408-ы дзень вайны ва Украіне. Нашто РФ стварае роты «Штурм Z»?
Ці дамовіўся Макрон у Пекіне наконт міру ва Украіне з Сі Цзіньпінам? Калі пачнецца ўкраінскі наступ?
Расіяне раніцай абстралялі з артылерыі Станіслаў Херсонскай вобласці. Снарад трапіў у жылы дом, паранены тры чалавекі, у тым ліку двое дзяцей трох і дзесяці гадоў, паведамілі ў Офісе ўкраінскага прэзідэнта.
Раніцай расіяне абстралялі з артылерыі і мінамётаў горад Ачакаў і акваторыю Ачакаўскай абшчыны Мікалаеўскай вобласці. Два чалавекі паранены, адзін з іх у цяжкім стане. Таксама ў выніку абстрэлу адбыліся два пажары, якія былі аператыўна ліквідаваны.
Акрамя таго, РФ наносіла артылерыйскія ўдары па тэрыторыі Куцурубскай абшчыны, пацярпелых няма, паведаміла АВА.
У Мелітопалі ўвечары 6 красавіка чуліся выбухі. Мэр горада Іван Фёдараў удакладніў, што яны прагрымелі ў тым месцы, куды расіяне цягам чатырох дзён звозілі сваю тэхніку і асабовы склад.
У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў сем чалавек атрымалі раненні, у Данецкай вобласці адзін паранены, такую інфармацыю прыводзіць ваенная адміністрацыя.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ на раніцу 7 красавіка: асабовага складу — каля 177 110 (+480 за мінулыя суткі) чалавек.
Армія РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках — за мінулыя суткі адбіта больш за 40 нападаў праціўніка, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
У населеных пунктах Джанкойскага раёна Крыма расіяне прыцягваюць для будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў мясцовае насельніцтва. Паводле інфармацыі Генштаба УСУ, да інжынерных работ пераважна прыцягваюцца мужчыны, большасць з якіх — наркаманы і алкаголікі. Работнікам расійская адміністрацыя абяцала заплаціць, аднак грошы людзі не атрымліваюць наогул ці атрымліваюць не ўсю суму. Ёсць выпадкі, калі ашуканыя людзі адмаўляліся ісці на далейшае супрацоўніцтва, пасля чаго ўзброеныя расіяне сілай прымушалі іх капаць траншэі.
Брытанская выведка паведамляе, што Расія перакінула дадатковыя войскі ў раён Бахмута. Войскі РФ сталі больш эфектыўна выкарыстоўваць артылерыю і дасягаць пэўных поспехаў. Паводле аналітыкаў, у апошнія дні расійскія войскі аднавілі пэўны імпульс у бітве за Бахмут, а з канца сакавіка іх прасоўванне ў гэтым раёне ў значнай ступені затармазілася. Выведка мяркуе, што расіяне прасунуліся ў цэнтр горада і захапілі заходні бераг ракі Бахмутка.
Такім чынам, ключавы маршрут забеспячэння Украіны — дарога 0506 на захад ад горада — верагодна, знаходзіцца пад сур'ёзнай пагрозай. Таксама аналітыкі мяркуюць, што на мясцовым узроўні камандзіры ПВК «Вагнер» і Мінабароны РФ прыпынілі свой канфлікт і наладзілі супрацоўніцтва.
* * *
Расійскія тэхнічныя спецыялісты, якія працавалі ў Славакіі да 2022 года, маглі наўмысна пашкодзіць рухавікі славацкіх знішчальнікаў МіГ-29, якія пазней краіна вырашыла перадаць Украіне. Як паведаміў міністр абароны Славакіі Яраслаў Надзь, паліцыя нават праводзіла расследаванне на падставе такіх падазрэнняў. У рухавіках самалёта знаходзіліся часткі, да якіх мелі доступ славацкія спецыялісты, а былі часткі, да якіх мелі доступ толькі расіяне. Дэфекты з'явіліся толькі ў тых частках, да якіх мелі доступ спецыялісты з РФ.
* * *
У Бранскай вобласці двое расійскіх вайскоўцаў падарваліся на міне, адзін з іх загінуў, паведаміў тэлеграм-канал «Baza». Вайскоўцы адпрацоўвалі ўчастак побач з пасёлкам Запясочча, які знаходзіцца ля расійска-ўкраінскай мяжы. Аўтамабіль з вайскоўцамі наехаў на міну.
