Яна і Ён: Гісторыі сямейных адносін у доўгім XIX стагоддзі
XIX стагоддзе. Для свету — час тэхнічнага прагрэсу і развіцця, для нас — эпоха расійскага панавання. Ці было месца для сямейнага шчасця ў «забраным краі»?
Працяг. Пачатак: Яна і Ён: шлюбныя гісторыі з Вялікага Княства Літоўскага
У ХІХ стагоддзі на планеце змянілася шмат, перамены закранулі ці ж не ўсе бакі чалавечага жыцця. З надыходам эпохі рамантызму змянілася і стаўленне да сям’і, уяўленні сталі іншымі. У тагачаснай культуры, на падмурку ідэі ідэальнага кахання паўстае вобраз ідэальнай сям’і — сям’і, якая перастала разумеецца як эканамічны саюз і як плоскасць атрымання спадчыны і перадачы маёмасці з пакалення ў пакаленне. Сям’я і шлюб сталі ўспрымацца як саюз двух сэрцаў, напоўненых узаемным каханнем. Гэта быў ідэальны вобраз і арыенцір.
Але ж ХІХ стагоддзе для нашых продкаў — цяжкія часы (хіба калісьці былі лёгкія?!). З палітычнай карты знікла свая дзяржава, у культуру прасочваюцца чужыя ўплывы. Гэта час паўстанняў і рэпрэсій, знешняй і ўнутранай эміграцыі, пастаяннай пагрозы быць арыштаваным і высланым… Як у такіх умовах быць шчаслівым у рамантычным шлюбе? Дзе і ў чым шукаць сямейнае шчасце?
Марыля і Ваўжынец: шчаслівы шлюб насуперак легендзе
Вакол постаці геніяльнага Адама Міцкевіча круціцца шмат міфаў і легенд. Такі лёс, калі ты знакаміты! Бадай, самая вядомая легенда жыцця Міцкевіча і самая рамантычная гісторыя нешчаслівага кахання з ХІХ стагоддзя — гісторыя адносін Адама і Марылі Верашчакі.
Карані легенды аб разбітым сэрцы і пакутах нераздзеленага кахання сягаюць на старонкі «Дзядоў» пяра самаго ж Міцкевіча. Як і легенды аб філаматах. Такі вось пан Адам творца міфаў аб самім сабе! Рэчаіснасць аказваецца крыху ж іншая. Канешне, гісторыя адносін Марылі з паэтам, а дакладней паэта з ёй, — складаная і блытаная. Так, з нагоды імянін паненкі Верашчакі ў Міцкевіча паўстала балада «Свіцязянка», ёй быў адрасаваны лірычны верш «Да М***», неаднакроць вобраз Марылі сустракаецца ў радках балад, рамансаў, санетаў… Сваю дачку паэт назваў Марыя!
Але ж да сустрэчы з Міцкевічам Марыля Верашчака была заручана, а пасля і паспяхова пабралася шлюбам з графам Ваўжынцом Путкамерам, з якім пражыла некалькі дзясяткаў год. Атрымліваецца, гэты шлюб быў няшчасны і для Марылі пакутлівы?
Святло ісціны, не без нотак ідыліі, на шлюб Марылі і графа Путкамера пралівае сведка тых падзей Антоні Эдвард Адзінец. Дарэчы, а кім жа быў той Путкамер, які, паводле легенды, «закаваў у путы» няшчасную Марылю? Ваўжынец нарадзіўся ў 1794 годзе ў Лідскім павеце. Ён — граф, выпускнік Віленскага ўніверсітэта, добраахвотнік уланскага палка ў гвардыі Напалеона. Пасля паразы французскага імператара Путкамер вярнуўся на радзіму, заняўся гаспадаркай, удзельнічаў у губернскіх сойміках, быў куратарам Евангеліка-Рэфармацкага сінода ў Вільні. «Адмоўны герой» аказаўся цалкам станоўчым! Дый наогул, дэманізаваць Путкамера — справа не вартая бітага шэлегу, ён быў чалавекам годным і справядлівым, яго жыццёвае правіла: «хай лепш усе мяне крыўдзяць, толькі б я нікога не пакрыўдзіў». Святы чалавек, Ваўжынец Путкамер!
