Футбольная казка. Неверагодная гісторыя пераможцаў Чэмпіянату Эўропы
У гэтую нядзелю зборная Ўкраіны па футболе правядзе вырашальную гульню, якая вызначыць апошнюю каманду, што трапіць на Чэмпіянат сьвету 2022. Супернікам украінцаў будзе зборная Ўэльса. Не чакаючы выніку гэтага супрацьстаяньня на футбольным полі, ужо гучаць галасы спецыялістаў і функцыянэраў, што ў выпадку паразы нашых паўднёвых суседзяў, ім усё адно варта вылучыць дадатковае, 33 месца на мундзіялі.
«Гэта не па правілах», — скажаце вы, і будзеце мець рацыю. Але ў гісторыі сусьветнага футболу быў у нечым падобны казачны выпадак, зьвязаны з вайной.
На Чэмпіянаце Эўропы па футболе ў 1992 перамагла каманда, якая не прайшла праз адборачныя гульні напярэдадні. Заўзятары зь вялікім досьведам адразу ўзгадаюць гэты насамрэч чароўны і неверагодны выпадак і тую каманду — зборную Даніі.
Але як так здарылася? Каб трапіць на Чэмпіянат Эўропы 1992, зборным было неабходна аказацца сярод 8 лепшых камандаў, зь якіх адна — гаспадарка турніру Швэцыя — трапляла аўтаматычна, а на астатнія 7 месцаў прэтэндавалі 34 эўрапейскія краіны, што былі разьбітыя на 7 групаў. Пераможца кожнай з групаў і трапляў на гэты турнір. У выніку гульняў між сабою адборачныя групы ўзначалілі: Францыя, Шатляндыя, СССР, Нямеччына, Нідэрлянды, Англія, Югаславія. Чэмпіён Эўропы мусіў быць вызначаны сярод названых камандаў, але дзе тут Данія?
Мапа Эўропы ў пачатку 1990-х зьмянялася, крах камунізму прынес глыбокія і ў асноўным мірныя зьмены на кантыненце. Адной з краінаў, якая аказалася трагічным выключэньнем, была Югаславія. Летам 1991 г. у Славеніі пачалася кароткая вайна, затым Харватыя пачала вайну за незалежнасьць ад югаслаўскай фэдэрацыі. У пачатку 1992 Босьнію і Герцагавіну ахапіла крывавая грамадзянская вайна.
Чэмпіянат Эўропы быў заплянаваны на 10-26 чэрвеня 1992 г. Югаславія павінна была ўдзельнічаць у фінальным турніры. Аднак 30 траўня 1992 г. рэзалюцыяй Рады Бясьпекі ААН 757 пасьля пачатку югаслаўскіх войнаў супраць Саюзнай Рэспублікі Югаславія былі ўведзеныя санкцыі. Такім чынам, ФІФА і УЕФА адхілілі Югаславію ад спаборніцтваў па футболе 31 траўня 1992. Не маючы часу на арганізацыю плэй-оф, УЕФА замест балканскай краіны перадала месца ў фінальным турніры Даніі, якая заняла другое месца ў адборачнай групе з югаславамі.
Напэўна, ніхто так не зьдзівіўся гэтай падзеі, як самі дацкія футбалісты, якія ўжо разьехаліся на вакацыі пасьля сканчэньня нацыянальных чэмпіянатаў 1991/1992. Яны літаральна ўжо былі на пляжах з кактэйлямі, калі галоўны трэнер Рыхард Мёлер-Нільсан пачаў тэлефанаваць ім і зьбіраць на нечаканае спаборніцтва. У футбалістаў заставаўся ўсяго тыдзень на падрыхтоўку перад гульнямі. Гэта была каманда, амаль цалкам складзеная з футбалістаў унутранага чэмпіянату. Зорнымі футбалістамі можна было назваць толькі Браяна Лаўдрупа, які то кідаў гуляць за зборную праз спрэчкі з трэнерам, то вяртаўся, і брамніка «Манчэсьцер Юнайтэд» Петэра Шмэйхеля, які на той час правёў свой першы сэзон у Англіі. Каманда сабралася ў Капенгагене ўсяго за тыдзень да фінальнага турніру. Калі гульцы стаялі на трэніровачным полі з Нільсанам у цэнтры, і трэнер сказаў ім, што яны едуць у Швэцыю, каб выйграць турнір, футбалісты, зразумела, засьмяяліся.
