СМІ: Ціманоўская паляцела з Токіа ў Вену

Беларуская бягуха Крысціна Ціманоўская села на рэйс Токіа-Вена. Ён ужо вылецеў з японскай сталіцы, паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў аэрапорце.

Крысціна Ціманоўская

Крысціна Ціманоўская


Агенцтва піша, што па непацверджаных дадзеных рашэнне змяніць рэйс было прынята супрацоўнікамі польскай амбасады, якія суправаджалі спартсменку, з-за таго, што рэйсам на Варшаву збіраліся ляцець журналісты. Раней меркавалася, што сёння Ціманоўская вылеціць прамым рэйсам у польскую сталіцу. У яе ўжо ёсць польская віза, перадае REFORM.by.

Reuters паведамляе, што Крысціна Ціманоўская скарысталася рэйсам Austrian Airlines. Ён павінен прызямліцца ў Вене ў другой палове дня. Са спасылкай на прадстаўніка беларускай абшчыны ў Японіі, які кантактаваў са спартсменкай, агенцтва піша, што рэйс змянілі польскія дыпламаты з меркаванняў бяспекі.

У аэрапорт Ціманоўская прыехала ў суправаджэнні паліцыі. Яна прайшла ў VIP-зону, не стаўшы адказваць на пытанні журналістаў.

Нагадаем, беларуская бягуха Крысціна Ціманоўская раскрытыкавала кіраўніцтва лёгкаатлетычнай зборнай на Алімпійскіх гульнях, калі даведалася, што яе паставілі бегчы эстафету 4 па 400 метраў без яе ведама. НАК заявіў, што яна адхіленая ад удзелу ў гульнях праз эмацыйна-псіхалагічны стан. 1 жніўня Ціманоўскую спрабавалі адправіць з Токіа ў Беларусь, але спартоўка адмовілася з’язджаць і ў аэрапорце звярнулася да японскай паліцыі. Яна сказала, што баіцца вяртацца на радзіму. Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў рашэнне пачаць афіцыйнае расследаванне інцыдэнту.