Незвычайна фантастычныя. «Крумкачы», якія ўзрушылі беларускі футбол
Беларускі футбол — гэта краіна ў мініяцюры. Іранічна яго называюць спаборніцтвам гарвыканкамаў, паколькі бюджэты амаль усіх клубаў напаўняюцца з дзяржаўнай казны і, адпаведна, многае залежыць ад лаяльнасці чыноўнікаў на месцах. Але ёсць адно яскравае выключэнне — «Крумкачы».
Каманда, якую сама сітуацыя змушае называць народнай.
Нават гісторыя яе стварэння выглядае так, што знарок не прыдумаеш. Як нейкі апокрыф, дагэтуль не зразумелы і не асэнсаваны закарэлай сістэмай.
Фармальна месцам нараджэння клуба можна лічыць форум папулярнага спартыўнага рэсурсу pressball.by. Менавіта на гэтай пляцоўцы пазнаёміліся будучыя заснавальнікі клуба — людзі розных прафесій, сфер дзейнасці, ды і проста ўзросту. Агульнае ў іх было толькі адно — цікавасць да беларускага футбола, пра які яны жыва дыскутавалі. Карацей, напачатку было слова — і вось як цудоўна яно потым матэрыялізавалася.
Узнікненне
Рашэнне выйсці за межы форуму выспела ў 2014 г. Так з’явіўся аматарскі праект без пэўных перспектыў і гандлёвая марка «Крумкачы» (назву спецыяльна прыдумалі з беларускім гучаннем). Спартыўныя мэты былі толькі асабістыя: заснавальнікі самі хацелі згуляць хаця б па некалькі матчаў у другой лізе чэмпіянату Беларусі. Гэта ліга аматарская, заяўку туды можа адправіць любая юрыдычная асоба. Пры мінімальных, что важна, фінансавых гарантыях.
Праз знаёмствы і праз трэція рукі «Крумкачы» сабралі які-ніякі бюджэт, а з ім — і прыстойны склад для падобнага ўзроўню. Такі, што мара заснавальнікаў — засвяціцца на полі — для некаторых з іх адразу адышла на другі план. Турнірныя апетыты саспелі не адразу, але ў нейкі момант стала зразумела, што ёсць рэальная перспектыва замахнуцца на больш высокі ўзровень і, адпаведна, стаць прафесійнай камандай. Вышыня была ўзятая з прыгодамі, але ўсё ж «Крумкачы» зарабілі пуцёўку ў першую лігу.
Тады яны яшчэ не былі «народнай камандай» у поўным сэнсе гэтых слоў, але ўжо сталі з’явай у беларускім футболе. Асабліва на фоне іншых каманд першай лігі, якія жывуць па прынцыпе «абы не было вайны». Для атрымання і размеркавання бюджэтных сродкаў ім дастаткова проста ўдзельнічаць. Барацьба за высокія месцы не ўваходзіць у іх планы — на чарку і шкварку хапае, то і добра.
«Крумкачы» зробленыя з іншага цеста. Яны жывуць на прыватныя сродкі — ад заснавальнікаў і спонсараў, — і хочуць мець з таго эфект. Хай не камерцыйны, хай сацыяльны — ці проста атрымліваць асалоду, але ж грошы не казённыя, іх нельга закопваць у зямлю. Таму і ў першай лізе «Крумкачы» адразу паставілі перад сабой напалеонаўскую задачу: падняцца яшчэ на адну прыступку вышэй. Яны не маглі прапанаваць футбалістам зайдросныя фінансавыя ўмовы, але прапанавалі амбітную мэту, светлую мару і добрую прэсу. У камандзе сабраліся гульцы, многіх з якіх ужо спісалі з футбола. Некаторыя нават паспелі змяніць прафесію і пачалі зарабляць на жыццё іншымі спосабамі. Хтосьці адкрыў краму разліўнога піва, хтосьці ўладкаваўся мерчандайзерам, таксістам або ахоўнікам. Быў і футбаліст, які перапыніў кар’еру па медыцынскіх паказчыках, але аднавіў яе пад сваю адказнасць.
Ужо падчас турніру каманду ўзначаліў Алег Дулуб — вядомы беларускі трэнер, які да таго знаходзіўся ў асноўным на другіх ролях. У «Крумкачах» у яго з’явіўся шанец на самастойную працу, і спецыяліст угрызся ў яго зубамі. Некаторыя гульцы прыходзілі менавіта «пад Дулуба», бо ў першай лізе далёка не ў кожнай камандзе ёсць магчымасць прагрэсаваць.
