ таму не вельмі выбітныя вынікі дзейнасці на пасадзе прэзідэнта правага папуліста Жаіра Балсанару ў суседняй Бразіліі. Аднак разбурыць усім абрыдлую двухпартыйную сістэму — пераністы супраць лібералаў, магчыма, яму будзе пад сілу.