Яна жадала быць невядомай: загадкі жыцця і вобразу найлепшай літоўскай гаспадыні

18 красавіка 1850 года нечакана абарвалася жыццё Ганны Цюндзявіцкай. Яе працу ведала безліч гаспадынь, яе парадамі карысталіся. Сёння Ганна Цюндзявіцкая магла б быць знакамітай і вядомай блогеркай, але ў XIX стагоддзі імя аўтаркі «Літоўскай гаспадыні» заставалася ў цені.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Штрыхі біяграфіі

Пра жыццё Ганны Цюндзявіцкай сказаць можна няшмат, бо было яно ціхім і дабрадзейным у асяроддзі земскай шляхты. Паходзіла яна са шляхецкага дому Прушынскіх. Нарадзілася 18 ліпеня 1803 года ў фамільных Каралішчавічах з ваколіц Мінска ў сям’і тутэйшага падкаморыя Міхала Прушынскага і Тэклі з дому Валянскіх.
Як і большасць дзяўчат са шляхецкіх сем’яў, Ганна спачатку атрымала годнае хатняе выхаванне пад наглядам паважных бацькоў. Затым выкшталцоўвалася ў Вільні, у прыватнай школе Ксаверыя Дэйбла і яго жонкі.Затым, калі ўжо выспела яе прыгажосць і развіўся розум, 19 лістапада 1826 года ў Заслаўі яна выйшла замуж за Юзафа Цюндзявіцкага, маршалка шляхты Барысаўскага павета. Узорная ва ўсіх адносінах пара жыла ў Кішчынай Слабадзе, калісьці ўладанні Кішкаў, а пазней — Цюндзявіцкіх.

Тыповы шляхецкі двор

Тыповы шляхецкі двор

У Ганны і Юзафа было шасцёра дзяцей — сыны Віктар і Леан, дочкі Юзэфа, Ізабела, Аліна, Зоф’я. Аднак не суджаны быў Ганне Цюндзявіцкай доўгі век. Яна памерла 18 красавіка 1850 года ва ўзросце 46 гадоў і была пахавана ў сямейным склепе, у капліцы, якая, на жаль, пасля паўстання 1863 года была страчана.
Здавалася, звычайная біяграфія павятовай шляхцянкі таго часу. За адным выключэннем, якое прынесла Ганне неўміручасць: яна пісала кнігі.

Гаспадарчы бестселер XIX стагоддзя

litouskaja_haspadynja.jpg


У 1848 годзе ў віленскім выдавецтве Юзафа Завадскага выйшла кніга, якая стала сапраўдным бестселерам, вытрымаўшы за 60 гадоў цэлых 11 перавыданняў на польскай мове, пераклад на рускую. Па-беларуску, дарэчы, кніга таксама выходзіла і перавыдавалася не раз на зломе ХХ і ХХІ стагоддзяў.
«Літоўская гаспадыня»! Твор, які на слыху, які лічыцца помнікам традыцыі весці годную гаспадарку. Гэта кніга была першай у краі гаспадарчай і кулінарнай энцыклапедыяй. Яна смела крочыла па кухнях сядзіб і маёнткаў, была жаданым госцем у хатніх бібліятэках. Небывалую папулярнасць кнізе забяспечыла практычная карысць, якую гарантавала выкананне асноўных парад.
Кніга Цюндзявіцкай — каштоўная крыніца звестак аб тым, як вялі гаспадарку нашы жанчыны. Яна ўтрымлівае шмат надзвычай цікавых і карысных парад і рэкамендацый: як зберагчы ў належным стане дом, як захоўваць, сушыць, саліць, марынаваць гародніну і садавіну, як варыць варэнне, як улічваць даходы і расходы ў гаспадарцы, як засцерагчыся ад пажару, як заставацца прывабнай… Канешне, такое не магло не зацікавіць!
На старонках кнігі пані Ганна ўвесь час заклікае весці гаспадарку рацыянальна, эканомна, каб нічога не глумілася, каб усюды быў парадак, каб кожны за нешта адказваў, каб усё падлічвалася. У кнізе змешчаны 108 кулінарных і аптэчных рэцэптаў, прычым там няма такіх інгрэдыентаў, якіх нельга было б у той час знайсці ў вёсцы альбо на крайні выпадак на местачковым кірмашы.
Трэба прызнаць, што, хоць і мінула больш за стагоддзе з моманту выдання, сучаснікі ў кнізе Ганны Цюндзявіцкай знойдуць шмат для сябе карыснага.

