«Міжнародны алімпійскі камітэт нас кінуў»

Беларускія спартсменкі, якія выступілі супраць рэжыму і вымушаны былі эміграваць, пра тое, як гэта — быць рэпрэсаванымі і не атрымліваць падтрымкі і разумення з боку тых, хто іх дэкларуе.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. Фота: noc.by

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. Фота: noc.by


Калі Карына Казлоўская была дзіцём, яна і ўявіць сабе не магла, што зможа ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Стральба з лука была для яе проста хобі, адным з многіх відаў спорту, якімі яна займалася са сваімі сябрамі.

Аднак чым больш яна трэніравалася, тым больш пераконвалася, што ў яе гэта добра атрымліваецца, і хобі стала яе прафесіяй. Чацвёртае месца ў камандным заліку на Гульнях у Токіа ў 2021 годзе стала кульмінацыяй шматгадовых намаганняў і ўдасканальвання.

Але пагоня за марай абярнулася для Казлоўскай кашмарам. На працягу ўсіх спаборніцтваў яе не адпускаў непакой, таму што яна адважылася выступіць супраць Аляксандра Лукашэнкі.

«Быў вялікі стрэс, — сказала Казлоўская «Нямецкай хвалі». — Я сапраўды хацела паказаць, на што я здольная, таму што такое буйное спаборніцтва было, магчыма, толькі раз у жыцці. Але я не змагла расслабіцца.

Я знаходзілася пад кантролем беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэта, і было шмат рэчаў, якія мне не дазвалялася рабіць. Яны нават прыставілі да нас кагосьці, верагодна, з КДБ, хто назіраў за намі, калі мы стралялі».

МАК «проста кінуў нас»

У той час, калі Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) настойвае на рэінтэграцыі расійскіх і беларускіх спартсменаў нягледзячы на поўнамаштабную вайну Расіі супраць Украіны, тыя, хто крытыкуе беларускія ўлады, як Казлоўская, аказаліся ў падвешаным стане.

Яна ўваходзіць у лік больш чым ста беларускіх спартсменаў, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, якія прывялі да месяцаў масавых пратэстаў, адкрыта нязгодныя спартсмены былі затрыманы, страцілі працу, спансіраваную ўрадам, і — як гэта было ў выпадку з Казлоўскай — былі вымушаны пакінуць нацыянальныя каманды.

Цяпер яны фактычна з'яўляюцца асобамі без грамадзянства, якія падвяргаюцца астракізму за свае палітычныя погляды. Нават калі іншым спартсменам з Беларусі ўрэшце дазволяць выступіць у Парыжы, пры цяперашнім стане спраў Казлоўскай сярод іх не будзе.

У пятніцу міністр спорту Польшчы высунуў ідэю стварэння каманды для бежанцаў, якая складалася б з расійскіх і беларускіх спартсменаў-дысідэнтаў. Аднак незразумела, як гэта спрацуе ў дачыненні да цяперашняй алімпійскай каманды бежанцаў, а таксама з улікам таго факта, што некаторыя спартсмены-дысідэнты знаходзяцца ў працэсе змены грамадзянства або ўжо змянілі яго.

На пытанне, ці адчувала яна сябе пакінутай МАК, Казлоўская адказала: «Так, такое пачуццё ёсць», — і дадала, што два лісты, якія яна адправіла ў арганізацыю і ў якіх расказала пра сваё цяжкае становішча, засталіся без адказу.

«Яны проста кінулі нас, людзей, якія пацярпелі ад рэжыму. Яны нічога не зрабілі», — сказала Карына.

Пагрозы і запалохванне

22-гадовая Казлоўская кажа, што з таго часу, як у 2020 годзе падпісала адкрыты ліст з патрабаваннем правядзення новых выбараў, яна падвяргалася пагрозам і запалохванню. Баючыся за сваю бяспеку, яна вырашыла бегчы з Беларусі ў красавіку мінулага года і працягнуць сваю кар'еру ў стральбе з лука ў суседняй Польшчы.

«Кіраўнік Беларускай федэрацыі (стральбы з лука) аказаў на мяне вялікі ціск, — сказала Казлоўская. — Ён сказаў, што я павінна спыніць сваю палітычную дзейнасць і паводзіць сябе ціха. У мяне часта былі падобныя размовы.

