Загадкавая гісторыя архімандрыта Судаплатава
Прозвішча «Судаплатаў» нават у мінімальна абазнанай у гісторыі публікі асацыюецца з савецкім разведчыкам і дыверсантам, арганізатарам забойства Канавальца і Троцкага. Хто чуў пра манаха і царкоўнага дзеяча Судаплатава? Ды фактычна ніхто! А дарма.
З нашай краінай гэтую гісторыю звязвае, бадай, толькі тое, што менавіта ў Беларусі загадкавым чынам апынуўся архіў фота і пэўных дакументаў яе героя. Усё гэта зараз захоўваецца ў прыватнай калекцыі. Лёс героя ўтрымлівае больш пытанняў, чым адказаў, якія, імаверна, будуць знойдзеныя толькі пасля адкрыцця архіваў КДБ-ФСБ ды РПЦ МП.
Савецкі педагог-франтавік ідзе ў манахі
Канстанцін Сцяпанавіч Судаплатаў нарадзіўся ў 1912 годзе ў сям’і служачага ў Астрахані. Рускі. Праваслаўны. Пасля школы ў 1930 годзе паступіў у Астраханскі педагагічны тэхнікум і, урэшце, стаў настаўнікам рускай мовы і геаграфіі. З 1935 года — школьны інспектар. Улетку 1941-га быў прызваны на фронт, адкуль дэмабілізаваўся толькі ў 1946 годзе. Вярнуўся з купай падзякаў і ўзнагародаў: Ордэн Чырвонай зоркі, медаль «За баявыя заслугі», восем падзякаў ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага… Судаплатаў — старшы лейтэнант.
Пасля вайны ён і надалей працаваў школьным інспектарам у Астрахані. З 1950 па 1954 год — сябар Таварыства па распаўсюду палітычных і навуковых ведаў. Пазней — дырэктар Бірукоўскай сярэдняй школы. Сярод іншага займаўся «творча-літаратурнай працай». Ва ўсім гэтым чытаецца партрэт узорнага педагога-франтавіка, максімальна лаяльнага савецкай уладзе, пры тым — з добрымі кар’ернымі перспектывамі.
І тут — нешта пайшло не так.
У 1955-м Судаплатаў прыняў пострыг у манахі, пэўны час выконваў абавязкі сакратара епіскапа пскоўскага Іаана. Сам ён ужо не Канстанцін — Аўгусцін. Пад гэтым імем наш герой і будзе фігураваць у далейшым.
Навошта савецкаму педагогу-франтавіку ісці ў манахі? Згодна з аўтабіяграфіяй самога Аўгусціна — каб служыць «царкве і Радзіме ў манаскім званні». Цікавая фармулёўка, праўда?
Службы ў Іерусаліме для чыноўнікаў ААН
Былога лейтэнанта Судаплатава «ў манаскім званні» чакаў проста фантастычны кар’ерны ўзлёт. Усяго праз год пасля пострыгу ўлетку 1956-га ён ужо — выконваючы абавязкі намесніка (!), то бок, непасрэднага кіраўніка Пскова-Пячорскага мужчынскага манастыра, другога па велічыні і колькасці манахаў мужчынскага манастыра ў РСФСР пасля Пачаеўскай лаўры, і трэцяга ў СССР. Для разумення сітуацыі варта ўзгадаць, што ад 1946 года ў РСФСР на працягу 40 гадоў наогул дзейнічалі ўсяго два (!) манастыры: Пскова-Пячэрскі і Троіца-Сергіева лаўра. У 1958 годзе наш герой стаў ужо непасрэдна ігуменам Пскова-Пячэрскай абіцелі.
Увосень 1959-га Судаплатаў нечакана быў прызначаны кіраўніком (!) Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме. Тут ён наладзіў дыпламатычныя адносіны з усімі рэлігійнымі і свецкімі іерархамі: ад каталіцкіх біскупаў да дыпламатычнага корпусу і чыноўнікаў са штабу ААН, якія прысутнічалі на арганізаваных ім службах (служыў там сам патрыярх Іерусалімскі Венядзікт).