У адносінах да Марылі, паводле Адынца, ён быў высокашляхетны і высокародны, аддана клапаціўся пра яе. Заручыліся яны з Марыляй у 1819-м, а потым з’явіўся малады і летуценны паэт Міцкевіч. Путкамер па-сяброўску пагаварыў з Адамам, не сапсаваў ні з кім адносін, не разарваў заручын, і ў 1821 годзе Ваўжынец і Марыля злучыліся ў шлюбе. А потым цягам яшчэ двух год Міцкевіч быў госцем сям’і Путкамераў, пакуль не трапіў на высылку і эміграцыю. Няўжо сапраўды, калі б паміж Міцкевічам і Марыляй бурліла жарсць і палала ў яго сэрцы рэўнасць, ён хадзіў бы на госці да яе і яе мужа? Наўрад ці.
Потым у шлюбе Марылі і Ваўжынца нарадзілася трое дзяцей, з’явіліся агульныя справы, у тым ліку і грамадскія. У чэрвені 1833 года Марыля з мужам Ваўжынцом былі арыштаваны за сумесную дапамогу паўстанцам.
А што тычыцца кахання паміж Марыляй і Ваўжынцом, то тут красамоўна занатаваў Адынец: «тая прыязнасць, якая заўсёды і безупынна між імі існавала, перарасла ў сардэчную любоў і ўжо без змены такой заставалася аж да смерці абаіх». Богам ім было адмерана тры дзясяткі гадоў сямейнага жыцця. Шчаслівага? Хутчэй, так.
Адам і Канстанцыя: жонка, якая стала спадарожніцай мужа
Імя Адама Чарноцкага мала вядомае і ні аб чым не кажа. А вось яго псеўданім — грымеў у навуцы ў 1820-я. Зарыян Даленга-Хадакоўскі!
Да яго імя цалкам падыходзіць характарыстыка «адзін з першых». Ён сапраўдны піянер славяназнаўства, адзін з пачынальнікаў айчыннай археалогіі, старажытнай гісторыі, фалькларыстыкі, этнаграфіі. Шмат падарожнічаў, збіраў прадметы матэрыяльнай культуры, запісваў фальклор, мясцовыя гаворкі.
Яго навуковыя прыгоды фактычна пачаліся з… арышту! У 1809 годзе за выказаную ў прыватным лісце прыхільнасць да антыпрыгонніцкіх ідэй Напалеона яго на 7 месяцаў зняволілі ў Петрапаўлаўскай крэпасці, пазбавілі шляхецтва і накіравалі салдатам у далёкі Омск. У 1811 годзе ў Бабруйску Адам імітаваў утапленне і ўцёк у Варшаву, уступіў у армію Напалеона. Пасля паражэння французаў мусіў хавацца, прыдумаў сабе іншую біяграфію (такую праўдападобную, што не быў выкрыты да канца жыцця!) і ўзяў псеўданім. Так Адам стаў Зарыянам.
І вось з 1818 года яшчэ ўчарашні арыштант і канспіратар атрымлівае гэтак званыя імператарскія гранты на навуковую дзейнасць і дапамогу Міністэрства народнай асветы Расіі, высоўвае смелыя гіпотэзы, выпускае з друку ўласныя даследаванні, дзе палемізуе з «зоркай» расійскай гісторыі Мікалаем Карамзіным. Але ў сваіх этнаграфічных вандроўках Адам-Зарыян сустракаецца з нечаканымі цяжкасцямі…
У лісце да сябра навуковец піша: «Вельмі цяжка мне здабываць ад вясковых жанчын народныя паданні і песні. Не раз думаў я пра тое, што тут добра магла б памагчы мне жонка. З гэтай прычыны я ўзяў і ажаніўся!» І быў пан Даленга-Хадакоўскі вельмі шчаслівы, бо яго жонка была не толькі вельмі гаспадарлівай, але й дапамагала мужу ў навуковых пошуках.
