Прахадны двор. Як Беларусь становіцца адстойнікам для расійскіх беспілотнікаў

Ужо некалькі месяцаў у беларускай паветранай прасторы рэгулярна з’яўляюцца расійскія дроны. З надыходам восені беспілотнікі пачалі залятаць у краіну значна часцей — нібыта птушкі з выраю. Што адбываецца, і чаму пра гэта маўчыць адзін сумна вядомы «гарант стабільнасці»?

Ілюстрацыйная выява. Фота: Узброеныя сілы Украіны

Ілюстрацыйная выява. Фота: Узброеныя сілы Украіны

У мінулыя выходныя неба на Беларуссю было не надта мірным. І ў суботу, і нядзелю медыя паведамілі пра прылёты расійскіх «шахедаў».

Спачатку стала вядома адразу пра восем расійскіх беспілотнікаў. Усе прыбылі з боку Украіны, дзе палае вайна. Але на беларускай тэрыторыі, згодна з наяўнымі звесткамі, кожны, так бы мовіць, паляцеў па сваіх справах. Частка кружыла ў Гомельская вобласці, частка — у Брэсцкай. А адзін — самы няўрымслівы — адправіўся ў Гродзенскую і амаль дасягнуў мяжы з Літвой.

У нядзелю стала вядома, што расійскі БПЛА ўсё ж трапіў з Беларусі ў шэнгенскую зону. Дрон заляцеў у Латвію і, знясілены, упаў у Рэзекненскім краі. У панядзелак выявілася трывожная падрабязнасць. Кіраўніцтва Нацыянальных узброеных сіл Латвіі распавяло, што «шахед» пераносіў выбухоўку. Паваліўся ён далёка ад населеных пунктаў, за ім сачылі латвійскія сілы супрацьпаветранай абароны, тым не менш для жыхароў краін Балтыі гэта кепская навіна.

Глядзіце таксама

Нявесела ад гэтага і галоўнаму «міратворцу» зямлі беларускай. Эксперты адзначаюць, што Лукашэнка перад «безвыбарамі» 2025 года зацята выстаўляе сябе ў вачах грамадства гарантам мірнага неба, а тут у гэтым небе раптам пачынаюць гойсаць некантраляваныя носьбіты выбухоўкі.

На мінулым тыдні, нагадаем, расійскія БПЛА лёталі над Гомелем, дык іх нават вырашылі збіць. Пашанцавала, абломкі ўпалі на нейкія нежылыя будынкі, невялікія пажары аператыўна патушылі. А калі б гэтае ваеннае жалеза трапіла ў шматпавярховік у населеным раёне другога горада Беларусі? Што б на гэта сказалі прадстаўнікі рэжыму?

Пакуль сказалі менш, чым не сказалі. У Мінабароны проста заявілі, што беспілотнікі былі збітыя руплівымі сіламі айчыннай СПА. Чые яны? Адкуль прыляцелі? Улады вырашылі, што гэтага беларусам ведаць не варта. Нібыта тыя самі не могуць разгадаць гэты сакрэт палішынеля.

А Лукашэнка тым часам маўчыць. Як з ім заўсёды бывае, калі пераканаўча схлусіць немагчыма, а праўда ўжо надта ў вочы коле.

Між тым пра прычыны дронавых «візітаў» здагадацца няцяжка. Калі не гуляцца ў канспіралогію, то, хутчэй за ўсё, гэта невымушаны «фрэндлі фаер». Значная частка вайны ва Украіне цяпер праходзіць у небе — і менавіта з удзелам БПЛА. Інтэнсіўнасць баявых дзеянняў заўважна ўзрасла, яны ўжо вядуцца і не расійскай тэрыторыі. То нядзіўна, што колькі-небудзь беспілотнікаў адхіляюцца ад курсу і залятаюць у Беларусь. Пераўтвараючы яе, натуральна, з «мірнага кавалачка зямлі» ў прахадны двор для замежных узбраенняў. Нешта стылістычна падобнае было, дарэчы, і ў лютым 2022-га, калі пуцінскія войскі ўварваліся ва Украіну з беларускай тэрыторыі як са сваёй.