Не толькі «гаспадыня»

Цюндзявіцкая не толькі збірала адусюль хатнія рэцэпты, але і правярала іх на практыцы, каб яны напраўду маглі стаць своеасаблівым настаўленнем для прафесійных гаспадынь.

Выява з вокладкі 11-га выдання «Літоўскай гаспадыні»

Выява з вокладкі 11-га выдання «Літоўскай гаспадыні»

Акрамя згаданага бестселера, Цюндзявіцкая падрыхтавала да друку «Гаспадарчы штогоднік», які выйшаў у свет дзякуючы руплівасці сям’і ўжо пасля яе смерці. Кніга двойчы ў 1854 і 1861 годзе выдавалася ў Вільні ў друкарні Завадскага. Гэта вельмі карысная кніга, якая на 191 старонцы ў малым фармаце нагадвае гаспадарам і гаспадыням пра ўсё, што яны павінны рабіць на працягу года: у хаце, на полі, у аборы, у садзе, на лугах, у пчальніках…
Нарэшце трэцяя, вельмі важная праца Цюндзявіцкай, якая засталася ў належным чынам не ўпарадкаваных рукапісах — лекарскі даведнік для жанчын, прызначаны для дапамогі ў лячэнні хвароб.

Творы павінны друкавацца ананімна

Згодна з воляй аўтаркі, усе выданні «Літоўскай гаспадыні» — і прыжыццёвыя, і больш познія — пабачылі свет ананімна. Манапольныя правы на гэтыя выданні выкупіла ў яе сям’і віленская кнігавыдавецкая фірма Завадскага. Воля аўтаркі шанавалася і выконвалася.
Чаму ж Ганна Цюндзявіцкая не пажадала, каб тагачасныя чытачы ведалі яе прозвішча? Адам Мальдзіс, які быў датычны да папулярызацыя імя пані Цюндзявіцкай, лічыў, што яна заставалася безыменнай «па той простай прычыне, што жанчыне быць пісьменніцай, літаратаркай тады лічылася нечым… непрыстойным, асабліва для прадстаўніцы заможных колаў».

Адам Мальдзіс

Адам Мальдзіс

І прыкладаў тут шмат! Габрыэля Гюнтэр сціпла падпісвалася «Аўтарка кнігі «У Божае імя», паэтэса Зоф’я Трашчкоўская хавалася за імя і скарочанае прозвішча свайго бацькі Адама Манькоўскага (Адам М-скі). Псеўданім жа Адэля з Устроні, які стаіць пад паэмай «Мачаха» (1850 год), так і застаўся неразгаданым… Толькі Эліза Ажэшка асмелілася падпісвацца ўласным прозвішчам. Але было тое значна пазней, на хвалі жаночай эмансіпацыі. А тады, у першай палове стагоддзя? Не зразумелі б Ганну, абсмяялі б…

Ельскі, Караткевіч і Мальдзіс раскрываюць таямніцу аўтарства

Твор доўгі час заставаўся ананімны. Святло вядомасці мільгнула ўжо ў ХХ стагоддзі. Знакаміты даследчык старасветчыны Аляксандр Ельскі ў 1906 годзе на старонках папулярнага выдання «Dziennik Wilenski» публікуе артыкул «Постаці польскіх жанчын з-над Нёмана, Дняпра і Дзвіны», дзе ці не ўпершыню раскрыў таямніцу аўтарства ўсё яшчэ знакамітай тады «Літоўскай гаспадыні». Акрамя таго, ён напісаў і сціплы жыццярыс знакамітай жанчыны.  