Яе звалі Канстанцыя з дому Флемінгаў, мая добрая Кастуся, як называў яе Зарыян. Такую жонку ён даўно хацеў мець, што нават і не спадзяваўся знайсці. Але ж знайшоў! Без выгод і разлікаў, без урачыстых цырымоній і рытуалаў сышліся два сэрцы. І хоць была яна далёкай ад італьянскай прыгажосці, які прызнаваўся Зарыян, іх сямейнае шчасце было моцным, толькі зусім кароткім…
У далёкай Ладазе амаль праз год па шлюбе ў пары нарадзіўся сын. Назвалі Алесем, бо мясцовы пратаіерэй не хацеў хрысціць яго славянскім імем. Але ж праз пяць тыдняў Зарыян «пахаваў дарагі плод Кастусі каля царквы ў замку Старой Ладагі». Бацькі страцілі ціхае і мілая дзіця… Але іх навуковая вандроўка не спынілася!
Што праўда, не мінуў і год, як аднаго дня Кастуся прастудзілася, захварэла, доўга безвынікова прымала лекі і ў далёкай і чужой Цвяры засталася назаўсёды… Засмучаны Зарыян пісаў у лісце да сябра: «мая добрая Кастуся, якая шмат у чым памагала мне і ва ўсім выручала, якая ў хвіліны адпачынку была мне ўцехай і якая не давала мне забываць айчынную мову і звычаі, на жаль, не мела моцнага здароўя…» Гэта быў 1821 год, зямны шлях самаго Даленгі-Хадакоўскага абарваўся ў 1825-м…
З гэтага кароткага, але шчаслівага шлюбу бачна, як важна было ва ўсе часы мець побач чалавека, найперш блізкага па душы, жонку, якая б падзяляла захапленні мужа… Пані Канстанцыя магла б без клопату застацца ў сядзібе і жыць у пастаянным чаканні, але яна абрала шляхі-дарогі побач з каханым.
Адно цікава, ці ведала Канстанцыя пра сапраўднае жыццё Зарыяна?
Паўліна і Людвік: любоўны трыкутнік «літоўскага лірніка»
Гісторыя іх кахання пачыналася вельмі ўзнёсла ў 1844-м. Ёй 17, яму — 23, вянчаліся ў пышным касцёле вяльможнага Нясвіжа. А на заўтра маладая сям’я ўжо перабралася ў арандаваны на Нёмане фальварак. Адтуль загадзя з’ехалі бацькі і сёстры жаніха, каб не перашкаджаць новай сям’і будаваць уласнае шчасце. Асобны дом і зямля, маладосць, каханне… Што яшчэ трэба для сямейнага шчасця?
Так пачыналася сямейная гісторыя Паўліны Мітрашэўскай і Людвіка Кандратовіча, больш вядомага як Уладзіслаў Сыракомля. Сапраўды, першыя гады іх супольнага жыцця ў Залучы былі лёгкія і нават рамантычныя. Разам вялі гаспадарку, малады паэт эксперыментуе з пяром на паперы, у атмасферы любові і міласці Паўліна нарадзіла чатырох дзетак… Але праз 8 гадоў журба пагрукалася ў браму сямейнага фальварка.
На працягу тыдня адна за адной паўміралі тры маленькія дачкі! Сам Сыракомля пісаў: «Не меў я сілы праз мае горкія ўспаміны жыць далей у вёсцы, у мясціне, дзе калісьці жыццё працякала болей шчасліва, перанёсся я ў горад з надзеяй, што, дзе больш людзей, больш кніг, там мне будзе лепш і працаваць і адпачываць». Каб неяк суцішыць бацькоўскі боль Людвік з Паўлінай і трохгадовым сынам Уладзіславам (апошняя надзея бацькоў!) пераязджаюць у Вільню.
Але ў вялікім горадзе чаканага супакою не было. Паўліна гадавала адзінага сына, Людвік знайшоў суцішэнне… Не, не ў творчасці і нават не ў келіху: у новых стасунках.
Яна была актрысай. Сыракомля добра сябраваў з этнографам, археолагам, публіцыстам і гісторыкам літаратуры, а да ўсяго яшчэ і выдаўцом Адамам Кіркорам, які быў жанаты на актрысе Гелене Маеўскай. Часта паэт гасцяваў у сябра дома, неаднаразова сустракаўся і з яго жонкай. Сяброўства неўзабаве перарасло ў душэўныя з жарсцю стасункі.
Віленская публіка, даведаўшыся пра адносіны паэта з Геленай, асудзіла і не падтрымала іх. Для сваіх сустрэч яны знаходзілі прытулак у спагадлівых знаёмых, дзе ім ніхто не перашкаджаў быць удвух, наталяцца адзін адным. Спаткацца даводзілася нават за мяжой! Улетку 1858 года Людвік ездзіў да каханкі ў госці, а месцам сустрэчы яны выбралі Познань, тады гэта была Прусія.
