Беларускія гімназіі ў жыцці Заходняй Беларусі (1920–1930-я гг.)

Унікальнай з’явай культурнага жыцця заходнебеларускага краю з’яўляліся беларускія гімназіі. Хоць іх было няшмат, аднак яны захоўвалі і развівалі традыцыі беларускай нацыянальнай школы.  



3145de198302a48a0e5495b3d8a57e33.jpg

Фота з сайта www.istpravda.ru

У пачатку 1920-х гадоў працавалі 6 такіх сярэдніх школ: у Вільні, Гродне, Нясвіжы, Навагрудку, Радашковічах, мястэчку Гарадок Вілейскага павета.

Адметнае месца сярод беларускіх гімназій займала Віленская, заснаваная І. Луцкевічам яшчэ ў лютым 1919 г. Як і іншыя беларускія гімназіі, яна мела статус прыватнай. З’яўлялася 8-класнай навучальнай установай гуманістычнага тыпу. Фінансавую падтрымку ёй аказвала Цэнтральная беларуская школьная рада, потым — Таварыства беларускай школы (ТБШ), а з 1928 г. — бацькоўскі камітэт гімназіі. Часта даводзілася наладжваць збор ахвяраванняў сярод насельніцтва. На патрэбы гімназій аддавалі частку сваёй зарплаты беларускія паслы і сенатары. Грошы пасылалі прадстаўнікі беларускай эміграцыі. Падтрымку гімназіям аказвала і БССР. Аднак для нармальнага функцыянавання гімназіі пастаянна не хапала сродкаў. Настаўнікі працавалі выключна на энтузіязме.


Адсутнасць правоў грамадскай установы абцяжарвала доступ выпускнікам Віленскай гімназіі да вышэйшай адукацыі ў тагачаснай польскай дзяржаве — пасля сканчэння VІІІ класа яны не мелі магчымасці здаваць экзамены на атэстат сталасці. Многія выпускнікі вымушаны былі нелегальна ехаць вучыцца за мяжу — у БССР, а таксама ў Чэхаславакію і іншыя еўрапейскія краіны. Паводле асобных крыніц, так зрабілі каля 100 чалавек са 189, якія скончылі Віленскую гімназію за першыя 10 гадоў яе існавання (1). Толькі ў 1928 г. гімназія атрымала доўгачаканае права прымаць экзамены на атэстат сталасці — матуру.


Па-беларуску спачатку выкладаліся ўсе прадметы толькі ў падрыхтоўчым, першым і другім класах. А старшакласнікі вучыліся на рускай мове (выключэнне складалі беларуская літаратура, гісторыя і геаграфія Беларусі). Паступова гімназія станавілася сапраўды нацыянальнай навучальнай установай. З 1924 г. усе дысцыпліны там выкладаліся па-беларуску. Павелічэнне колькасці дзяцей-беларусаў паскорыла працэс пераводу навучання на іх родную мову. Паводле статута гімназіі, прымалі на вучобу найперш дзяцей з беларускіх сем’яў, а потым ужо кандыдатаў іншых нацыянальнасцей (2). Акрамя беларусаў там вучыліся рускія і яўрэі.


Пасля першага дырэктара М. Кахановіча гэтую пасаду непрацяглы час займалі Б. Тарашкевіч, А. Трэпка. У лістападзе 1923 г. папячыцельства Віленскай школьнай акругі зацвердзіла Р. Астроўскага дырэктарам гімназіі, якую ён узначальваў з невялікім перапынкам да 1936 г. Нельга даць адназначную ацэнку яго дзейнасці на гэтай пасадзе — жорсткі стыль кіравання выклікаў тады негатыўную рэакцыю многіх дзеячаў заходнебеларускага руху. Аднак яму ўдалося зберагчы школу ад памкненняў польскіх улад закрыць яе.


