Як «Першы дзень без Лукашэнкі» адзначылі 25 год таму

25 гадоў таму, у канцы ліпеня 1999 года, беларусы адзначалі заканчэнне паўнамоцтваў першага прэзідэнта — гэта быў яго першы пяцігадовы тэрмін. З дапамогай газетных архіваў «Салідарнасць» прыгадвае, як гэта было і чым скончылася.

Тут і далей – сканы беларускіх незалежных газет, якія захоўваюцца ў інтэрнэт-бібліятэцы Камунікат

Тут і далей – сканы беларускіх незалежных газет, якія захоўваюцца ў інтэрнэт-бібліятэцы Камунікат

Беларуская апазіцыя і прадэмакратычная частка грамадства, як і Захад, не прызналі падаўжэнне паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі на два гады, замацаваных у выніку сумнеўнага рэферэндума-96.

Дзярждэп ЗША выступіў тады з адмысловай заявай, у якой падкрэсліваў, што легітымнасць Лукашэнкі, як абранага прадстаўніка беларускага народа, можа быць адноўленая толькі праз свабодныя і дэмакратычныя выбары.

Пры гэтым у Вашынгтоне прызналі, што будуць працягваць стасункі з беларускім палітычным рэжымам дэ-факта, хоць у вачах ЗША пасля 20 ліпеня ён губляў легітымнасць. 

21 ліпеня 1999-га ў Мінску святкавалі заканчэнне першай прэзідэнцкай пяцігодкі. Пачаў святочную эстафету мастак Алесь Пушкін, які ў той дзень  зладзіў  адзін з самых запамінальных і яскравых перфомансаў у гісторыі сучаснай Беларусі.

А 12-й гадзіне ён прывёз да галоўнага ўваходу лукашэнкаўскай адміністрацыі на Карла Маркса-38 тачку гною, на які паклаў агітацыйны плакат з выявай Лукашэнкі, купюры новых грошай, кайданкі, выявы афіцыйнай сімоволікі.

sviata99_2.webp

Свой перфоманс Пушкін назваў «Падзяка першаму прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за пяцігадовую кіпучую цяжкую выніковую працу дзеля народа».

Прысутным журналістам сэнс акцыі ён патлумачыў так:

— Гэта своеасаблівая падзяка першаму прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за выніковую плённую працу на працягу пяцігадовага тэрміну. Вось табе цацкі і гной — чым мы багаты, што мы нажылі за гэтыя пяць гадоў. Ты самаізаляваў краіну і, акрамя гэтага гною, нам няма чым пакуль ганарыцца. Вось вынік усяго, што ты зрабіў

Пры гэтым мастак падкрэсліў, што вобраз гною з тачкі мае і аптымістычны сэнс, «бо гэта тое, што ўгноіць далейшыя парасткі дэмакратыі, з гэтага вырасце Новая Беларусь».

Глядзіце таксама

А потым Пушкін праткнуў віламі партрэт Лукашэнкі, які ляжаў на купе гною. З адміністрацыі прыбеглі паставыя міліцыянты і ахоўнік. Нейкі час ён угаворваў мастака прыбраць за сабой, але той адмовіўся.

У выніку Пушкіна адвезлі ў пастарунак, адкуль неўзабаве адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Сёння такое чытаецца, як навукова-папулярная фантастыка.

sviata99_3.webp

А 16-й у цэнтры сталіцы пачалі збірацца ўдзельнікі святкавання. Па ацэнках прэсы, нягледзячы на 30-градусную спёку і летнія адпачынкі, сабралася да шасці тысяч чалавек. Прыблізна столькі ж міліцыянтаў і спецназаўцаў выставілі ў той дзень і ўлады. У дварах стаяла спецтэхніка і вадамёты.

Спачатку тысячы людзей прагулялілся да плошчы Незалежнасці, а потым рушылі да лукашэнкаўскай адміністранцыі — напярэдадні апазіцыя анансавала гучную заяву.

Рэшта разагнанага ўладамі Вярхоўнага Савета, 35 дэпутатаў, таемна сабралася ў будынку філфака БДУ — у лічаных сотнях метраў ад тагачаснай рэзідэнцыі Лукашэнкі. На сходзе было прынятае рашэнне прызначыць спікера ВС Сямёна Шарэцкага часовым кіраўніком дзяржавы. Выкананне абавязкаў спікера легла на Віктара Ганчара.