Лёс і жыццё з Геленай Сыракомля так і не звязаў, хоць Маеўская разышлася з мужам і выехала ў Кракаў. Людвік вярнуўся ў сваю сям’ю: Паўліна заставалася ўсё ж маці яго страчаных дзяцей. Напэўна, агульны боль ад страты аказаўся мацнейшым за імгненныя парывы жарсці. Што цікава, Сыракомля з Кіркорам засталіся сябрамі.
Увогуле ж, тое, што было паміж Маеўскай і Сыракомляй, не выпадае назваць любоўнымі прыгодамі. Гэта, хутчэй — любоўны боль ад сямейнай недагаворанасці.
Ігнат і Энрыкета: ці магчымы шчаслівы шлюб на выгнанні?
ХІХ стагоддзе — стагоддзе паўстанняў і вымушанай эміграцыі. Тысячы нашых землякоў апынуліся на выгнанні ў розных куточках зямной кулі. І не будзе перабольшваннем, калі сказаць, што на выгнанні, далёка ад роднага дому, шмат перад кім паўстае пытанне: а ж што рабіць? Ці жыць «часовым жыццём» у чаканні і пастаянным спадзеве хуткага вяртання, ці жыць «нармальным» і сталым жыццём на новым месцы? А калі чаканне зацягваецца на дзесяцігоддзі, а ты, не маладога веку, усё яшчэ на самоце, а так хочацца пусціць карані і даць плады новага жыцця…
У падобнай сітуацыі аказаўся эмігрант 1830-х, сябар таварыства філаматаў, удзельнік лістападаўскага паўстання, а потым прафесар і Нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка.
Калі яму было 35 ён прыняў прапанову чылійскага ўраду і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы Ля Сэрэна ў г. Какімба. Потым атрымаў званне прафесара, праводзіў разнастайныя даследаванні па геалогіі і этнаграфіі, перабраўся ў сталіцу, дзе атрымаў кафедру хіміі ў Чылійскім універсітэце. І вось, праз дзесяцігоддзе паважаны сеньёр Дамейка атрымлівае чылійскае грамадзянства.
Але як бы ні захапляла Ігната Дамейку даследчая праца, якія б ён не здабываў на чужыне тытулы і званні, ён ні на хвіліну не развітваўся са спадзевам вярнуцца на радзіму. Таму і заставаўся доўгі час самотным, бо выдатна разумеў: жаніцьба можа стаць непераадольнай перашкодай для вяртання на родную Літву. Але ж сардэчныя справы не заўжды падуладныя волі цвярозага розуму!
У сакавіку 1850-га Дамейка, якому набягаў ужо 48-ы гадок, знаёміцца з маладой, нават вельмі маладой (ёй было ўсяго 15!) паненкай Энрыкетай дэ Сатамаер. Невядома, як яна прычаравала шаноўнага прафесара, але 7 ліпеня таго ж году яны ўжо зладзілі вяселле. У свае не маладыя для той пары гады Дамейка быў зайздросны жаніх: прэстыжная пасада, раскошны дом з садам… Але можа гэта ўсё было другасным і паміж імі запалала сапраўднае каханне? Акрамя прафесарскага заробку ў Дамейкі была душа філамата, паўстанца, падарожніка. А гэта ж так рамантычна!
І хоць пусціў Дамейка карані на амерыканскай зямлі, надзея вярнуцца на родную зямлю яго не пакідала. Свайму сябру Адаму Міцкевічу ў 1854 годзе ён у лісце пісаў: «Калі б была магчымасць вярнуцца і паслужыць яшчэ, хоць на старасці год, свайму краю, то не ўседзеў бы, не ўседзеў бы тут, хоць я даўно ўжо стаў грамадзянінам гэтай краіны, уладальнікам маёнтка і бацькам…»
Здавалася, калі б не туга па Радзіме, то Дамейка сапраўды здабыў шчасце на выгнанні — дом, сям’я, дзеці… Але шчасце Ігната і Энрыкеты было адмерана дваццаццю супольнымі гадамі. У снежні 1870-га яна нечакана памірае, зусім маладой. На руках у Дамейкі засталося трое дзяцей: 15-ці гадовая дачка Аніта і два меншыя хлопцы — Гернан і Казімір. Шмат было перажыванняў тады ў Дамейкі. Ды змрочныя хмары развеяў свет з радзімы. З’явілася магчымасць зноў убачыць родны край.