Пазіцыі беларускіх гімназій увесь час слабелі. Не вытрымаўшы ўціску і фінасавых цяжкасцей, спыніла сваё існаванне беларуская гімназія ў Гродне. З-за тых жа праблем, а таксама аддаленасці ад густанаселенай мясцовасці, кіраўніцтва гімназіі ў Гарадку з 1922 г. спрабавала перанесці яе ў Валожын, але праз 2 гады польскія ўлады наогул закрылі школу. Такі лёс напаткаў і гімназію ў Нясвіжы. У 1923 г. папячыцельства Палескай школьнай акругі адмовілася выдаць дазвол на яе ўтрыманне, патлумачыўшы гэта тым, што „мясцовае насельніцтва не мае патрэбы ў беларускай школе” (3). Рабіліся спасылкі і на нізкі ўзровень навучання, слабую матэрыяльна-тэхнічную забяспечанасць і г.д. Дзякуючы намаганням нацыянальнай інтэлігенцыі і падтрымцы дэмакратычных колаў заходнебеларускага грамадства, гімназія прадоўжыла сваю дзейнасць у Клецку.


Найбольш устойлівай заставалася Віленская гімназія. Гэта было выклікана наяўнасцю там згуртаванага, кваліфікаванага педагагічнага калектыву, які праяўляў сапраўдны беларускі патрыятызм. Знаёмства з успамінамі выпускнікоў Віленскай гімназіі дае магчымасць сцвярджаць, што настаўнікі аказалі найбольшае ўздзеянне на выхаванне моладзі. Павага да вучняў, да сваіх прадметаў выкладання, клопат аб добрай рэпутацыі гімназіі — вось што вызначыла воблік большасці настаўнікаў.


Нацыянальнай справе сумленна служылі не толькі беларусы, але і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. „Я зусім не ведала беларускай мовы, — пісала ў адным з лістоў у 1923 г. выкладчыца нямецкай мовы Н. Банцлебен. — Цяжкія перажыванні на ніве беларускай школьнай працы дагэтуль зусім мне незнаёмага народа зраднілі мяне з душой яго, пабудзілі мяне аддаць яму свае сілы і энергію, каб працаваць карысна і бліжэй падысці да дзяцей, давераных мне. Я вывучыла мову і пазнаёмілася з культурай народа” (4). 


Невыпадкова, што ў сваёй аўтабіяграфіі яна запісалася беларускай. Служэнне беларускай справе ўспрымалі як належнае і іншыя настаўнікі-небеларусы. Хоць настаўнікі мелі розныя палітычныя погляды, але яны выхоўвалі патрыятычныя пачуцці, любоў да беларускай мовы, пашыралі дэмакратычныя, гуманістычныя погляды.


У 1920-я гады ў гімназіі працавала цэлая плеяда відных дзеячаў палітычнага і культурнага жыцця Заходняй Беларусі: М. Гарэцкі, А. Луцкевіч, Б. Тарашкевіч, А. Станкевіч, А. Смоліч, С. Рак-Міхайлоўскі, С. Паўловіч, І. Дварчанін, Я. Драздовіч, Р. Шырма і іншыя. Выкладалі і тыя, хто не меў такой вядомасці, але сумленна рыхтаваў кадры нацыянальнай інтэлігенцыі — Л. Чарняўская-Гарэцкая, А. Сакалова-Лекант, Ю. Мэнке, А. Якубецкі, М. Красінскі і іншыя.


Б. Тарашкевіч выкладаў у старэйшых класах беларускую літаратуру, лацінскую мову. Яго лекцыі сведчылі пра высокае педагагічнае майстэрства. Ён „ужо сваім красамоўным выкладаннем захапляў вучняў” (5). Нават пасля таго, як уключыўся ў актыўную палітычную дзейнасць у сувязі з выбраннем паслом у польскі сейм у 1922 г., усё роўна цікавіўся справамі гімназіі, дапамагаў ёй.


Лекцыі па беларускай літаратуры М. Гарэцкага і А. Луцкевіча былі „павучальнымі, мілагучнымі, эмацыянальнымі, патрыятычнымі і часам арыгінальнымі па метадзе выкладання” (6). Наконт заняткаў, якія праводзіў М. Гарэцкі, былы вучань гімназіі М. Пецюкевіч успамінаў: „Не было выпадку, каб хто з вучняў нашага класа ўцёк з урока беларускай мовы ці літаратуры. Прыходзілі на ўрокі М. Гарэцкага нават і тыя, каго лекар звольніў па хваробе” (7).


