Траты пад мільён долараў і мутныя перспектывы: як выжывае акадэмія беларускага футбола
Пасля 2020 года сонца беларускага спорту пачало закочвацца за гарызонт, а разам з ім — і ўсе планы спартыўных функцыянераў. «Тр*буна» расказвае, як сёння сябе адчувае АБФФ, на якую ў белфутболе былі вялікія спадзевы.
З года ў год беларускія футбольныя спецыялісты і трэнеры паўтараюць, што для дасягнення прыстойных вынікаў у дарослым спорце трэба вырашыць пытанні на дзіцяча-юнацкім узроўні: змяніць падыходы, выбудаваць сістэму — і толькі тады можна чакаць перамог сярод дарослых. У асноўным такія размовы не вядуць ні да якіх канкрэтных дзеянняў, але ў сярэдзіне 2010-х усё ж была спроба нешта змяніць кардынальна. Федэрацыя футбола стварыла акадэмію футбола, каб прапускаць праз яе самых таленавітых беларускіх гульцоў-падлеткаў. Гэты праект, які сустрэў цёплую рэакцыю з боку УЕФА, дзейнічае (так, да гэтага часу) ужо амаль 8 гадоў.
«Тр*буна» даведалася, як і чым жыве акадэмія сёння.
Запусцілі ў сярэдзіне 2010-х, Вяргейчык выступаў за закрыццё праекта
Яшчэ летам 2014-га на сумесным пасяджэнні Мінспорту Лукашэнкі і АБФФ было аб'яўлена, што з новага навучальнага года на базе Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву (РВАР) пачне функцыянаваць футбольная акадэмія. Меркавалася, што ў Мінску ў адным месцы збярэцца каля двух дзясяткаў гульцоў з усёй краіны 2000-2001 гадоў нараджэння. Тагачасны першы намеснік старшыні футбольнай федэрацыі Сяргей Сафар'ян гаварыў, што гэты калектыў можа стаць базавым для зборнай Беларусі, якая будзе змагацца за права ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях-2020 і 2024.
У выніку пробную каманду сфармиравалі з футбалістаў толькі 2000 года нараджэння, кіравалі ёю АляксейВяргеенка і Кірыл Альшэўскі. Трэнеры імкнуліся адбіраць самых перспектыўных футбалістаў, але з упорам на перыферыю — усё ж там умовы падрыхтоўкі адрозніваюцца ў горшы бок ад сталічных.
Праект функцыянаваў пад наглядам куратараў з акадэміі амстэрдамскага «Аякса». Дагавор з клубам быў заключаны на тры гады. АБФФ атрымала спецыяльную праграму навучання, за яе рэалізацыяй сачылі нідэрландскія спецыялісты, перыядычна прыязджаючы ў Мінск. Супраца з «Аяксам» каштавала АБФФ 35 тысяч еўра.
— Акадэмія «Аякса» — адна з вядучых у Еўропе па падрыхтоўцы элітных маладых футбалістаў ад 16 да 19 гадоў, — гаварыў у 2015-м Сафар'ян. — У чэрвені 2014-га мы з'ездзілі ў Амстэрдам. Нашы нідэрландскія партнёры дапамаглі з перамовамі і паспрыялі добразычліваму стаўленню з боку «Аякса». Нам паказалі ўсё — нават пусцілі на закрытую трэніроўку галоўнай каманды. Атрыманая інфармацыя задаволіла — мы заключылі дамову на тры гады.
Пра пачынанне АБФФ ведалі ва УЕФА, і Мішэль Плаціні падчас аднаго з прыездаў у Мінск запэўніў, што Беларусь у найбліжэйшай будучыні будзе ўключана ў праграму дапамогі не самым футбольным краінам, якая прадугледжвала фінансавую і метадычную падтрымку па падрыхтоўцы маладых футбалістаў. З ліпеня 2015 года наша краіна сапраўды стала ўдзельніцай праекта УЕФА. У адпаведнасці з яго патрабаваннямі неабходна было сабраць яшчэ дзве каманды (2001 і 2002 гадоў нараджэння).