Аляксандр Ельскі

Аляксандр Ельскі

На пачатку ХХ стагоддзя імя было вернута, і Ганна Цюндзявіцкая добра атаясамлівалася з «Літоўскай гаспадыняй». Так, у адным з першых турыстычных выданняў («Przewodnik po Litwe i Białejrusi») у 1909 годзе Напалеон Роўба, апісваючы вёску і маёнтак Кішчына Слабада, згадвае: «тут жыла, працавала і памерла выдатная грамадзянка і аўтарка твора «Літоўская гаспадыня» Ганна Цюндзявіцкая».
Але час бег, мяняліся сістэмы, у гістарычным віры губляліся і страчваліся веды. Кастрычніцкі пераварот, класавая барацьба… Каму ў краіне калгасаў трэба былі парады сумнеўнай літоўскай гаспадыні аб тым, як весці гаспадарку? Імя Ганны Цюндзявіцкай зноў забылася. Пакуль за справу не ўзяўся Адам Мальдзіс з падачы Уладзіміра Караткевіча.

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Сам Мальдзіс згадваў, што неяк у 1970 годзе ён чытаў лекцыю ў Магілёўскай абласной бібліятэцы. Пасля яго папрасілі паглядзець і вызначыць каштоўнасць польскіх кніг, што стаялі ў запасніках, а калі работа была скончана, дазволілі як «ганарар» узяць нешта з дуплетаў. Выбар даследчыка паў на «Літоўскую гаспадыню»!
Вярнуўшыся з кнігай у Мінск, Мальдзіс адразу ж паказаў яе Уладзіміру Караткевічу. Зацягваючыся беламорынай, той доўга гартаў пажаўцелыя ад часу старонкі, потым нешта выпісваў («бач ты, ужо тады ўмелі»). Асабліва спадабаўся яму рэцэпт лікёра з крываўнікам, блакітнага па колеры.
— Слухай, стары, — сказаў Караткевіч, — гэта ж абавязкова трэба перакласці на нашу мову. Такое багацце, такая смаката… А кажуць жа, што ў нас нічога не было — толькі лапці і каўтун у галаве… Пацікаўся, стары, дзе ў паперах хто напісаў гэтую кніжэнцыю. Бо трэба было б сказаць колькі добрых слоў пра аўтарку, а мы нават прозвішча яе не ведаем. Не іголка ж у стозе сена… Так што шукай у сваіх там архівах!

Беларускае выданне «Літоўскай гаспадыні»

Беларускае выданне «Літоўскай гаспадыні»

Выконваючы пажаданне сябра, Мальдзіс шукаў у віленскіх зборах, у паперах выдаўца Юзафа Завадскага. Але без прозвішча было цяжка. І толькі выпадак дапамог выйсці на след. Таямніца была разгадана, калі Мальдзіс трапіў на згаданы артыкул таго ж Аляксандра Ельскага!
Цяпер імя знакамітай Ганны Цюндзявіцкай канчаткова выйшла з ценю і, хочацца верыць, не будзе забытым.

Загадкавы фотапартрэт

Аднак загадкі вакол таленавітай жанчыны не заканчваюцца. Загадкавым застаецца яе візуальны вобраз. Калі спытаць у Google, хто такая Ганна Цюндзявіцкая, ён не толькі падрабязна распавядзе, але і пакажа фота… На ім маладая, гожая жанчына, апранутая па модзе свайго часу. О, знакамітая гаспадыня выглядае трапна! Але ж ці яна гэта?