Доўгі час вёў урокі каталіцкай рэлігіі ў Віленскай беларускай гімназіі вядомы палітычны дзеяч, публіцыст, гісторык, ксёндз А. Станкевіч. „Выкладаў на вельмі прыгожай беларускай мове, што выдзяляла яго ад многіх настаўнікаў... Яго лекцыі — размовы аб духоўнасці і нацыянальнай свядомасці” (8).


Урокі рэлігіі павінны былі спрыяць маральнаму выхаванню гімназістаў. У навучальныя планы былі ўключаны таксама беларуская, польская, руская, нямецкая, французская, лацінская мовы, гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, маляванне, спевы, прыродазнаўства і іншыя прадметы.


Вывучэнне гісторыі пачыналася з ІІ класа. На працягу двух першых гадоў вучні вывучалі гісторыю Беларусі. У аснову праграмы па айчыннай гісторыі была пакладзена перыядызацыя, распрацаваная В. Ластоўскім, У. Ігнатоўскім: полацкі, літоўска-беларускі, польскі, расійскі перыяды. У ІV-VІІ класах выкладалася сусветная гісторыя. Адначасова вывучалася больш грунтоўна і гісторыя Беларусі. У аснову гістарычнай адукацыі быў пакладзены прынцып сінхроннага вывучэння айчыннай гісторыі ў кантэксце сусветнай, што павінна было паспрыяць фарміраванню нацыянальнай свядомасці вучняў. У канцы вучобы яны павінны былі выкарыстоўваць свае веды пры абагульненні матэрыялу, яго самастойным асэнсаванні.


Настаўнікі Віленскай беларускай гімназіі актыўна праводзілі вучэбна-метадычную працу. Беларускае навуковае таварыства, якое ўзначальваў А. Луцкевіч, з іх удзелам займалася распрацоўкай навуковай тэрміналогіі, напісаннем, перакладам і выданнем падручнікаў. Сам А. Луцкевіч пераклаў на беларускую мову падручнікі Сусветная гісторыя (частка 2) В. Остэрлёфа і Я. Шустэра (1921 г.), Элементарная алгебра А. Кісялёва (1922 г.) і іншыя.


Яшчэ ў 1920 г. у Вільні была надрукавана кніга М. Гарэцкага «Гісторыя беларускай літаратуры» (у 1921, 1924 гг. з’явіліся дапоўненыя выданні). У згаданай кнізе прааналізаваны асноўныя этапы гісторыі нацыянальнай літаратуры, пачынаючы ад часоў узнікнення пісьменнасці. У 1922 г. у Вільні была выдадзена яшчэ адна кніга М. Гарэцкага — Хрэстаматыя беларускай літаратуры. ХІ век — 1905 год. Пазней, у 1927 г., у дапаўненне да яе Беларускае выдавецкае таварыства (БВТ) надрукавала Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 году), складзеную І. Дварчаніным. Кніга была адрасавана вучням старэйшых класаў беларускіх гімназій.


У 1922 г. БВТ падрыхтавала да друку перакладзены А. Смолічам ужо згаданы падручнік В. Остэрлёфа і Я. Шустэра Сусветная гісторыя (частка 3), дзе разглядаліся пытанні ад вялікіх геаграфічных адкрыццяў да падзелу Рэчы Паспалітай у канцы ХVІІІ ст. Шэраг падручнікаў па фізіцы, геаметрыі падрыхтаваў А. Трэпка, геаметрыі і астраноміі — Р. Астроўскі. Нярэдка вучні старэйшых класаў удзельнічалі ў калектыўных перакладах падручнікаў на беларускую мову.


Віленская гімназія пераўтварылася ў вучэбна-метадычны цэнтр не толькі нацыянальных сярэдніх, але і пачатковых школ Заходняй Беларусі. Менавіта там працавала Л. Чарняўская-Гарэцкая, аўтар чытанак для пачаткоўцаў Родны край. 


Актыўна выкарыстоўваліся ў навучальным працэсе пачатковых школ падручнікі Ал. Смоліч Зорка: Беларуская граматыка, Я. Станкевіча Беларускі правапіс з практыкаваннямі, Б. Тарашкевіча Беларуская граматыка для школ, С. Рак-Міхайлоўскага Арыфметычны задачнік для пачатковых школ (частка 2) і іншыя. Аднак для вывучэння асноўных прадметаў — беларускай і польскай моў, матэматыкі, геаграфіі, прыродазнаўства, гісторыі, рэлігіі і іншых — усё роўна не хапала падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.


