З'ехалі, зніклі, пераабуліся: што стала з беларускімі футбалістамі, якія выступілі супраць гвалту?
У 2020 годзе ў відэазваротах прадстаўнікі многіх прафесій і супольнасцей выказваліся супраць гвалту. Футбалісты не засталіся ўбаку. «Тр*буна» расказвае, дзе яны цяпер і што з імі стала.
У верасні 2020-га, праз месяц пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, масавых мірных пратэстаў у адказ і жорсткага гвалту ад карнікаў рэжыму Лукашэнкі, беларускія футбалісты ўсё ж наважыліся асудзіць хаця б гэты самы гвалт. Тады многім, у прыватнасці, падпісантам ліста за сумленныя выбары, ролік ад белфутбола падаўся прэсным і бяззубым, піша «Тр*буна». Аднак нават за такое праз гады рэжым вырашыў пакараць — але, як мы ўбачым ніжэй, выбарча.
У асобным відэа 2,5 гады таму зняліся 97 на той момант дзеючых футбалістаў (плюс адзін, які тады ўжо скончыў кар'еру). І палова з іх проста да гэтага часу гуляюць у ЧБ, прычым 21 чалавек працягваюць выступаць у вышэйшай лізе. Яшчэ 14 гульцоў застаюцца ў Д2, а восем пыляць у другой лізе. Ролі ў камандах зусім розныя: ад незаменных да глыбокіх запасных, але дакладна няма забароны на прафесію.
Сярод такіх гульцоў ёсць і тыя, хто перад гэтым сезонам трапіў у «чорны спіс» — лукашэнкаўскае міністэрства спорту дадало туды таксама прыкладна палову ўдзельнікаў відэа (па якім прынцыпе адбіралі — загадка). Некаторыя гульцы праз такое проста змянілі краіну (нехта ўжо і так гуляў за мяжой), кагосьці беларускія клубы абаранілі, а вось яшчэ 14 чалавек усё яшчэ завіслі ў чаканні: ім абяцаюць рэжымную «камісію», якая можа «дазволіць» вярнуцца, але пасяджэнне ўсё ніяк не адбудзецца.
За мяжой цяпер гуляюць крыху больш удзельнікаў відэа, чым тых, хто чакаюць рашэння «камісіі». Васьмёра зарабляюць футболам у гасцінным на сёння для беларускіх гульцоў Казахстане, ёсць прадстаўнікі ў элітных лігах іншых краін. Яшчэ сем чалавек выступаюць у глыбокім польскім або нямецкім міноры, дзе звычайна трэба паралельна мець нейкую іншую крыніцу даходу. Але, напрыклад, Арцём Васькоў знайшоў яе ў тым жа клубе, дзе гуляе: стаў там дзіцячым трэнерам.
Восем удзельнікаў таго відэа ўжо скончылі кар'еру. Для некаторых гэта было выйсце з-пад ціску сістэмы, якая пачала згадваць ролік. Хтосьці аб'яўляў пра сыход афіцыйна, а ў кагосьці пра гэта сведчыць толькі кароткае ўказанне на сайце статыстыкі. Наймаладзейшаму з гульцоў на момант завяршэння выступленняў было 24 гады. Пасля кар'еры заняткі ў людзей розныя: сярод варыянтаў ёсць не толькі звыклае трэнерства, але і спроба стварыць невялікі бізнэс па дастаўцы прадуктаў, і праца ў музычнай сферы ў іншай краіне.
Яшчэ 12 з тых, хто здымаўся ў відэа, цяпер не лічацца ні ў адным клубе — хтосьці з канца мінулага сезона, але некаторыя і больш за год. Застаецца незразумелым, ці думаюць яны вярнуцца. Пра многіх гульцоў цяпер няма аніякай інфармацыі. Зрэшты, мяркуючы па сацсетках некаторых, у іх і без футбола ўсё ў парадку. Самы цікавы выпадак — экс-гулец ЧБ з'ехаў у экзатычную для Беларусі краіну і знайшоў там сабе жонку, пра што і посціць шчаслівыя фота.
Былі сярод удзельнікаў відэа супраць гвалту і тыя, хто пазней змяніў пазіцыю. У 2021-м пяцёра такіх гульцоў з'явіліся ў спісах падпісантаў прарэжымнага ліста. Была спроба растлумачыць гэта неабходнасцю «выратаваць клуб»: камандам ЧБ без пэўнай колькасці падпісантаў адмаўляліся выдзяляць грошы з дзяржбюджэту, — але больш гэта выглядала спробай захаваць свой заробак. Сёння дапамагае не ўсім: футбалісты з гэтай катэгорыі ёсць і ў ліку тых, хто чакае «камісіі».
Двое футбалістаў з відэа пазней дзеля працягу кар'еры ў Беларусі зняліся ў зусім іншых роліках. Год таму піянерам стаў Аляксандр Сачыўка: дзеля кантракту з мінскім «Дынама» паўтарыў на камеру адпаліраваную асабіста Сяргеем Кавальчуком оду рэжыму.
А перад гэтым сезонам расказаў прапагандыстам пра ўплыў на сябе ў мінулым «дэструктыўных каналаў» і пра тое, што «сёння сваё меркаванне змяніў», гулец «Тарпеда-БелАЗ» Анатоль Макараў. У заяўку на сезон яго ў выніку ўнеслі, але вось у ростар на матчы ў Дзмітрыя Молаша паўабаронца практычна не трапляе.
Ну а яшчэ трое ўдзельнікаў відэа супраць гвалту — сёння фігуранты справы «Шахцёра», які быў звінавачаны ў подкупе і стымуляванні іншых каманд у ЧБ-2022. У прыватнасці, выступаў у верасні 2020-га з гуманістычнай пазіцыі Дзмітрый Гомза, які нібыта забяспечыў патрэбны супернікам вынік, гуляючы за «Белшыну» ў 30-м туры ЧБ у Салігорску. Цяпер Гомза аб'яўлены персонай нон грата ў белфутболе.