І толькі ў 1884 годзе выгнаннік Дамейка ажыццявіў сваю неадступную мару — наведаць радзіму. Што праўда, без сваёй каханай Энрыкеты… Можна толькі ўяўляць, як апантана на працягу тых, адмераных ім супольных дваццаці гадоў, Ігнат распавядаў Энрыкеце аб невядомай ёй далёкай і таямнічай краіне. Пра літоўскія палі і лясы, рэкі і балоты, замкі і старасвецкія фальваркі… Распавядаў, каб аднойчы паказаць. Не збылося.
Брыгіда і Тамаш: шлюб з самым зорным вязнем эпохі
1840-я, мінула дзесяцігоддзе пасля праваленага паўстання. У адным старасвецкім маёнтку ў ваколіцах Маладзечна жыла маладая паненка Брыгіда з дому Свентажэцкіх. У вольныя хвіліны яна зачытвалася творамі рамантычнай літаратуры, захаплялася творчасцю сучасніка Адама Міцкевіча, слухала шматлікія аповеды пра высакародства, мужнасць і трагічны лёс філаматаў. Вядома ж, ведала іх галоўнага завадатара. І вось адбылася сустрэча, якая змяніла жыццё юнай Брыгіды.
1841 год… На радзіму пасля сямнаццацігадовай высылкі вяртаецца Тамаш Зан. Ён — правадыр філаматаў, які ўзяў на сябе адказнасць за таварыства, адзін з тых, хто быў пакараны зняволеннем і ссылкай у далёкія закавулкі Расійскай імперыі з невыноснымі ўмовамі жыцця. Адразу па прыездзе Тамаша на радзіму яго атачылі сябры і зладзілі яму імправізаваны «гран-тур» па сядзібах і дварах сапраўдных патрыётаў. Паўсюль Зана прымалі з вялікай радасцю і пашанай. Вярнуўся архіпрамяністы Зан!
У адным маёнтку Тамаш сустрэўся з Брыгідай. Дзяўчыну да глыбінь усхвалявала сустрэча з жывой легендай. Можна толькі здагадвацца, што адчувала «кніжная» паненка, калі на свае вочы пабачыла галоўнага героя «Дзядоў». Легендарны Тамаш Зан стаяў перад ёй! Канешне, ужо з самага першага знаёмства яна закахалася ў яго без памяці. Ні гады зняволення, ні парушанае здароўе, ні нэндза жаніха не спынілі пачуцці.
Але ж і самаму Зану прыйшлася па душы гожая і рамантычная Брыгіда. У лісце Марылі Путкамер ён прызнаваўся: «Я ўбачыў у ёй самую Літву, якая вітае свайго сына з выгнання, убачыў у ёй анёла, які нагадвае мне маю маладосць, боства, якое прадракае мне шчаслівую будучыню».
І вось 29 кастрычніка 1846 году ў мястэчку Лебедзеве Брыгіда і Тамаш пабраліся шлюбам. Вяселле было шматлюднае, урачыстае. Праз некалькі гадоў Заны пабудавалі дом, займелі гаспадарку. У Тамаша і Брыгіды нарадзіліся чатыры сыны: Віктарын, Абдон, Клемент і Станіслаў.
Жыццё пайшло належным парадкам. Што праўда, іх сямейнае жыццё было досыць кароткім. Высылка і зняволення даліся ў знакі. У 1855 годзе Тамаш Зан пайшоў у лепшы свет. Можна, канешне, шмат гараваць над тым, што імперыя зламала лёс, злавацца на несправядлівасць выкрадзеных маладых гадоў і загубленага таленту…
Але разам з тым можна і смела сказаць: апошнія гады жыцця з каханай Брагідай былі для архіпрамяністага Тамаша самымі шчаслівымі. Нягледзячы на хваробы і немачы, бо быў душэўны супакой.
Смаляны. Магіла Тамаша і Брыгіды Занаў.