Пад уплывам вызваленчай барацьбы, грамадска-палітычнага руху за дэмакратызацыю адукацыі вызначаўся змест навучання і выхавання ў беларускіх гімназіях і пачатковых школах. Прагрэсіўныя настаўнікі і грамадскія дзеячы ўводзілі ў практычную дзейнасць школ ідэі арганізацыі беларускай працоўнай школы. Найбольш поўна яны адлюстроўваліся ў працах С. Паўловіча. 


Аб сваім бачанні мэтаў, задач, зместу выхавання пісаў ён у Беларускім календары на 1929 г. і ў брашуры Аб арганізацыі беларускае працоўнае школы (1928). Сутнасць працоўнай школы, паводле яго слоў, заключалася ў выхаванні і чалавека, і грамадзяніна. Лічыў патрэбным абагульніць сусветны вопыт і выкарыстаць яго з улікам нацыянальных традыцый. 


„Трэба, каб у беларускай школе, пабудаванай на запазычаны ўзор, панаваў дух беларускасці, каб яна адпавядала ўсяму жыццю народнаму, псіхіцы і нацыянальным імкненням беларускага народа, каб з яе выходзілі людзі высокай культуры і моцныя барацьбіты за беларускую справу”. Народная школа павіна быць як агульнадаступнай, так і працоўнай. Яна павінна спрыяць гарманічнаму развіццю дзяцей, падрыхтаваць іх да творчай і прадукцыйнай працы ў грамадстве.


Адным з прынцыпаў працоўнай школы С. Паўловіч лічыў нацыянальны характар выхавання. „Перашкаджаць нашай школе ісці менавіта гэтым шляхам — гэта было бы перадусім злачынствам супраць дзіцяці, супраць яго святога права вучыцца ў роднай школе”. Гэта лагічна ўкладвалася ў шматвяковыя традыцыі народнай педагогікі На працягу многіх стагоддзяў беларуская сялянская сям’я была і яшчэ заставалася тады адзіным ахоўнікам педагагічных традыцый. Таму народная школа не магла не лічыцца з гэтым.


Аб шчырай прыхільнасці нацыянальным інтарэсам сведчыць справаздача С. Паўловіча за 1927/28 навучальны год, калі яму даводзілася часова выконваць абавязкі дарэктара Віленскай гімназіі. „Уся праца ў гімназіі павінна быць арганізавана так, каб вучні атрымлівалі ў нас адпаведныя веды і добрае выхаванне, а сама гімназія па-ранейшаму заставалася галоўным цэнтрам нацыянальна-культурнага адраджэння”9. Пры гэтым ён разумеў, якім цяжкім і цярністым быў і будзе надалей шлях беларускай адукацыі. Аднак іншага чакаць не даводзілася. Абставіны грамадскага жыцця патрабавалі ахвярнасці.


Яшчэ ў 1926 г. у Вільні была надрукавана падрыхтаваная С. Паўловічам Свяшчэнная гісторыя Старога Завету: Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій. Трэба аддаць належнае аўтару, які творча перапрацаваў тэкст Бібліі і падаў яго ў даступнай для ўспрымання вучняў форме. Кніга павінна была стаць універсальнай — яе магла чытаць на роднай мове вясковая і гарадская школьная моладзь.

 
Хоць падручнік быў крыху аб’ёмны для вучняў малодшых класаў, але яго маглі чытаць і дарослыя. Якраз у беларускіх сем’ях не хапала такой біблейска-літаратурнай хрэстаматыі. У 1929 г. у Вільні ў Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны была выдадзена яшчэ адна кніга С. Паўловіча «Пішы самадзейна: Развіццё навыку самастойнага пісьма».


Разам з іншымі прадстаўнікамі заходнебеларускай інтэлігенцыі С. Паўловіч выступіў з рэзкім асуджэннем увядзення з 1929/30 навучальнага года ў беларускіх і польска-беларускіх пачатковых школах буквара (лацінкай) С. Любіч-Маеўскага.


