Грунвальд нашай славы
Грунвальдская бітва стала кульмінацыяй Вялікай вайны. Вайны, якая скончылася Торуньскім мірам у 1411 годзе. І хаця тэрытарыяльныя
спрэчкі доўжыліся да Мельнскага міру (1422 ), Тэўтонскі
Ордэн так і не здолеў аднавіць сваю былую моц.
Як вядома,
у бітве пад Грунвальдам аб’яднаныя войскі Каралеўства Польскага і Вялікага
княства Літоўскага братоў Ягайлы і Вітаўта разбілі сабраных з усёй Еўропы
рыцараў Тэўтонскага ордэна на чале з вялікім магістрам Ульрыхам фон
Юнгінгенам. Але гэта бітва была толькі часткай (хаця і самай значнай) у
Вялікай вайне.
Прычынай
да вайны сталі спрэчныя памежныя тэрыторыі, а падставай паслужыла паўстанне 31
мая 1409 года ў захопленай Ордэнам Жамойціі. Пасля яго Вітаўт правёў
мабілізацыю і ўзяў у аблогу замак Фрайбург. Ягайла, у сваю чаргу, прадставіў Тэўтонскі ордэн агрэсарам у распачатай вайне. Ён прапанаваў стварыць міжнародны арбітражны суд па спрэчных пытаннях, між іншым заявіўшы, што ў выпадку вайны выступіць на баку Вітаўта. У адказ Ордэн абвясціў Каралеўству Польскаму вайну.
Пачатак яе быў за Ордэнам, які захапіў Добжынскую зямлю і вымусіў Ягайлу 8 кастрычніка 1409 года падпісаць перамір’е. Але ваяваць працягвала Вялікае княства Літоўскае, якое захапіла Жамойць і агнём прайшлося па Прусіі. Карона, нягледзячы на парушэнне міжнароднага права і скаргі Ордэна, патаемна працягвала аказваць Княству дапамогу, — перш за ўсё вайсковым рыштункам.
У снежні 1409 года ў Берасці прайшла сакрэтная нарада, дзе быў распрацаваны стратэгічны план ваеннай кампаніі: перанос барацьбы на тэрыторыю ворага, накірунак галоўнага ўдара — сталіца Ордэна Мальбарк — і рашучая бітва ў адкрытым полі.
Пэўны поспех быў дасягнуты ў інфармацыйнай вайне праз распаўсюджванне антыордэнскіх маніфестаў: англійскі кароль Генрых IV адмовіўся падтрымаць тэўтонаў. Была праведзеная ўзважаная дыпламатычная дзейнасць: Вітаўт загаддзя заключыў мірныя дамовы з суседзямі — Ноўгарадам, Псковам і Масквой, вымусіўшы Інфлянцкі ордэн адмовіцца ад дапамогі Тэўтонскаму. Адсутнасць пераважнай часткі інфлянцкага рыцарства моцна паўплывала на вынік бітвы.
Была дасягнута і стратэгічная перамога, паколькі вораг не здолеў уцяміць планы саюзнікаў, якія 4 ліпеня 1410 года пачалі ваенныя дзеянні, рушыўшы да Мальбарка. Раніцай 15 ліпеня яны спыніліся непадалёк ад разбуранага і спаленага горада Дуброўна. Сюды ж пасля начнога марша ў баявым парадку падышла армія Юнгінгена і размясцілася на полі паміж вёскамі Стэмбаркам і Грунвальдам.
Устанавіць дакладную колькасць воінаў, якія ўдзельнічалі ў бітве, даволі складана: ні ў адной з тагачасных крыніц не прыведзена дакладнага падліку ваяроў у атрадах. Прафесійныя ацэнкі польскага гісторыка Стэфана Кучыньскага — 39 000 польска-літоўскіх і 27 000 тэўтонскіх воінаў — у заходняй літаратуры прыводзяцца як «агульнапрызнаныя».
