«Свабодныя спартсмены» Канстанцін Якаўлеў, Андрэй Краўчанка і Яна Максімава пакінулі Беларусь

Такое рашэнне яны прынялі з меркаванняў бяспекі.

jakovlev210616_xjv5w_vestl_hbwul.jpg

Трэнер гандбольнага «Віцязя», актывіст «Свабоднага аб'яднання спартсменаў» Канстанцін Якаўлеў пакінуў Беларусь і выехаў ва Украіну, паведамляе «Наша Ніва».

У чэрвені ён адбыў 15-сутачны арышт. Прычым яго затрымалі 16 чэрвеня, калі ён разам з іншымі спартсменамі вяртаўся ў Мінск з Баранавічаў, дзе сустракаў журналіста Tribuna.com Дзмітрыя Руто, які таксама адбыў арышт у 15 сутак.

Да гэтага Якаўлеў прымаў удзел у мірных маршах пратэсту, а таксама каментаваў падзеі, якія адбываліся ў Беларусі пасля выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года.

Мнагаборка Яна Максімава і яе муж лёгкаатлет Андрэй Краўчанка таксама вырашылі не вяртацца ў Беларусь і застацца ў Германіі.

aux_1612359983_yana_maksimova_andrey_kravchenko_semya.jpg

«Доўга думаючы і разважаючы, мы прынялі рашэнне не вяртацца ў Беларусь. На вялікі жаль, цяпер там можна страціць не толькі волю, але і пазбавіцца жыцця... Тут ёсць магчымасць дыхаць на поўныя грудзі і быць адным з тых хто змагаецца за свабоду сваіх людзей, сяброў, родных і блізкіх. Мы абавязкова пераможам.

P.S. Вельмі спадзяюся, што мая спартыўная кар'ера працягнецца. І ў мяне будзе магчымасць трэніравацца і выступаць, рыхтавацца да наступных Алімпійскіх гульняў», — цытуе Яну Максімаву «Трыбуна» са спасылкай на яе старонку ў інстаграме.

Андрэй Краўчанка таксама ўдзельнічаў у пратэстах у мінулым годзе і трапляў на «суткі».