«Актоберфэст»: Бомбы супраць піва
У Мюнхене адкрыўся славуты піўны фестываль «Актоберфэст». Сярод нефармальных рытуалаў мерапрыемства — чарговыя спробы грамадскасці і прэсы разгадаць загадку тэракту, які здарыўся на «Актоберфэсце» 26 верасня 1980 года.
Тэракт адбыўся каля галоўнага ўвахода на мерапрыемства, дзе заўсёды збіраецца вялізны натоўп. У выніку выбуху самаробнай бомбы загінулі 13 чалавек, 221 атрымаў раненні. Дагэтуль той выпадак з'яўляецца самым маштабным тэрарыстычным актам у гісторыі Федэратыўнай Рэспублікі Германія.
Злачынцам хутка вызналі Гундальфа Кёлера, які сам загінуў у выніку выбуху. Кёлер быў членам групоўкі маладых нацыстаў і ўдзельнікам праварадыкальнай ваенна-спартыўнай групы Хофмана (WSG).
Што тычыцца матываў учынку тэрарыста-адзіночкі, то, паводле следства, гэта быў акт суіцыду. У выніковым дакуменце сцвярджалася, што Кёлер вырашыў накласці на сябе рукі «з-за сур'ёзнага асабістага крызісу і празмернай патрэбнасці ў асабістым прызнанні». У пералік матываў увайшлі таксама «праблемы ва ўзаемаадносінах з жанчынамі, няўдачы ў вучобе, няўдалыя спробы падняць аўтарытэт сярод сяброў, негатыўная ацэнка будучых магчымасцей і эканамічныя асцярогі».
Ідэя пра тэрарыста-адзіночку з замашкамі самазабойцы ад самага пачатку падалася шмат каму гратэскавай. Тым больш сам працэс следства выклікаў багата пытанняў. Сышчыкі ад пачатку трымаліся меркавання, што Кёлер дзейнічаў самастойна, адкідаючы іншыя версіі.
Незразумела таксама, чаму быў знішчаны важны доказ — фрагмент рукі, знойдзены на месцы выбуху. Лічылася, што гэта частка рукі Кёлера, але ў выніку адбіткі пальцаў не супалі. Тады пачалі падазраваць, што рука магла належаць яшчэ аднаму саўдзельніку тэракту. Пракуратура запатрабавала правесці ДНК-аналіз, аднак, як аказалася, доказ знішчылі самі следчыя.
Нарэшце, пра бомбу. У 2013-м спецыялісты прыйшлі да высновы, што Кёлер не змог бы ў адзіночку сабраць мюнхенскую бомбу з яе складаным двухфазным механізмам запальвання. Яшчэ адно пытанне — чаму не былі дапытаны інфарматары спецслужбаў, якія працавалі ў шэрагах груповак, дзе ўдзельнічаў Кёльнер.
Як бачым, пытанняў без адказаў вельмі шмат. Нядзіўна, што на тэму выбуху на «Актоберфэсце» хапае спекуляцый. Самую забаўную тэму прапанавалі нямецкія ўльтраправыя. Яны сцвярджаюць, што за выбухам стаяла разведка Ізраіля. У Ізраілі, нібыта, баяліся росту папулярнасці групы Карла-Хайнца Хофмана, які на вачах станавіўся нефармальным лідарам правых радыкалаў. За кошт выбуху на «Актоберфэсце» праект Хофмана, нібыта, быў дыскрэдытаваны, а сам ён неўзабаве сышоў з палітычнай сцэны.
Наступная версія праводзіць паралелі паміж выбухам на мюнхенскім «Актоберфэсце» і тэрактам у Балонні, дзе 2 жніўня 1980 года італьянскія неафашысты ўзарвалі на пероне вакзала 85 чалавек. Гэта было часткай плана «стратэгіі напружання», якая выклікала ў грамадстве запыт на паліцэйскі рэжым.
Лічыцца, што італьянскіх неанацыстаў курыравалі так званыя Stay-behind-Organisation (SBO) — створаныя пры NATO сакрэтныя арганізацыі ў Заходняй Еўропе. SBO былі элементам абароннай стратэгіі Альянсу, аднак часцяком, як у Італіі, умешваліся ва ўнутраны палітычны працэс.
У студзені 2014 года журналіст радыёстанцыі «Bayerischer Rundfunk» (BR) выявіў у файлах BND запісы пра тое, што ў 1980 годзе члены WSG размаўлялі з італьянскімі правымі экстрэмістамі ў арганізаваным SBO трэніровачным лагеры ў Ліване аб магчымых нападах у Федэратыўнай Рэспубліцы і Італіі. Удзельнікі гэтага лагера пазней былі падазраванымі ў нападзе ў Балонні. На думку BR, гэта дэманструе «дзіўныя паралелі» з атакай на «Актоберфэсце». Тым больш недалёка ад Мюнхена знаходзіўся таемны склад SBO, адкуль Кёлер мог атрымаць дэталі для бомбы.
Усе гэтыя новыя акалічнасці прымушаюць час ад часу аднаўляць следства. Апошні раз такое здарылася ў 2020-м, калі Федэральная пракуратура ў чарговы раз расследавала справу аб выбуху на «Актоберфэсце» і прыйшла да наступнай высновы: «Акцыя відавочна ўяўляла сабой праваэкстрэмісцкі тэрарыстычны акт, з дапамогай якога Кёлер збіраўся паўплываць на федэральныя выбары 1980 года. А менавіта — дапамагчы перамагчы кандыдату ад Хрысціянска-Сацыяльнага Саюза (CSU) Францу Ёзэфу Штраусу».
Як бачым, абсурдная версія пра псіхічна неадэкватнага тэрарыста-адзіночку ўжо неактуальная. Аднак комплекснай карцінкі таго, што здарылася 26 верасня 1980 года ў Мюнхене, да гэтага часу ўсё роўна няма. Хто зрабіў бомбу? Хто перадаў яе Кёлеру? Ці ведаў ён, што яму перадаюць менавіта бомбу? Пытанняў без адказаў занадта шмат, каб ставіць у справе аб тэракце на «Актоберфэсце» кропку. Зразумела, што следства будзе працягнута.
P.S. Што тычыцца цяперашняга «Актоберфэста», то тут ужо пастаўлены новы гістарычны рэкорд — кошт аднаго бакала піва цяпер складае 13 еўра.