247-ы дзень вайны. Рускія сыходзяць з Херсоншчыны і рабуюць бальніцы ды прадпрыемствы

Што здарылася за ноч на вайне ва Украіне? Ноччу расіяне абстралялі Мікалаеў ракетамі. Разбураны будынак, пашкоджана новабудоўля і хлебапякарня, адзін чалавек паранены, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Віталь Кім.

photo_2022_10_27_13_26_21.jpg

Як распавёў Кім, удар быў здзейснены па Мікалаеву з зенітна-ракетнага комплексу С-300 каля 02:00 гадзін ночы: «У выніку ракетнага ўдару разбураны трохпавярховы адміністрацыйны будынак і пашкоджана шматпавярховая новабудоўля, што была размешчана побач. Таксама пашкоджанні атрымала пякарня. Адзін чалавек атрымаў лёгкія раненні», — паведаміў кіраўнік ваеннай адміністрацыі Мікалаеўскай вобласці.

Фота: наступствы абстрэлу Мікалаева ў ноч на 28 кастрычніка (Telegram)

Уначы расіяне абстралялі таксама тры грамады Днепрапятроўскай вобласці — пашкоджаныя жылыя дамы, а таксама перабітая лінія электрасеткі. Абышлося без ахвяраў.

Кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Валянціна Рэзнічэнка ў сваім Telegram паведаміў, што захопнікі атакавалі Нікапальскі раён з «Градаў» і цяжкай артылерыі: «У Нікапалі пашкоджаныя з дзясятак шматпавярховых і прыватных дамоў. Абарваныя лініі электраперадач».

Рэзнічэнка таксама распавёў, што расіяне абстралялі Марганецкую і Краснагрыгор'еўскую грамады. Там пашкоджаныя дамы, дачныя хаты і электрасеткі. Без святла знаходзяцца амаль 1000 сем'яў. Энергетыкі ўжо пачалі аднаўленчыя работы. На шчасце, у выніку начных удараў ніхто не пацярпеў.

«У іншых раёнах ноч прайшла пад гукі сірэны, але абышлося без абстрэлаў. І на гэтую хвіліну спакойна», — дадаў Рэзнічэнка. 

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі чацвёра мірных жыхароў — трое ў Бахмуте і адзін у Святагорску. Яшчэ дзевяць чалавек за ўчора атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

За суткі падраздзяленні ўкраінскіх сіл абароны адбілі атакі рускага войска ў раёнах населеных пунктаў: Андрэеўка, Белагораўка Луганскай вобласці; Бахмут, Бахмуцкае, Зеленаполле, Саледар, Маёрск, Мар’інка, Невельскае, Новабахмутаўка, Першамайскае, Якаўлеўка Данецкай вобласці, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

У Херсонскай вобласці рускія працягваюць «эвакуацыю». Вывозіцца медабсталяванне з лякарняў і маёмасць «нацыяналізаваных» прадпрыемстваў. Так, з Белазёркі абсталяванне мясцовай бальніцы вывозіцца ў акупаваныя Скадоўск і Генічаск. У той жа час рускія ўзмацняюць сваю групоўку на правабярэжнай частцы мабілізаванымі вайскоўцамі колькасцю да 1000 чалавек. Іх рассялілі ў дамах мясцовых жыхароў, якія пакінулі гэтыя тэрыторыі. 

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што Пуцін працягвае адпрэчваць ідэю ўкраінскага суверэнітэту, што несумяшчальна з перамовамі паміж РФ і Украінай, і мае на мэце знішчыць украінскую дзяржаву.

Еўрасаюз замарозіў расійскія актывы на суму 17,5 мільярда еўра, паведаміў спікер Еўракамісіі Крысціян Віганд. Ён адзначыў, што гаворка ідзе аб актывах 1350 чалавек і арганізацый, якія знаходзяцца ў санкцыйных спісах ЕС.

Вашынгтон сёння абвесціць аб пакеце вайсковай дапамогі для Украіны на 275 мільёнаў долараў, піша АР.

Кіраўнік Пентагона Лойд Осцін падчас прэзентацыі новай абароннай стратэгіі ЗША заявіў, што Расія з'яўляецца вострай пагрозай для ЗША і іх саюзнікаў. Ён пералічыў рызыкі, якія паступаюць ад Расіі: ядзерныя пагрозы, пагрозы крылатых ракет вялікай далёкасці, кібернетычныя і інфармацыйныя аперацыі, контркасмічныя пагрозы, хімічная і біялагічная зброя, падводная вайна і шырокія кампаніі ў шэрай зоне, накіраваныя, у прыватнасці, супраць дэмакратый.

Першыя сістэмы NASAMS будуць перададзеныя Украіне, як чакаецца, у пачатку лістапада, заявіў міністр абароны ЗША Лойд Осцін.

Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі паведаміў, што эксперты агенцтва ў бліжэйшыя дні наведаюць Украіну ў кантэксце расійскіх заяваў наконт «бруднай бомбы». Ён таксама сказаў, што МАГАТЭ ў бліжэйшыя тыдні адправіць экспертаў на Чарнобыльскую АЭС для ацэнкі сітуацыі з бяспекай. Гросі выказаў надзею, што ўстанаўленне зоны бяспекі ў Запарожскай АЭС — гэта «пытанне дзён».

Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце паведаміў, што за двое сутак расіяневыпусцілі па Украіне больш за 30 дронаў, 23 з якіх збілі. Усяго ад пачатку поўнамаштабнай вайны Расія здзейсніла 4500 ракетных удараў і больш за 8000 авіяналётаў.