948-мы дзень вайны. Расія ўдарыла па бальніцы ў Сумах — ёсць ахвяры

Раніцай 28 верасня расійцы нанеслі ўдар па бальніцы ў Сумах. Ёсць параненыя і загінулыя.

Фота Нацыянальнай паліцыі Украіны

Фота Нацыянальнай паліцыі Украіны

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі каля 12 гадзін 28 верасня паведаміў, што колькасць загінулых у Сумах у выніку расійскага ўдару вырасла да васьмі. Паводле яго слоў, выратавальная аперацыя працягваецца.

«Мае спачуванні сем'ям і блізкім. Адзінаццаць чалавек параненыя, са шпіталя эвакуяваныя 113 пацыентаў. Усім у свеце, хто кажа аб гэтай вайне, варта звяртаць увагу, куды б'е Расія. Яны ваююць з бальніцамі, грамадзянскімі аб'ектамі, жыццямі людзей. Супрацьстаяць гэтаму можа толькі сіла. Мір праз сілу — толькі гэта адзіны правільны шлях. Дзякуй усім, хто дапамагае нам на гэтым шляху», — напісаў прэзідэнт.

Паводле стану на 10:40 у Сумах у выніку расійскай атакі загінулі сем чалавек і яшчэ 12 — цяжка параненыя. Пра гэта паведамілі ў мясцовай адміністрацыі.

«Сёння, 28 верасня, раніцай вораг нанёс авіяцыйны ўдар па ўстанове аховы здароўя ў Сумах, ужыўшы БПЛА тыпу «Шахед». Папярэдне, ёсць пацярпелыя. На месцы працуюць усе неабходныя службы», — напісаў раней у сацсетках в.а. мэра горада Арцём Кабзар.

Літаральна праз некалькі хвілін Кабзар паведаміў, што адбыўся паўторны авіяцыйны ўдар. Расійцы накіравалі «Шахед» на жылы сектар.

Яшчэ раней у МУС Украіны заявілі, што колькасць загінулых складае шэсць чалавек.

«У выніку першага абстрэлу загінуў адзін чалавек, падвергнулася разбурэнням перакрыцце некалькіх паверхаў бальніцы. Пачалася эвакуацыя пацыентаў і персаналу. Для дапамогі людзям на месца абстрэлу прыбылі ратавальнікі і паліцэйскія. Тады ж, падчас эвакуацыі хворых, вораг зноў нанёс удар. Па стане на цяпер вядома пра шэсць загінулых, сярод якіх паліцэйскі. Яшчэ адзін паліцэйскі паранены», — гаварылася ў паведамленні.


Глядзіце таксама

Учора, 27 верасня, Расія ўдарыла ракетай па паліцэйскім упраўленні ў Крывым Рогу, сёння пад заваламі знайшлі цела чацвёртага загінулага. Пра гэта паведаміў старшыня Днепрапятроўскай АДА Сяргей Лысак.

«У Крывым Рогу пад заваламі ўражанага ракетай адмінбудынку выявілі цела мужчыны. Расійская атака забрала жыцці чатырох чалавек. Шчырыя спачуванні тым, хто страціў блізкіх», — напісаў ён у сацсетках.

Сёння раніцай кіраўнік МУС Ігар Кліменка паведаміў, што ў Крывым Рогу працягваліся пошукі на месцы ўчорашняга ўдару па будынку паліцыі, і паводле наяўнай тады інфармацыі, яшчэ адзін супрацоўнік мог быць пад заваламі.

27 верасня каля 9:15 расійскія захопнікі нанеслі ракетны ўдар па раённаму ўпраўленню паліцыі ў Крывым Рогу. У выніку траплення былі пацярпелыя і загінулыя. Разбурэнням падвергнуўся адміністрацыйны будынак, таксама былі пашкоджаныя прыватныя дамы, размешчаныя побач.

Па стане на вечар 27 верасня было вядома пра трох загінулых — дзвюх жанчын і мужчыну. Пошукавая аперацыя працягвалася, бо было вядома, што пад заваламі можа быць яшчэ адзін чалавек.