Данія трапіла ў групу з Англіяй, Францыяй і гаспадыняй турніру — Швэцыяй. Другую групу склалі Нідэрлянды, Нямеччына, Шатляндыя і зборная СНД (якая была складзеная замест зборнай зьнішчанай краіны Саветаў). У наступны раўнд (паўфінал) выходзілі па 2 лепшыя каманды. Данія выглядала абсалютным аўтсайдэрам у параўнаньні зь любой іншай камандай. Першую гульню яны правялі супраць Англіі 11 чэрвеня, вынік – безгалявая нічыя. Праз тры дні адбылося скандынаўскае дэрбі са Швэцыяй, якая ў першым туры згуляла ў нічыю з французамі. Другая гульня для Даніі склалася яшчэ горш — яны прайгралі 0-1. Пасьля гэтага і гульні паміж Англіяй і Францыяй у нічыю, Данія падыходзіла да апошняй гульні ў групе на апошнім месцы.
У трэцяй гульні неабходна было гуляць з фаварытам усяго турніра — зборнай Францыі, якую ўзначальваў легендарны Мішэль Плаціні, а ў складзе быў уладальнік «Залатога Мяча», тагачасны лепшы футбаліст сьвету Жан-П’ер Папэн, звышталенавіты Эрык Кантана, а таксама будучыя суперзоркі Ларан Блан і Дзідзье Дэшам. На 8-й хвіліне Хенрык Ларсэн забівае французам гол. У адказ на 61 хвіліне Жан-П’ер Папэн забівае свой. За 12 хвілінаў да канца гульні Ларс Эльструп выводзіць датчанаў наперад. Гэта перамога! Далей паўфінал! У групе ў апошнім туры Швэцыя сэнсацыйна перамагае Англію і таксама трапляе ў паўфінал, дзе іх чакае зборная Нямеччыны.
Па дарозе ў фінал Чэмпіянату Эўропы Даніі супрацьстаялі дзейныя чэмпіёны — зборная Нідэрляндаў. За гэтую каманду выступала ледзьве не лепшая галяндзкая генэрацыя гульцоў, у тым ліку трыа з «Мілану» — трохразовы ўладальнік узнагароды «Залаты Мяч» Марка ван Бастэн, Рууд Гуліт і Франк Райкаард, а таксама Франк дэ Бур і Дэніс Бэргкамп з «Аяксу».
Хенрык Ларсэн забіў гол з блізкай адлегласьці на 5 хвіліне, але праз 18 хвілінаў нідэрляндцы зраўніваюць лік, дзякуючы трапнаму стрэлу Бэргкампа. Праз невялікі час, на 33 хвіліне Хенрык Ларсэн забівае свой другі гол, і Данія, здавалася, пасьпяхова даводзіць гульню да канца. Але за пару хвілінаў да фінальнага сьвістка Франк Райкаард зноў засмуціў скандынаўскую зборную. Гульня перайшла ў дадатковы час. Адбывалася аблога брамаў Петэра Шмэйхеля, які здолеў выстаяць і адбіць усе небясьпекі. У выніку фіналіст павінны быў вызначыцца ў серыі пасьлягульнявых пэнальці. Каманды прабілі па 5 разоў. З 10 стрэлаў недакладным быў толькі адзін — Петэр Шмэйхель адбіў удар легандарнага Марка ван Бастэна. Данія — у фінале!
26 чэрвеня на стадыёне ў Гётэборгу сышліся суседзі — Данія і Нямеччына, дзейны чэмпіён сьвету 1990. За нямецкую зборную выступалі такія зоркі, як Юрген Клінсман, Маціяс Замэр, Штэфан Эфэнберг, Карл-Хайнц Рыдле. На 19-й хвіліне Йон Йенсэн забівае за Данію. А на 79-й Кім Вільфарт ставіць фінальную кропку гульні — 2-0. Данія становіцца чэмпіёнам Эўропы!
Такі выпадак наўрад ці паўторыцца. Гэта падобна на казку пра Папялушку ці ўлюбёныя ўсімі гісторыі, калі аўтсайдэры дасягаюць грандыёзнага посьпеху.
Спецыяльна для вас мы знайшлі поўны запіс фінальнай гульні.
Верце ў цуды.
Захаваны аўтарскі правапіс