У сваёй брашуры «Некалькі ўваг аб беларускім „лемантары” Ст. Любіч-Маеўскага» (надрукавана пад псеўданімам „Паляшук” у 1929 г.) аўтар зрабіў крытычны аналіз буквара і прыйшоў да высновы, што яго выкарыстанне нясло значную шкоду нацыянальнай свядомасці дзяцей. Міністэрства веравызнанняў і грамадскай асветы Польшчы вымушана было зняць буквар з карыстання, але ўжо ў наступным годзе другое, „папраўленае”, выданне зноў паступіла ў школы.


Удасканальваннем форм і метадаў навучальна-выхаваўчага працэсу займаліся не толькі ў Віленскай, але і іншых беларускіх гімназіях. Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, паступова ішоў працэс беларусізацыі ў Навагрудскай гімназіі. Гімназія мела прыродазнаўчы ўхіл, хоць значнае месца адводзілася і прадметам гуманітарнага цыкла. 


Шмат клапаціўся пра матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне гімназіі яе арганізатар і дырэктар Я. Цеханоўскі. Пасля яго ад’езду за мяжу на заробкі абавязкі дырэктара выконваў П. Скрабец. У Навагрудскай гімназіі навучэнцы былі ўцягнуты ў працу шэрагу гурткоў — па беларусазнаўстве, прыродазнаўстве, сусветнай літаратуры.

 
Для паглыблення ведаў па беларускай мове вучні складалі слоўнік да твораў Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага), збіралі фальклор. Вучні І-ІІІ класаў займаліся зборам, распрацоўкай тэрміналогіі мясцовай флоры і фауны, выдавалі рукапісны часопіс „Жаваранак”. Хор і аркестр пад кіраўніцтвам кампазітара А. Валынчыка набыў вядомасць нават па-за межамі Навагрудка. У 1927-1930 гг. у Навагрудскай беларускай гімназіі выкладаў маляванне Я. Драздовіч.


Шырокай культурна-асветніцкай дзейнасцю займалася Клецкая гімназія, якую ўзначальваў Р. Якубёнак. Створаны там літаратурны гурток хутка пераўтварыўся ў літаратурна-мастацкі. У навакольных вёсках набылі папулярнасць гімназічны хор і аркестр. Настаўнікі імкнуліся выкладаць свае прадметы на належным узроўні. Радашковіцкая гімназія імя Ф. Скарыны была адкрыта ў 1922 г. намаганнямі вядомага грамадскага дзеяча, сенатара А. Уласава. 


Спачатку дырэктарам гімназіі быў А. Вернікоўскі, потым — Ф. Стэцкевіч. У 1926 г. пры гімназіі былі адкрыты курсы настаўнікаў пачатковых школ, пазней у час летніх канікулаў збіраліся выкладчыкі беларускіх гімназій. Настаўнікі Радашковіцкай беларускай гімназіі вызначаліся высокім прафесіяналізмам. Сярод іх трэба ўзгадаць Я. Гаўрыліка, С. Караля, М. Касцевіча (Краўцова) і іншых. Мясцовая арганізацыя ТБШ аказвала матэрыяльную дапамогу гімназіі. Усяго ў 1922-1929 гг. у Радашковіцкай гімназіі вучылася каля 800 чалавек, з іх 86 атрымалі матуру.


Рабіліся захады адкрыць беларускую гімназію ў Глыбокім. У 1926 г. Глыбоцкая акруговая ўправа ТБШ (старшыня — П. Мятла) лічыла гэта найпершай задачай. Быў наладжаны збор ахвяраванняў, аднак польскія ўлады не далі дазволу на адкрыццё гімназіі. Кіраўніцтва Таварыства планавала адкрыць гімназіі ў Гродне і іншых гарадах краю, але здзейсніць гэта не ўдалося.


Атмасфера глыбокай павагі да дэмакратычных, нацыянальных каштоўнасцей спрыяла разгортванню гімназічнага руху. Ужо ў пачатку 1920-х гадоў у Віленскай гімназіі быў створаны вучнёўскі гурток, дзейнасць якога мела культурна-асветніцкі характар. Гурток выдаў 7 нумароў часопіса „Маладое жыццё”, мэтай якога з’яўлялася „гартаванне маладых беларускіх сіл на змаганне за духоўнае адраджэнне Беларусі і закліканне ў свае рады новых байцоў за гэтую ж ідэю” (10). 


