Мэта Пуціна — знішчыць украінскую дзяржаву

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін працягвае адпрэчваць ідэю суверэнітэту Украіны, што ў корані несумяшчальна з магчымасцю паўнавартасных мірных перамоваў. Да такой высновы прыйшлі эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) у штодзённай зводцы.

56ceb6d2555dd75c488ee33b.jpeg

Уладзімір Пуцін у сваім выступе на пасяджэнні дыскусійнага клуба «Валдай» у чацвер, 27 кастрычніка, працягнуў адпрэчваць ідэю суверэнітэту Украіны. Ён заявіў, што «адзінай рэальнай гарантыяй украінскага суверэнітэту» можа быць толькі Расія, якая «стварыла» Украіну. Пуцін паўтарыў, што гэта — «гістарычны факт», што ўкраінцы і рускія — па сутнасці адзін народ, які быў памылкова падзелены на розныя дзяржавы.

Заявы Пуціна адпрэчваюць той юрыдычны факт, што Украіна з'яўляецца цалкам суверэннай дзяржавай, што Расійская Федэрацыя прызнала суверэнітэт Украіны і што ўкраінскі народ існуе як асобная нацыя, адзначае ISW.

Паўтарэнне Пуціным ідэі аб тым, што Украіна і Расія — адзіны народ, падзелены на розныя дзяржавы з-за гістарычных абставін, сведчыць пра яго мэту знішчыць украінскую дзяржаву і сцерці паняцце ўкраінскага народа.

Падчас адказаў на пытанні Пуцін дадаў, што «калі нейкая частка гэтага адзінага этнасу ў нейкі момант вырашыць, што яна дасягнула такога ўзроўню, што лічыць сябе асобным народам, то на гэта можна будзе адказаць толькі павагай».

Шматлікія ўмоўнасці ў гэтым каментары падкрэсліваюць непрыманне Пуціным ідэі аб тым, што ў цяперашні час існуе якая-небудзь незалежная ўкраінская нацыянальная ідэнтычнасць, — робяць выснову эксперты.

Паводле ВВС