У самой акадэміі менавіта той перыяд лічаць пачаткам паўнавартаснай гісторыі праекта: некалькі ўзростаў, трэнеры, перспектывы. Адзінае, заставалася вырашыць пытанні з размяшчэннем. Да будаўніцтва тэхнічнага цэнтра АБФФ (будынак знаходзіцца ў Вяснянцы побач з Домам футбола і прызначаны для пражывання розных зборных) хлопцы жылі ў інтэрнаце РВАР і аздараўленчым лагеры Мінгарвыканкама «Лідар». Толькі пасля здачы тэхцэнтра, ужо ў другой палове 2016-га, каманды 2001 і 2002 гадоў нараджэння пераехалі да Дома футбола, а калектыў 2000-га застаўся ў інтэрнаце РВАР.
Група 2000 года нараджэння працавала пад кіраўніцтвам трэнераў вучылішча алімпійскага рэзерву, 2001-м годам займаўся Альшэўскі, 2002-м — Міхаіл Мархель. Але першай камандай, якая прайшла ўсе чатыры гады паўнавартаснага навучання ў акадэміі, стаў калектыў менавіта Мархеля.
Цікава, што той выпуск цяпер у вялікім футболе прадстаўлены літаральна адзінкамі. Навідавоку, напрыклад, Аляксей Шалашнікаў, які выступае за «Славію», але належыць БАТЭ. Пад кіраўніцтвам Аляксея Багі ў «Шахцёры» працуе Андрэй Макаранка. За «Мінск» стабільна выходзіць Кірыл Забелін. Астатнія ці скончылі кар'еру, ці перайшлі ў міні-футбол, ці з'ехалі за мяжу, дзе бегаюць у глыбокім міноры.
Акадэмія функцыянуе дагэтуль, хаця намаганнямі ўжо былога першага намесніка старшыні АБФФ Юрыя Вяргейчыка некалькі гадоў таму магла спыніць існаванне. Функцыянер хоць на словах і рупіўся пра развіццё маладых гульцоў, аднак лічыў, што іх павінны рыхтаваць клубы ў рэгіёнах, а вось «Акадэмія футбола АБФФ» менеджару была не даспадобы.
Паводле інфармацыі «Тр*буны», некалькі гадоў таму Вяргейчык хацеў закрыць праект, які быў адзначаны на ўзроўні УЕФА, і адправіць дзяцей у рэгіянальныя клубныя школы. Праз гэта трэнеры акадэміі АБФФ нейкі час знаходзіліся ў няведанні наконт таго, ці будзе праводзіцца новы набор. Але праект усё ж працягнуў існаванне. Вырашальным фактарам на яго карысць стала тое, што істотную частку фінансаў на акадэмію федэрацыя атрымлівала ад УЕФА. Блізкія да Дома футбола спецыялісты адзначалі, што закрыццё акадэміі, напэўна, выклікала б здзіўленне ў еўрапейскім офісе.
І што цяпер? Вяргейчыка з пасады прыбралі і панізілі да кіраўніка федэрацыі футбола Мінска, а акадэмія АБФФ функцыянуе.
Як жыве зараз акадэмія: тры ўзросты, дзясятак трэнераў і траты пад мільён долараў
За час існавання акадэміі ў АБФФ працавалі трое кіраўнікоў. Пачыналася ўсё пры Сяргеі Румасе, працягнулася пры Уладзіміры Базанаве, цяпер пасаду займае Мікалай Шарснёў.