Невядома з якой прычыны, але ў 1961-м Аўгустын пакінуў Іерусалім, ён быў адсунуты ад пасады. І тут — чарговая таямніца. Пра тое, чым займаўся Судаплатаў з 1961 па 1970 год, ніякіх сведчанняў наўпрост няма. На дзевяць гадоў адзін з топавых чыноўнікаў РПЦ МП проста знік… Каб з’явіцца зноў у 1970-м у ролі намесніка Троіца-Сергіевай лаўры, галоўнага і найбольшага мужчынскага манастыра ў СССР.
Зрэшты, сваё апошняе служэнне на вяршыні кар’ернай лесвіцы архімандрыт Судаплатаў выконваў нядоўга. Праз слабае здароўе ў лаўры знаходзіўся эпізадычна, ягоныя абавязкі фактычна выконваў адзін з насельнікаў лаўры Варнава (Кедроў). Пайшоў з жыцця Аўгусцін (Канстанцін Судаплатаў) 27 ліпеня 1972 года.
Сваяк сталінскага генерала-дыверсанта?
У літаратуры сустракаюцца сведчанні: маўляў, архімандрыт Аўгустын быў сваяком генерал-маёра Паўла Судаплатава — легендарнага дыверсанта, дзеяча савецкіх органаў дзяржбяспекі, намесніка начальніка 1 (выведніцкага) упраўлення НКДБ СССР. Менавіта ён выканаў забойства лідара ўкраінскіх нацыяналістаў Яўгена Канавальца ў Берліне і арганізаваў забойства самога Льва Троцкага ў Мексіцы па загадзе Сталіна.
Пра сваяцтва манаха з генералам, напрыклад, піша дзеяч рускай эміграцыі і пратаіерэй РПЦЗ (Руская Праваслаўная Царква на Захадзе) Аляксандр Трубнікаў у кнізе «Бліжні Усход — Калыска Праваслаўя»: «…яго замяняе архімандрыт Аўгустын (Судаплатаў), у сваяцтве з савецкім генералам Судаплатавым, выдатным кіраўніком савецкай выведкі. Да прызначэння на Св. Зямлю быў настаяцелем Пскова-Пячэрскага манастыра».
На жаль, Трубнікаў не прыводзіць відавочных доказаў і не тлумачыць, адкуль ведае пра сваяцтва архімандрыта з савецкім разведчыкам — падае гэта проста як факт. Паводле іншых дадзеных, у сям’і самога архімандрыта Аўгустына (са словаў дачкі яго пляменніцы) пра такое сваяцтва не ведалі. З іншага боку, паводле карпаратыўнай этыкі спецыфічнага ведамства, у якім працаваў генерал і да якога, магчыма, меў адносіны архімандрыт, сваякі некаторых рэчаў не маюць права агучваць.
«…служэнне царкве і Радзіме ў манаскім званні»
Аўстын-Судаплатаў у сваёй аўтабіяграфіі падводзіць чытача да думкі: маўляў, з дзяцінства ён быў глыбока рэлігійнай асобай. Больш за тое, менавіта з гэтай прычыны нават у шлюб не ўступаў: «Паводле глыбокага імкнення да манаства». Але ўсё гэта даволі слаба адпавядае дзейнасці, якой ён займаўся да пострыгу: настаўнік, школьны інспектар, дырэктар школы, сябар таварыства па распаўсюдзе палітычных і навуковых ведаў (білет №099679).
У сталінскія часы настаўнікі, а тым больш кіраўнікі школаў, стаялі ў перадавым атрадзе прапагандыстаў савецкага ладу і атэізму, а часцяком і непасрэдна падключаліся да калектывізацыі і барацьбы з рэлігіяй. Аўгустына-Судаплатава не толькі не закранулі рэпрэсіі — яму давяралі адказныя пасады, працу з сакрэтнай дакументацыяй у штабе падчас вайны, а значыць — лічылі чалавекам надзейным і лаяльным да партыі Леніна-Сталіна.
І тут вернемся да фразы з аўтабіяграфіі: «Звольніўся з грамадзянскай службы з мэтай прысвяціць другую частку жыцця шчыраму служэнню царкве і Радзіме ў манаскім званні». Дапусцім, што Аўгусцін сапраўды перажыў духоўнае пераўвасабленне і прыйшоў да рэлігіі — пасля вайны такіх выпадкаў было нямала. Манахам былы палітагітатар таксама мог стаць. Але ці мог зрабіць такую бліскучую — і вельмі хуткую — кар’еру?.. Наўрад ці.