Глядзіце таксама

У ноч на 28 верасня Расія ў чарговы раз запусціла ракеты і дроны па Украіне. Падчас паветранай атакі сілам СПА Украіны ўдалося збіць дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты X-59/69 і 69 ударных БПЛА тыпу «Шахед». Пра гэта паведамілі Паветраныя сілы УСУ.

Агулам праціўнік запусціў дзве балістычныя ракетым «Іскандэр-М» з часовага акупаванага Крыма, дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59/69 з захопленай тэрыторыі Запарожскай вобласці, а таксама 73 «Шахеды» з раёнаў Курска, Прыморска-Ахтарска, Арла — РФ, мыс Чауда — Крым.

«Адбівалі паветраны напад авіяцыя, зенітныя ракетныя войскі, падраздзяленні РЭБ і мабільныя агнявыя групы паветраных сіл і сіл абароны Украіны», — дадалі ў паведамленні.

Паветраныя цэлі былі знішчаны ў Кіеўскай, Чаркаскай, Вінніцкай, Кіраваградскай, Ровенскай, Днепрапятроўскай, Запарожскай, Палтаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Херсонскай, Адэскай і Мікалаеўскай абласцях.

«Адзін беспілотнік паляцеў у кірунку Расіі, яшчэ тры — лакальна страчаныя на тэрыторыі Украіны», — адзначылі ва УСУ.

У той жа час начальнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко заявіў, што такая атака на Кіеў стала ўжо дзесятай з пачатку верасня. Паводле яго слоў, паветраная трывога ў сталіцы працягвалася амаль тры гадзіны. Чыноўнік падкрэсліў: «Як і амаль падчас усіх нападаў на працягу месяца, гэтай ноччу расійская армія зноў ужыла ўдарныя БПЛА. Папярэдне — без зменаў, тыя ж дроны «Шахеды». Яны былі запушчаныя з паўднёвага і паўночна-ўсходняга кірункаў. На Кіеў баражуючыя боепрыпасы пачалі заходзіць некалькімі хвалямі».

Папко дадаў, што блізу паўтара дзясятка расійскіх БПЛА, якія ляцелі на Кіеў, былі знішчаныя сіламі і сродкамі СПА. Паводле папярэдняй інфармацыі, адпаведныя службы зафіксавалі падзенне абломкаў у Абалонскім раёне горада, праз што было пашкоджана нежылое памяшканне.

«Інфармацыя аб пацярпелых не паступала. Даныя аператыўнай зводкі абнаўляюцца і ўдакладняюцца», — паведаміў начальнік КГГА.


Глядзіце таксама

Непасрэдна на фронце за суткі істотных зменаў не адбылося. На Пакроўскім кірунку, дзе трываюць найбольш гарачыя баі, населеныя пункты кругласутачна «пераходзяць з рук у рукі», але штодня, на кожным участку гэтага кірунку, хоць па адной вуліцы, украінскія абаронцы адбіваюць у акупантаў і робяць гэта вельмі ўдала. Пра гэта ў эфіры тэлемарафона распавёў камандзір 425-га асобнага штурмавога батальёна «Скала» маёр Юрый Гаркавы.

Ён адзначыў, што спектр усіх дзеянняў Узброеных сіл Украіны дае плён. «На сёння, за два тыдні вораг не прасунуўся. Наадварот, мы маем поспехі. Не буду з меркаванняў бяспекі казаць дзе менавіта. Але, упэўнены, што расійцы нават кіраўніцтву свайму не дакладваюць, што тыя населеныя пункты ўжо не іх», — распавёў абаронца.

Гаркавы акцэнтаваў: «Адбіваем не толькі вуліцы, але і населеныя пункты, праўда, невялікія. На сёння Наваградаўка, Мікалаеўка — гэта там, дзе вораг спрабуе інтэнсіўна дзейнічаць, мы яму збіваем патэнцыял і прасоўваемся».