Партрэт невядомай, якую інтэрнэт выдае за Ганну Цюндзявіцкую

Партрэт невядомай, якую інтэрнэт выдае за Ганну Цюндзявіцкую

Не трэба быць Шэрлакам, каб супаставіць дзве даты. Ганна Цюндзявіцкая адышла ў лепшы свет у 1850 годзе, першая фатаграфія на беларускіх землях датуецца 1858 годам.
Першыя беларускія фотаздымкі звязаны з Антонам Прушынскім (цікавае ж супадзенне!). Ён нарадзіўся ў 1826 годзе, у той жа год, калі ў французскім горадзе Ле Гра Жозэф Ньепс зрабіў першую ў свеце фатаграфію, а дакладней — геліягравюру з выглядам са свайго акна. За два наступныя дзесяцігоддзі тэхніка стварэння фатаграфій і якасць здымкаў была зменена. У 1850 годзе, калі Прушынскаму было 24 гады, ён адкрыў першую ў Беларусі фотамайстэрню. Самы ранні здымак Прушынскага, які захаваўся, лічыцца першай беларускай фатаграфіяй: на ёй выява маці Прушынскага пані Розы, зробленая ў 1858 годзе. Ганны Цюндзявіцай не было ўжо 8 гадоў як.
Але хвалю ў сеціве не спыніць. Так і крочыць выява незнаёмкі, якую прымаюць за Ганну Цюндзявіцкую…

Вобраз і рэальнасць: якой была ў жыцці літоўская гаспадыня?



u_hascjouni_majontka.jpg

У гасцёўні маёнтка
Дык якой жа была яна, аўтарка «Літоўскай гаспадыні»? Артыкул Аляксандра Ельскага дае нам вельмі каштоўныя звесткі. Аўтар пісаў яго, калі былі жывыя яе дзеці, а таксама, напэўна, ён сустракаўся з іншымі людзьмі з ваколіц яе маёнтка, якія ці самі памяталі Ганну, ці чулі штосьці аб ёй.
У сваім доме Ганна вызначалася рэдкай патрыярхальнасцю звычаяў, шчырай адданасцю сваёй сям’і, дамачадцам і сялянам. Была яна сапраўднай аздобай адкрытага для ўсіх дома, дзе нягледзячы на самую простую абстаноўку, без ценю нават раскошы, квітнелі заможнасць, сапраўдная старасвецкасць, гасціннасць і ўзорны парадак.
Аднак парадак гэты ствараўся не штучнай, утомнай руцінай, а свабоднай, арганізаванай працай, што кіруецца пачуццём абавязку. Дзень пачынаўся супольнай малітвай усіх дамачадцаў і слуг, потым сняданак і заняткі, а сама гаспадыня, якая вызначалася акуратнасцю, ніколі не забывала пакаштаваць стравы сваіх работнікаў, каб пераканацца, ці трапляе да іх усё, што было прызначана. Пра гэты цудоўны абавязак клапатліва ставіцца да сваіх слуг яна ажно двойчы нагадвае гаспадыням у адрасаванай ім кнізе.


Часта здаралася так, што на якое-небудзь свята не прыязджаў святар. I тады сама гаспадыня, з прычыны адсутнасці слугі алтара, кіруючы супольнай малітвай, прамаўляла да простых людзей з такім шчырым рэлігійным хваляваннем, што прыводзіла іх у захапленне, а потым усё заканчвалася ўзаемнымі брацкімі абдымкамі ў імя Хрыста.
Стасункі сямейства Цюндзявіцкіх былі вельмі ажыўленыя, а сярод вядомых на Бацькаўшчыне людзей навукі і мастацтва сябрамі дома былі, паміж іншым, Антоні Эдвард Адынец, а таксама графы Яўстафі і Канстанцін Тышкевічы.
У сваім артыкуле Аляксандр Ельскі выказаў вельмі трапную думку, якую можна дапасаваць да жыцця і лёсу Ганны Цюндзявіцкай: «Найбольш трывалыя заслугі здабываюцца цяжкай працай, шэрагам карысных учынкаў дзеля ўсеагульнага дабра».