Нягледзячы на меншую колькасць, тэўтонскае войска мела перавагі ў дысцыпліне, ваеннай падрыхтоўцы і лепшую вайсковую амуніцыю. Іх цяжкая кавалерыя была адной з найлепшых у Еўропе. Тэўтонскае войска мела бамбарды, якія маглі страляць свінцовымі і каменнымі ядрамі.
Большасць войска ВКЛ было пад штандарамі «Пагоні» — у тым ліку і каля тысячы татарскіх вершнікаў хана Джалал-ад-Дзіна.
Ілюстрацыя з сайта nn.by
Стомлены доўгім чаканнем бітвы, Юнгінген адправіў двух герольдаў у лагер Вітаўта і Ягайлы, кожнаму з якіх перадаваліся па мячу. Такім чынам праціўнік заклікаўся на бой.
Грунвальдская бітва доўжылася сем гадзін. Пад час яе быў прыменены манёўр адступлення конніцы Вітаўта, пераследам якой захапіліся тэўтонскія рыцары. У выніку яны аслабілі націск на польскую конніцу якраз у той момант, калі ўпаў долу штандар з белым арлом Кракаўскай зямлі, у хуткім часе зноў узняты.
У бітве гераізм і непахіснасць прадэманстравалі тры смаленскія палкі. Пасля ўвядзення Ягайлам у бой рэзерваў баявы парадак рыцараў быў разбіты. Частка іх адступіла да абозу, куды ў пошуках здабычы накіравалася чэлядзь. У выніку «у абозе трупаў было болей, чым на полі бітвы».
Усе галоўныя кіраўнікі Ордэна загінулі, у тым ліку Ульрых фон Юнгінген; захоплены ўвесь варожы абоз і 51 баявы штандар разбітых харугваў. Пасля гэтай бітвы Ордэн так і не здолеў аднавіць свае сілы.
Перамога хоць і пераламіла ход Вялікай вайны, але не была выкарыстана: польскія-літоўскія войскі адклалі сваю атаку на Мальбарк, застаўшыся на полі бою яшчэ на тры дні. Асноўныя саюзныя сілы прыбылі да Мальбарку толькі 26 ліпеня 1410 года. Гэтая затрымка дала дастаткова часу для арганізацыі абароны сталіцы Ордэну. Асаджаючыя войскі чакалі хуткай капітуляцыі свайго ворага і не былі падрыхтаваны да працяглай аблогі, і яна была знята 19 верасня 1410 года.
Але палітычнае значэнне бітвы было небывалым у гісторыі Польшчы і ВКЛ — была спынена нямецкая экспансія і пакладзены пачатак палітычнаму заняпаду Тэўтонскага ордэна. Эканоміка ВКЛ атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі, а значыць, і ў Еўропу.
Тэўтонскі ордэн да і пасля Грунвальдскай бітвы:
1 лютага 1411 года ў Торуні была заключаная мірная дамова. Ордэн адмаўляўся ад Жамойціі і яцвяжскіх зямель на карысць ВКЛ, Каралеўства вяртала Добжынскую зямлю і атрымлівала 100 тысяч коп чэшскіх грошаў у якасці выкупу за палонных (іх было б дастаткова, каб выставіць 10 тысяч баявых коней). І ўпершыню ў гісторыі войн з Ордэнам Каралеўства і Княства заключалі пагадненне як пераможцы, што стварала спрыяльныя ўмовы для далейшага паглыблення ўніі.
Тэрытарыяльныя спрэчкі доўжыліся да Мельнскага міру 1422 году. Тым не менш, Тэўтонскі
Ордэн так і не здолеў аднавіць сваю былую моц, а велізарныя ваенныя рэпарацыі выклікалі ўнутраныя
канфлікты і эканамічны заняпад на яго землях. Вайна перамясціла баланс сіл ва Усходняй Еўропе і зазначыла з’яўленне новай
дамінантнай сілы ў гэтым рэгіёне. Канчаткова пытанні памежнага канфлікту
Польшчы і ВКЛ з Тэўтонскім Ордэнам былі вырашаныя цягам Галоднай, Голубскай
войн, а таксама вайны 1454—1466 гг., дзе ВКЛ фармальнага ўдзелу не прымала.