Таксама, паводле яго слоў, расійцы там не валодаюць такім вялікім патэнцыялам, як гэта было нядаўна. Пры гэтым інтэнсіўнасць штурмаў акупантаў не паменшылася, але да пяхотных груп праціўнік прыцягвае значна меншую колькасць вайскоўцаў.

«Калі тыдзень таму ён яшчэ ішоў ад 20 да 40 чалавек на адну маю пазіцыю, то на сёння 3-6 яны сабралі. Але ўсё роўна ідуць. Гэта значыць, колькасць ўпала, але інтэнсіўнасць — не», — падкрэсліў ён.

Акрамя таго, сярод расійскіх акупантаў, якія за апошні тыдзень папоўнілі ўкраінскі абменны фонд у зоне адказнасці іх падраздзялення, прыкметна менш вайскоўцаў з прафесійным досведам. «Гэта значыць, калі гэта штурмавікі, то яны не такія дасведчаныя як былі раней», — дадаў ён.

Вайсковец мяркуе, што спектр усіх сродкаў, якія Сілы абароны Украіны падрыхтавалі расійскім акупантам, «зменіць сітуацыю цалкам і кардынальна», у прыватнасці, на Пакроўскім кірунку.

«На сёння трэба адсунуць ворага ад Пакроўска як мага далей — гэта я стаўлю сабе мэту і кіраўніцтва ставіць мне такія задачы», — рэзюмаваў Гаркавы.


Глядзіце таксама

Расійскія акупанты на ўсходнім фронце наступаюць на захад у напрамку ракі Аскол. Такім чынам захопнікі, верагодна, спрабуюць разрэзаць напалову ўкраінскую аператыўна-стратэгічную групоўку «Хорціца» ў гэтым раёне, што ўскладніць папаўненне войскаў і не дазволіць ім падтрымліваць адно аднаго.

Як піша Forbes, гэта расійцам вельмі дорага каштуе. Сяло Пясчанае на ўсход ад ракі яны захапілі яшчэ ў ліпені. Цяпер жа акупанты спрабуюць дабрацца да ракі каля вёскі Глушкаўка.

Так, у чацвер расійцы пайшлі ў наступ з прыкладна сотняй бронетэхнікі ў трох кірунках, абстрэльваючы ўкраінскія пазіцыі на поўнач і поўдзень ад выступу. Украінскія брыгады і батальёны, сярод якіх 77-я аэрамабільная брыгада, далі адпор беспілотнікамі, артылерыяй і супрацьтанкавымі ракетамі. На поўдні мяжу ўтрымлівала 92-я дэсантна-штурмавая брыгада, а 40-я артылерыйская брыгада знаходзіцца досыць блізка да Пясчанага, каб весці агонь па ворагу ў любым месцы выступу.

Страты захопнікаў былі вялікімі. 92-я брыгада заявіла аб знішчэнні 14 адзінак тэхнікі — тры танкі, пяць баявых машын БМП, бронетранспарцёр неўдакладненага тыпу, браніраваны цягач МТЛБ, тры грузавікі і гольф-кар.

77-я брыгада адбіла атаку праціўніка ў сваім раёне, але не ўдакладніла, колькі тэхнікі было спалена. На відэа бою, зробленым дронам, бачна па меншай меры шэсць абезрухоўленых і падпаленых машын, у тым ліку браняваныя танкі-чарапахі.

У цэлым акупанты страцілі прынамсі пятую частку сваіх транспартных сродкаў, што прытупіла наступ расійцаў у напрамку ракі Аскол і дало час мясцовым украінскім войскам для ўмацавання абароны. Аднак расійцы яшчэ могуць выйграць сваю бітву на гэтым участку фронту.

«Праціўнік неўзабаве выйдзе на левы бераг ракі Аскол на ўчастку Глушковка — Круглякоўка і падзеліць хорціцкі плацдарм на рацэ на дзве часткі», — прагназуюць ва ўкраінскім Цэнтры абаронных стратэгій.

Пры гэтым гэта можа быць яшчэ адна пірава перамога для іх — яны заваёўваюць пэўныя пазіцыі, але коштам вялікай колькасці тэхнікі і людзей, якія ўсё цяжэй замяніць.