Паводле інфармацыі журналістаў, праз дзве гадзіны ў той жа раён (Пагарскі) нібыта паспрабавала зайсці група дыверсантаў. Каля вёскі Случаўск, якая таксама знаходзіцца недалёка ад мяжы, адбыўся бой, групу з 15 чалавек выціснулі на тэрыторыю Украіны.
* * *
Блінкен заявіў у інтэрв'ю «Funke», што контрнаступленне Украіны пачнецца ў найбліжэйшыя тыдні і Вашынгтон падтрымае дзеянні УСУ. Таксама ён перакананы, што рашэнне аб вяртанні Крыма павінна прыняць Украіна: «Украіна — дэмакратыя. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі нясе адказнасць за кіраўніцтва краінай, але ён павінен прыслухоўвацца да волі ўкраінцаў».
* * *
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што расійскае камандаванне стварае спецыялізаваныя падраздзяленні памерам з роту ў складзе перадавых фарміраванняў для ўдзелу ў гарадскіх баях. Кожная рота пад назвай «Штурм Z» ствараецца па-за структурай звычайных вайсковых часцей і, імаверна, фарміруецца з нованабраных рэзервістаў і пэўным чынам прымацоўваецца да існуючых палкоў і брыгад, адзначаюць аналітыкі.
Такімі ротамі могуць напаўняць часткі 8-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Паўднёвай ваеннай акругі і так званага 1-га армейскага корпуса «ДНР». Пры гэтым пакуль незразумела, як падраздзяленні «Штурм Z» упісваюцца ў расійскія камандныя структуры на ўзроўні батальёна і вышэйшым. Па прагнозах ISW, роты «Штурм Z» будуць дыслацыраваны перш за ўсё на лініі фронту Аўдзееўка — Данецк, дзе падраздзяленні Паўднёвай ваеннай акругі пастаянна вядуць беспаспяховыя наступальныя аперацыі.
* * *
У сакавіку расійскія вайскоўцы актыўна здаваліся ў палон украінцам, распавёў спікер дзяржаўнага праекта «Хачу жыць» Віталь Мацвіенка. Паводле яго слоў, усплёск зацікаўленасці праектам звязаны з чаканым контрнаступленнем УСУ, а таксама з павелічэннем страт сярод расійскіх войскаў і пагаршэннем маральна-псіхалагічнага стану ў арміі РФ.
Мацвіенка адзначыў, што расійскія вайскоўцы здаюцца ў палон па ўсёй лініі фронту, як па адным чалавеку, так і групамі, часцяком разам з тэхнікай. У сакавіку, паводле яго, быў зафіксаваны рэкорд зваротаў — больш за 3000. У кастрычніку і снежні 2022 года ў сярэднім фіксавалася 1400 — 1500 зваротаў штомесяц, а ў студзені — сакавіку колькасць узрасла да 2500.
* * *
«Forbes» падлічыў, што Расія з пачатку ўварвання выпусціла па Украіне каля 4750 ракет на 16 мільярдаў долараў. Таксама журналісты апублікавалі інфаграфіку з колькасцю ракет, якія засталіся.
* * *
У Белым доме настойваюць, што перамовы аб Украіне не могуць адбывацца без удзелу ў іх афіцыйнага Кіева, заявіў каардынатар Рады нацбяспекі Джон Кірбі. Так ён пракаментаваў інфармацыю ў СМІ пра тое, што Украіна нібыта гатова пры пэўных умовах весці перамовы з РФ адносна акупаванага Крыма.
«Толькі прэзідэнт Зяленскі можа вызначыць, ці гатовы, і калі ён гатовы весці перамовы, у якім кантэксце і пра што. Мы лічым, што не можа быць перамоў аб Украіне без Украіны», — заявіў Кірбі.
* * *
Макрон у рамках трохдзённага візіту ў Пекін сустрэўся са сваім кітайскім калегам Сі Цзіньпінам. Сустрэча доўжылася паўтары гадзіны і была «адкрытай і канструктыўнай», паведаміла прэс-служба Елісейскага палаца. Галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалі бакі, — магчымасць Кітая паўплываць на Расію для спынення вайны ва Украіне.
* * *
«Bloomberg» піша, што пасля расійскага ўварвання ўкраінскія алігархі страцілі актывы і палітычны ўплыў, праз што фактычна перасталі быць алігархамі. Аднак існуюць рызыкі з'яўлення новых. Еўрапейскі дыпламат распавёў агенцтву, што краіны G7 аказваюць ціск на ўкраінскія ўлады з патрабаваннем аднавіць рэформы і барацьбу з карупцыяй.
Паводле korrespondent.net, сацсетак, Украінскай службы РБК; www.unian.net