Гэтая гісторыя завяршылася на высокай ноце восенню 2015 г. Так выйшла, што лёс апошняга білета ў Вышэйшую лігу вырашаўся ў заключным туры. Прэтэндэнты сустракаліся ў Мінску — «Крумкачы» і магілёўскі «Днепр». У першых была навізна адчуванняў, у другіх — вялікія традыцыі. «Днепр» доўгія гады гуляў у вышэйшай лізе, а ў 1998 г. нават стаў чэмпіёнам Беларусі. У першую лігу абласная каманда правалілася па нейкім непаразуменні, але давялося затрымацца ў ёй яшчэ на год. «Крумкачы» выйгралі «бітву за вышку» з лікам 2:0. І здарылася гэта пры перапоўненых трыбунах САК «Алімпійскі», што на сталічнай вуліцы Сурганава. Уваход на трыбуны быў свабодным, і ў нейкі момант людзей перасталі пускаць унутр стадыёна, і яны шчыльна стулілі шэрагі за агароджамі.
Росквіт
Пасля выхаду ў Вышэйшую лігу «Крумкачы» сталі самым медыйным футбольным праектам Беларусі. Сацыяльнай з’явай, у якой хочацца ўдзельнічаць. З Сурганава яны пераехалі на Маякоўскага, паколькі «Алімпійскі» ўжо не адпавядаў патрабаванням ліцэнзавання. Клуб стаў развіваць не толькі спартыўны складнік, але і забаўляльны — і гэтым таксама рваў шаблоны. Матчам папярэднічалі розныя мерапрыемствы, у тым ліку выступленні вядомых гуртоў. На «Крумкачы» пацягнуліся сем’ямі, хоць падобная культура заўзення не характэрная для Беларусі. Прыхільнікі каманды нават папрасілі не называць іх фанатамі і замяняць гэтае вызначэнне на больш мяккае слова — заўзятары.
На гасцявыя гульні многія з іх дабіраліся цэнтралізавана, і ў праграму выезду абавязкова ўваходзіў не толькі футбол, але і культурная праграма з нацыянальнымі матывамі. Карацей, для беларускага футбола многае было, як у той песні, «упершыню і зноў». Дзякуючы «Крумкачам» ён атрымаў больш шырокае інфармацыйнае поле, за інфармацыяй пацягнуліся нават замежныя журналісты.
Вяхой стаў матч з мінскім «Дынама» ў 2016 г. — з адным з самых тытулаваных клубаў краіны. Камандай з багатай гісторыяй, бо толькі яна ўдзельнічала ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Савецкага Саюза. Трыбуны стадыёна не змаглі змясціць усіх ахвотных, відэатрансляцыі білі рэкорды праглядаў. «Крумкачы» перамаглі з лікам 4:1, чым нечакана ўразілі беларускі футбольны соцыум.
Быў момант, калі каманда займала другое месца ў чэмпіянаце, але на адных эмоцыях далёка заехаць не ўдалося. Паўплывалі недахоп вопыту і фінансаў, «Крумкачы» мелі самы сціплы бюджэт сярод усіх удзельнікаў. Што не павінна здзіўляць, бо, нагадаем, клуб працаваў без падтрымкі дзяржавы, мог разлічваць толькі на ўласныя сілы. У дэбютны сезон у Вышэйшай лізе «Крумкачы» фінішавалі на 11 месцы. Не так і дрэнна для пачатку.
Аднак на наступны год палепшыць вынік не ўдалося. Жаданне скокнуць вышэй за галаву абярнулася фінансавай неплацежаздольнасцю. Па ходзе сезона каманда пазбавілася некалькіх вядучых футбалістаў. Перад матчам у Віцебску нават здарыўся страйк, у выніку чаго «Крумкачы» згулялі практычна рэзервовым складам. Але нават так здолелі ўвайсці ў гісторыю. Галкіпер Яўген Касцюкевіч змог забіць гол ударам ад уласных варот. Пасля ён жа зарабіў выдаленне, але ўсё-ткі «Крумкачы» адстаялі нічыйны вынік — 2:2.