У самой акадэміі за некалькі апошніх гадоў таксама адбыліся змены ў кіраўніцтве. Яшчэ нядаўна яе ўзначальваў падпісант ліста за Лукашэнку Уладзімір Карыцька. Прыйшоў ён у акадэмію пасля няўдалай кваліфікацыі на Еўра-2020 са зборнай Беларусі U-19, галоўным трэнерам якой з'яўляўся. Па сутнасці, на новай пасадзе Карыцька адказваў за працу трэнераў груп падрыхтоўкі юных футбалістаў. Пратрымаўся на пасадзе ён да пачатку 2022-га, а сышоў праз амбіцыі, якія сыгралі з ім злы жарт. Карыцька вырашыў, што час замахнуцца на высокія пасады ў АБФФ — напрыклад, на пасаду першага намесніка старшыні. З гэтай ідэяй ён схадзіў да так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука. Але той парыву не ацаніў, тым больш тады яшчэ Кавальчук і Вяргейчык (якраз ён і быў першым намеснікам Базанава на той момант) сябравалі. У выніку Вяргейчык застаўся, а Карыцьку прымусілі сысці з акадэміі на пачатку 2022-га.
Некаторы час праект заставаўся без галоўнага трэнера, усімі працэсамі кіраваў начальнік тэхцэнтра Дзмітрый Касянок. Галоўны трэнер з'явіўся ў лютым мінулага года — ім стаў 38-гадовы Дзмітрый Караткевіч. У белфутболе гэта фігура не самая вядомая: прафесійную кар'еру завяршыў у 22 гады, пагуляць паспеў толькі за РВАР, «Баранавічы» і «Верас», а скончыўшы, прысвяціў сябе трэнерскай працы з дзецьмі. Трэніраваў у розных школах — мінскага «Дынама», ФШМ, мядзельскай «Strong», салігорскага «Шахцёра». Узначальваў зборную Беларусі U-16, з якой заняў другое месца на «Кубку развіцця-2022». Неўзабаве пасля гэтага і стаў галоўным трэнерам акадэміі АБФФ.
Першы час Караткевіч на новай пасадзе нічым асаблівым не вылучаўся, але бліжэй да канца вясны 2022-га разгарнуў актыўнасць. І шмат што рабіў па ўказцы Вяргейчыка, з якім перасякаўся яшчэ ў Салігорску. Напрыклад, у акадэміі здарылася некалькі трэнерскіх адставак, якія кіраўнікі патлумачылі «аптымізацыяй матэрыяльных рэсурсаў».
З падачы Караткевіча не быў працягнуты кантракт з двухразовым чэмпіёнам Беларусі Аляксандрам Шагойкам, які да таго працаваў з камандай 2005 года нараджэння. Сваё месца, прычым разам з памочнікамі, страціў экс-трэнер маскоўскага «Лакаматыва», мінскага «Дынама» і іншых клубаў Сяргей Кабельскі. У акадэміі ён адказваў за падрыхтоўку дзяцей 2007 года нараджэння. Літаральна за некалькі дзён да звальнення Кабельскі з калектывам выйграў чэмпіянат Беларусі.
Астатнія трэнеры ў акадэміі чакалі, ці не напаткае і іх такі ж лёс. Аднак пра новыя трэнерскія перастаноўкі за мінулы год інфармацыі не паступала.
Цяпер на базе акадэміі займаюцца групы трох узростаў: хлопцы 2006, 2007 і 2008 гадоў нараджэння. Усяго — каля 60 чалавек, з якімі працуе дзясятак трэнераў: галоўны, яго памочнік, па два трэнеры брамнікаў на кожную групу. Дадаць сюды можна медыкаў і масажыстаў. Адбор у акадэмію праходзіць штогод, тэрмін навучання — тры гады. Пачынаецца навучальны год у верасні.
Групу 2008 года вядзе чэмпіён Беларусі-2000 у складзе «Славіі» Валерый Апанас. Юнакоў 2007 года трэніруе Дзмітрый Караткевіч. А вось з 2006 годам працуе Павел Яўсеенка, які ў свой час браў Кубак і Суперкубак Беларусі з «Гомелем».