Нагадаем, што праз год пасля прыняцця пострыгу, у 1956-м, Аўгусцін ужо выконваючы абавязкі намесніка, а праз тры гады — ігумен і намеснік другога па велічыні мужчынскага манастыра у СССР, а ў 1959-м — кіруе Рускай духоўнай місіяй у Іерусаліме. Ні для каго не таямніца, з якім ведамствам найшчыльнейшым чынам супрацоўнічала місія: ажно да 1991 года рэзідэнтура савецкага КДБ у Ізраілі знаходзілася менавіта тут, а ўсе духоўныя прызначэнцы перад выездам праходзілі праз узгадненне ў КДБ. Больш за тое, Іерусалім — гэта не толькі Ізраіль, але і вузел кантактаў з Блізкім Усходам, каталікамі, мусульманамі…
І Аўгусцін быў прызначаны кіраваць усім гэтым. Высновы, як кажуць, рабіце самі.
Сталін, яўрэі, праваслаўе і «хрыбет славян»…
Напрыканцы прывядзём пару момантаў з успамінаў рускага пісьменніка-антысеміта Івана Шаўцова, аўтара скандальнага ў свой час раману «Тля». Шаўцоў сустракаўся з Аўгусцінам, калі той ужо пакінуў працу ў Іерусаліме і быў намеснікам Троіца-Сергіевай лаўры. Калі верыць напісанаму, то Шаўцоў у асобе Аўгусціна-Судаплатава знайшоў не толькі ўдзячнага суразмоўцу, але і… аднадумца.
Вось адна цытата, прыведзеная Шаўцовым, якая, урэшце, дазваляе зразумець, што адбывалася ў галаве Аўгусціна-Судаплатава ўсе гэтыя гады, ва што ён верыў і для чаго працаваў:
«Трэба адраджаць праваслаўе. Па-мойму, Сталін гэта разумеў і зрабіў пэўныя паслабленні для царквы. А Хрушчоў адрадзіў метады Емяльяна Губельмана, пачаў пераследаваць, ціснуць, храмы разбураць. Праваслаўе — хрыбет славянаў. Ватыкан пайшоў на змову з іудзеямі, здрадзіў ідэям хрысціянства. Праваслаўе — адзіны захавальнік запаветаў Госпада нашага Ісуса Хрыста».
Замест пасляслоўя
Падрабязная гісторыя супрацы праваслаўнага духавенства з савецкімі спецслужбамі, безумоўна, яшчэ павінна быць напісана. Пакуль мы маем толькі ўрыўкі інфармацыі, вядомыя праз адкрытыя архівы КДБ у Прыбалтыцы ды Украіне, альбо «злівы» кшталту вядомага «архіву Мітрохіна», які трапіў на Захад у 1990-х гадах. Менавіта дзякуючы апошняму мы ведаем пра шырокае выкарыстанне КДБ святароў для працы ў Заходняй Германіі, ЗША, Ватыкане, Вялікабрытаніі…
«Алтар», «Кузняцоў», «Есаўленка», «Патрыёт», «Магістр» і іншыя — усё гэта кодавыя імёны завербаваных КДБ прадстаўнікоў праваслаўнага кліру. Сярод іх, між іншым, агент «Драздоў», які працаваў у створаным КДБ таварыстве «Радзіма». Ён больш вядомы як патрыярх Алексій ІІ, што папярэднічаў сённяшняму патрыярху Кірылу.
Хто ведае, магчыма, у будучыні сярод пераліку пазыўных з’явіцца і кодавае імя Аўгусціна…
У дадзеным матэрыяле мы, хутчэй, задаём пытанні. Менавіта пытанняў у лёсе Аўгусціна-Судаплатава значна больш, чым адказаў. Нават у падобным няпоўным выглядзе яго гісторыя дазваляе ў чарговы раз задумацца наконт архітэктуры царкоўнай іерархіі, кар’ерных ліфтаў у ёй ды асобаў, якія імі карысталіся ў часы СССР. Высновы ж хай кожны зробіць самастойна.