Чым далей, тым больш складана: кваліфікаваных футбалістаў відавочна не хапала. Так, у цэнтры абароны гуляў футбаліст, які сумяшчаў кар’еру з працай у «Макдональдсе». Але каманда адстаяла месца ў Вышэйшай лізе, фінішаваўшы на 13 месцы. Праўда, заявіцца на наступны год у «эліту» не атрымалася. Шлагбаум паставіла Федэрацыя футбола, якая палічыла клуб фінансава неплацежаздольным. «Крумкачы» спрабавалі змагацца, але не знайшлі дзейсных мер у супрацьстаянні з дзяржапаратам.
Адраджэнне
Юрыдычна клуб спыніў існаванне, але гісторыя атрымала працяг. Згаданы Касцюкевіч, а таксама група найбольш адданых заўзятараў, арганізавалі новую кампанію — «НФК “Крумкачы”». Выразнай расшыфроўкі абрэвіятура не мела, таму кожны мог дадумваць па ўласным жаданні. Як прыклад — «народная футбольная каманда». Новыя «Крумкачы» зноў пачалі з другой лігі і зноў пераадолелі гэты бар’ер з першай спробы. Пасля гэтага давялося канкрэтызаваць назву. «Незвычайная фантастычная каманда» — абрэвіятура НФК з тых часоў расшыфроўваецца менавіта так.
Сезон – 2020 «Крумкачы» правялі ў першай лізе, з відамі на «эліту». І зноў занялі трэцяе месца. Аднак гісторыя ўжо не магла паўтарыцца цюцелька ў цюцельку. Рэгламент прадугледжваў толькі дзве прамыя пуцёўкі ў Вышэйшую лігу. Трэцяя разыгрывалася ў супрацьстаянні з аўтсайдарам «вышкі». За месца пад сонцам «Крумкачы» змагаліся са «Слуцкам». Згодна з раскладам, гульні павінны былі адбыцца ў пачатку снежня, аднак з-за каронавіруса ў случчакоў іх давялося пераносіць. Ужо і ўрачыстае закрыццё сезона з раздачай сланоў адбылося, а ўладальнік трэцяй пуцёўкі яшчэ не быў вызначаны.
У выніку абодва матчы прайшлі ў манежы, і фартуна ўсміхнулася «Слуцку». Праўда, на гэтым гісторыя не скончылася — і фактычна вылілася ў акт дэманстрацыйнай дыскрымінацыі ўнікальнага праекта. Па-першае, федэрацыя заплюшчыла вочы на тое, што ў складзе «Слуцка» супраць мінчан гулялі нібыта дыскліфікаваныя футбалісты. А па-другое, БФФ не пусціла ў вышэйшую лігу «Крумкачоў» і пазней — калі праз банкруцтва з лігі
выключылі «Гарадзею». Замест яе, паводле рэгламенту і проста логікі, у розыгрыш мусілі ўключыць менавіта сталічны клуб — як уладальніка трэцяга месца ў першай лізе — 2020. Аднак за кошт дзіўных трактовак
правілаў вольнае месца аддалі «Смаргоні», якая фінішавала толькі шостай. У адказ на гэта пакрыўджаныя «Крумкачы» падалі скаргу ў УЕФА...
Чаму так, даўно не сакрэт. Чыноўнікі, мякка кажучы, клуб недалюбліваюць. Бо як жа — ён у свабодным палёце і мае нахабства агучваць пазіцыю. Гэта «Крумкачы» ў мінулым сезоне выказваліся супраць гвалту. Гэта іх футбалісты і трэнер падпісалі ліст за сумленныя выбары, а некаторыя прайшлі праз дручкі і аўтазакі. Гэта на іх гульню аднойчы завітала Марыя Калеснікава, і каманда гучна вітала будучую палітзняволеную наўпрост у раздзявальні.
Зрэшты, справа не толькі ў палітыцы. У дадатак да ўсяго, «Крумкачы» паказваюць безгрунтоўнасць дзяржаўнай сістэмы падтрымкі футбола. Дэманструюць, што плён можна атрымліваць пры куды больш сціплым фінансаванні. І адкрыта кажуць, што прывабнасць футбола — гэта не толькі лічбы на табло і месцы ў турнірнай табліцы, але і сам працэс. Які можа прыносіць людзям радасць, калі займацца справай натхнёна, крэатыўна і з душой.