— У канцы лета, бліжэй да навучальнага года, запрашаем футбалістаў у Мінск, дзе на палях акадэміі яны трэніруюцца, знаёмяцца з умовамі і зноў спрабуюць праявіць сябе з лепшага боку. Па выніках збору трэнерская рада прымае рашэнне пра залічэнне самых годных у чальцы акадэміі. У ідэале імкнёмся да таго, каб аснову нашых каманд складалі рабяты з невялікіх мястэчкаў і раённых цэнтраў, якія з'яўляюцца кандыдатамі ў юнацкія зборныя па сваіх узростах. Даём ім шанец і дапамагаем пабудаваць прафесійную кар'еру, прынесці карысць краіне, — расказваў Касянок.
Падлеткі трэніруюцца на палях федэрацыі, жывуць у тэхцэнтры. Да іх паслуг — натуральныя і штучныя палі, трэнажорная зала, саўны і басейн, паслугі псіхолага і рэабілітолага. Жывуць гульцы пад наглядам старшага выхавацеля, які сочыць за дысцыплінай.
Усе правы на футбалістаў захоўваюць клубы, з якіх яны прыехалі. Акадэмія, груба кажучы, бярэ спартсменаў у арэнду, каб пасля вярнуць у ФК.
— Федэрацыя не мае права і не прэтэндуе на тое, каб падчас яго [футбаліста] знаходжання ў акадэміі заключаць з кім-небудзь кантракты. Гэта права застаецца толькі за клубам, які дэлегаваў маладога чалавека, — расказваў Сафар'ян у 2015 годзе. Прынцыпы з таго часу не памяняліся.
Цікава, што да нядаўняга часу ў тэхцэнтры было ўсяго дзве групы падрыхтоўкі, яшчэ дзве базіраваліся ў РВАР. Аднак, калі ў 2021 годзе ўлады выключылі футбол з прыярытэтных відаў спорту, футбольнае аддзяленне ў вучылішчы алімпійскага рэзерву было закрыта. Групы старэйшых узростаў пераехалі ў акадэмію АБФФ. Самых дарослых федэрацыя выпусціла (хлопцы раз'ехаліся па клубах) і вырашыла пакінуць толькі тры ўзросты — у тым ліку з эканамічных прычын.
Паводле інфармацыі «Тр*буны», на ўтрыманне акадэміі АБФФ траціць каля двух мільёнаў рублёў на год (у раёне 800 тысяч долараў па цяперашнім курсе). Грошы ідуць на заробкі трэнераў, утрыманне тэхцэнтра, харчаванне (сняданак і абед у гульцоў у школе, а падвячорак і вячэра — у акадэміі), экіпіроўку для футбалістаў. Таксама закладзены выдаткі на дастаўку гульцоў у школы Мінска і назад у акадэмію. Адбіраюць футбалістаў па ўсёй Беларусі, найлепшыя прыязджаюць у сталіцу, тут жывуць і вучацца ў школах, з якімі АБФФ заключае дамовы на фарміраванне спецыяльных класаў.
Грошы на акадэмію АБФФ дае са свайго бюджэту, які практычна на 100 працэнтаў фарміруецца з паступленняў ад УЕФА. Ужо з дзясятак гадоў бюджэт федэрацыі вагаецца ў межах 10-12 мільёнаў долараў на год. Дарэчы, можна дадаць, што яшчэ некалькі гадоў таму фінансава дапамагаў федэрацыі «Беларуськалій». Але калі функцыянеры ў АБФФ пачалі свае эксперыменты з фінансавымі і ўзроставымі лімітамі, кіраўнік кампаніі Іван Галаваты адмовіўся падтрымліваць федэрацыю, і тая ў выніку страціла каля мільёна долараў штогадовых паступленняў.
Больш падрабязна пра АБФФ чытайце на «Тр*буне».