Пасля пачатку вайны ўсё стала яшчэ горш. Міністэрства спорту пачало правяраць нас на прадмет усяго. І я зразумела, што альбо гэта будзе мой апошні год у якасці спартсменкі, альбо мне давядзецца пакінуць краіну».

Алімпійская хартыя МАК патрабуе ад нацыянальных алімпійскіх камітэтаў (НАК) «прымаць меры супраць любой формы дыскрымінацыі і гвалту ў спорце». Невыкананне гэтага патрабавання можа прывесці да дыскваліфікацыі НАК і адхілення яго спартсменаў ад удзелу ў алімпійскіх мерапрыемствах.

«Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці» (BSSF) заклікаў МАК абараніць беларускіх спартсменаў, пакараных уладамі, заявіўшы, што ім «павінна быць дадзена права ўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах і гарантавана выратаванне ад пераследу рэжымам Лукашэнкі за іх грамадзянскую пазіцыю».

«Нямецкая хваля» звярнулася да МАК па каментар адносна гэтай заявы BSSF, але на момант публікацыі артыкула адказу не было.

МАК таксама не змог адказаць, чаму не адхіліў беларускі НАК, які ўзначальвае сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, за парушэнне Алімпійскай хартыі.

«Парушэнне алімпійскага прынцыпу»

BSSF была створана для аказання фінансавай і юрыдычнай дапамогі спартсменам-праціўнікам рэжыму Лукашэнкі. Сярод іх — спрынтарка Крысціна Ціманоўская, якая трапіла ў загалоўкі газет на Гульнях у Токіа, калі адмовілася ляцець назад у Беларусь пасля публічнай крытыкі ў адрас сваіх трэнераў.

Як і Казлоўская, Ціманоўская цяпер жыве і трэніруецца ў Польшчы. Яна ўступіла ў лёгкаатлетычны клуб у Варшаве і прымае ўдзел у мясцовых спаборніцтвах разам з іншымі спартсменамі з розных краін.

Нягледзячы на тое, што 26-гадовая спартсменка атрымала польскае грамадзянства, паводле Алімпійскіх правілаў, яна павінна пачакаць тры гады, перш чым зможа прадстаўляць сваю прыёмную краіну. У яе таксама мала шанцаў трапіць у Парыж.

«Спартсмены і трэнеры, якія на сёння прадстаўляюць зборную Беларусі, былі выбраны ў адпаведнасці з палітычнымі прынцыпамі, а не спартыўнымі, — сказала Ціманоўская. — На дадзены момант у камандзе знаходзяцца толькі людзі, лаяльныя рэжыму, людзі, якія былі ўхвалены КДБ. Гэта парушае прынцыпы алімпізму і правы такіх спартсменаў, як я. Падобна да таго, што ў нас няма аніякіх правоў».

Крывадушнасць МАК

Ціманоўская кажа, што яна таксама атрымала «нулявую» падтрымку ад МАК. Яна сцвярджае, што афіцыйныя асобы не звязваліся з ёю з таго дня, як яна прызямлілася ў Польшчы пасля Токіа, і што яна так і не атрымала ад іх адказу пасля падачы заяўкі на атрыманне фінансавага гранта праз Фонд алімпійскай салідарнасці.

МАК была прадастаўлена магчымасць адказаць на прэтэнзіі Ціманоўскай. Ён не адказаў.

На думку дырэктара BSSF Аляксандра Апейкіна, гэта класічны прыклад крывадушнасці арганізацыі:

«Калі яны гавораць пра «правы чалавека» ў дачыненні да афіцыйных беларускіх і расійскіх спартсменаў, чаму іх не хвалююць правы іншых беларускіх спартсменаў, якія былі рэпрэсаваныя?»

Ціманоўская кажа, што з нецярпеннем чакае магчымасці аднойчы выступаць ад Польшчы — у знак сваёй падзякі краіне за тое, што прыняла яе.

«Ясна, што я больш не буду прадстаўляць Беларусь, — сказала Ціманоўская. — Але я хачу, каб мая краіна была свабоднай і каб вайна спынілася.

Я проста хацела б, каб Міжнародны алімпійскі камітэт пачуў нашы галасы, галасы спартсменаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі. Каб яны пачулі нашы галасы і каб мы нейкім чынам маглі карыстацца нашымі правамі».