Глядзіце таксама

Гэтыя бясконцыя дроны ў Беларусі сталі ці не галоўнай тэмай у незалежных медыя і экспертаў, і асноўнае пытанне тут, бадай, можна сфармуляваць так. Ці не пагражае гэта далейшай эскалацыяй, што можа зрабіць поўдзень краіны фактычна зонай баявых дзеянняў?

Адказ залежыць ад таго, якія планы ў Крамля адносна вайны — і пакуль, як выглядае, змяншаць атакі на Украіну пуцінскі рэжым не збіраецца.

Апошнім часам расійцы бамбяць украінскія гарады з вялікім імпэтам. Ляцяць ракеты, авіяцыйныя бомбы, беспілотнікі… Мірныя жыхары зноў гінуць дзясяткамі за раз. Улічваючы, што наперадзе зіма, Масква яўна чарговым разам паспрабуе «замарозіць» Украіну, каб дэмаралізаваць яе насельніцтва. То бамбаванне будзе працягнута.

Разам з тым УСУ працягваюць аперацыю ў Курскай вобласці. Трывае заходняя дапамога, прыходзіць новае ўзбраенне. Вось звесткі толькі за апошнія дні: ЗША перадаюць Кіеву чарговую падтрымку на 250 мільёнаў долараў, Швецыя — амаль на паўмільярда долараў, Германія — на 150 мільёнаў еўра, Велікабрытанія — на 160 мільёнаў фунтаў.

Да канца верасня Вашынгтон хоча накіраваць Украіне 6 мільярдаў долараў у межах заяўленая раней 60-мільярднай дапамогі. Аказваюць падтрымку і іншыя краіны. Так, Украіна па-ранейшаму саступае краіне-агрэсару ў колькасці зброі, але аказваць супраціў у нашых паўднёвых суседзяў атрымліваецца няблага.

Пры гэтым эксперты мяркуюць, што вайна ўсё бліжэй да мірных перамоваў. Што б ні казалі ў Маскве і Кіеве, але ваяваць — гэта цяжка і дорага. Не выключана, што перамаўляцца бакі — пры міжнародным пасярэдніцтве, вядома, — пачнуць пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, якія адбудуцца ў лістападзе.

Гэта значыць, што ў бліжэйшыя месяцы і Расія, і Украіна будуць імкнуцца максімальна ўзмацніць свае пазіцыі на фронце — і адпаведна ў будучых перамовах. Аперацыя УСУ ў Курскай вобласці, паводле меркавання многіх аналітыкаў, якраз на гэта і была скіраваная.

Іншымі словамі, наперадзе нас можа чакаць падвышэнне агульнага градуса супрацьстаяння. У пэўным сэнсе вырашальны этап вайны. Тая яе фаза, калі абодва бакі будуць змагацца з усіх наяўных сіл.

Глядзіце таксама

Зразумела, што ў такой сітуацыі ніхто ў бок Беларусі і Лукашэнкі глядзець не будзе. Для Кіева ён вораг, для Масквы — хаўруснік, але нахлебнік, баіцца хоць колькі вайскоўцаў даць у дапамогу пад Курскам. Яшчэ чаго, дбаць пра яго ў момант ісціны пад Пакроўскам.

Знешнія фактары складваюцца так, што залятаць у Беларусь расійскія «шахеды», імаверна, не перастануць. Цалкам магчыма, што іх стане болей. Дроны ўжо, як бачым, «падарожнічаюць» па ўсёй краіне, а некаторыя трапляюць на тэрыторыю НАТО. Дзе яны будуць падаць заўтра, цяжка сабе нават уявіць.

Увогуле што будзе далей, сказаць складана. Але трывог у беларускага дыктатара і яго паплечнікаў павінна стаць больш.