І калі Шарэцкі не стаў затрымлівацца перад святочным натоўпам і хутка з’ехаў, то былы старшыня Цэнтрвыбаркаму эфектна выйшаў да людзей. Вось як пра гэта пісала аўтарка газеты «Навіны» Кацярына Высоцкая:

— У людской памяці, як правіла, застаюцца найбольш пафасныя моманты. І такой падзеяй, безумоўна, стане выхад Віктара Ганчара ў народ. Хтосьці ўжо паспеў заўважыць: маўляў, малайчына Ганчар, раскручваецца паводле амерыканскай мадэлі. Я б сказала іначай: гісторыя дала шанец у гэты дзень менавіта гэтаму чалавеку і ён не адмовіўся ад яго.

Ён і праўда не адмовіўся — узначаліў калону і павёў людзей на Кастрычніцкую плошчу. Там адбыўся мітынг, пасля якога, як пісалі «Навіны», людзі «разыходзіліся з пачуццём свята — скончыўся першы дзень свабоды, першы дзень без Лукашэнкі».

sviata99_4.webp

Тагачасная прэса па-рознаму ацэньвала падзеі 21 ліпеня. Газета «Навіны» апублікавала калонку Мікалая Халезіна і Дзмітрыя Бандарэнкі, якія пісалі пра надзвычай складанае становішча Лукашэнкі, якому «не пазайздросціць нават нябожчык», пра народ, які прачынаецца і пра смуту ва ўладных структурах.

«Наша Ніва» скептычна паставілася да дзеянняў апальнага Вярхоўнага Савета. Выданне пісала пра фактычнае двоеўладдзе, якое на справе пагражала не Лукашэнку, а ўраду БНР у выгнанні.

— Тайны план апазіцыі, заяўлены на 21 ліпеня, так і застаўся нерассакрэчаны, — пісала газета. — Ганчар выглядаў палітыкам-адзіночкам. Сямён Шарэцкі, аб’яўлены кіраўніком законнай улады, з’ехаў у Вільню. Большасць людзей так і не зразумелі, што мелася быць.

sviata99_5.webp

«Белорусская деловая газета» не без сарказму асвятляла падзеі 21 ліпеня 1999-га

Сённяшняму чытачу тагачасны аптымізм калумністаў «Навінаў» можа падацца, мякка кажучы, наіўным. Але для таго былі свае прычыны. Дваццаць пяць год таму лукашэнкаўскі рэжым рабіў свае цёмныя справы куды больш таемна.

У тыя дні прэса пісала пра «ізаляцыю» былога міліцэйскага міністра Юрыя Захаранку, страшныя версіі ягонага знікнення пацвердзяцца пазней.

Глядзіце таксама

Праз лічаныя дні пасля «развітання з Лукашэнкам» у цэнтры Мінска ізноў хадзілі тысячы дэманстрантаў — гарадскія ўлады дазволілі адсвяткаваць 27 ліпеня Дзень незалежнасці.

Арганізатарам быў Мікола Статкевіч. Найперш ён змяніў дазволены Мінгарвыканакам маршрут і павёў людзей іншымі вуліцамі. Дэманстранты неслі плакаты, за якія сёння можна лёгка атрымаць 5-6 гадоў турмы.  

sviata99_6.webp

Тагачасныя газеты анансавалі масавыя акцыі пратэсту на восень пад патранатам прафсаюзаў, што ўваходзілі ў афіцыйную прасаюзную федэрацыю.

Той жа Алесь Пушкін, на якога завялі справу паводле двух крымінальных артыкулаў, за свой перфоманс атрымаў два гады ўмоўна — нечуваны разгул дэмакратыі на сённяшніх мерках. Тым больш, ведаючы пра канечны лёс творцы.

Зрэшты, неўзабаве гэтае кароткае свята палітычнага непаслушэнства пачало згасаць. Праз лічаныя месяцы знік Віктар Ганчар. Не выключана, што ягоны запамінальны выхад у народ стаў апошняй кропляй для чалавека, які працягваў трымаць уладу ў сваіх руках.