Менавіта там дэбютавалі маладыя паэты Н. Арсеннева, Х. Ільяшэвіч. У 1922 г. у Віленскай гімназіі выходзіў вучнёўскі літаратурны часопіс „Зорка”. У адным з нумароў быў змешчаны верш Досыць спаць!, які заклікаў да нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Аналагічныя вучнёўскія газеты і часопісы рэвалюцыйна-дэмакратычнага напрамку выдаваліся таксама ў Радашковіцкай, пазней — Клецкай гімназіях. 


Як правіла, пасля выхаду 1-2 нумароў яны забараняліся польскімі ўладамі. Потым навучэнцы Віленскай гімназіі выдавалі таксама друкаваныя і рукапісныя часопісы „Рунь”, „Покліч”, „Золак”, „Васілёк”, „Усход”, „Наперад”, „Вучнёўскі звон”.


З 1922 г. у Віленскай гімназіі нарадзіліся традыцыі скаўцкага руху. Яго ініцыятарамі былі С. Рак-Міхайлоўскі, А. Луцкевіч, А. Смоліч, М. Гарэцкі, Ф. Аляхновіч і іншыя дзеячы заходнебеларускага грамадства. Былі створаны чатыры дружыны. Нават пасля забароны іх польскімі ўладамі старшакласнікі прапагандавалі ідэі скаўцкага руху ў час летніх канікулаў у вёсках. Ганенні польскіх улад прымусілі праводзіць работу пад выглядам спартыўнага аб’яднання „Гайсак”, аднак і яго забаранілі.


З сярэдзіны 1920-х гадоў ажывілася вучнёўская мастацкая самадзейнасць. У Віленскай гімназіі дзейнічалі тэатральны і драматычны гурткі. У 1926-1927 гадах Я. Драздовіч наладзіў там мастацкую майстроўню. Многія вучні былі заняты ў духавым і струнным аркестрах. Р. Шырма, які з 1926 г. працаваў выкладчыкам спеваў у гімназіі і выхавацелем у інтэрнаце, арганізаваў вучнёўскі хор. 


Гэты калектыў шмат зрабіў у справе папулярызацыі беларускай народнай песні. „Вечары славянскай песні” (першы адбыўся 17 чэрвеня 1928 г.) гэтага хору пад акампанемент кампазітара К. Галкоўскага атрымалі вядомасць ва ўсіх заходнебеларускіх землях.


Паступова гімназісты ўцягваліся ў нацыянальна-вызваленчую барацьбу. Кожны год урачыста адзначалася свята ў гонар абвяшчэння незалежнасці БНР 25 сакавіка 1918 г. Ва ўсіх беларускіх гімназіях шырока выкарыстоўвалася нацыянальная сімволіка — герб Пагоня і бела-чырвона-белы сцяг.


Як сведчыць справаздача польскай паліцыі за 1926 г., у час святаў і канікулаў вучні-гурткоўцы Віленскай гімназіі агітавалі на карысць Грамады. Выдадзены ў снежні таго ж года першы нумар часопіса „Наперад” адкрываўся радкамі „Мы выйдзем шчыльнымі радамі...”.


Ідэі Грамады імпанавалі гімназістам. Пасля яе разгрому польскімі ўладамі ў беларускіх гімназіях адбываліся забастоўкі пратэсту. 10 сакавіка 1927 г. па ініцыятыве вучнёўскага гуртка была праведзена забастоўка ў Радашковіцкай гімназіі. Пазней там быў наладжаны збор сродкаў для палітзняволеных.


Гімназісты-камсамольцы аказвалі пэўны ўплыў на фарміраванне светапогляду навучэнцаў, арганізоўвалі культурна-асветніцкую работу. У Віленскай гімназіі найбольш актыўнымі ўдзельнікамі камсамольскага падполля з’яўляліся Я. Міско, В. Таўлай, Я. Урбановіч, П. Радзюк, А. Салагуб, М. Васілёк і іншыя. Вучнёўскі гурток быў легальнай пляцоўкай для іх дзейнасці.


Усё гэта давала падставы польскім уладам называць гімназіі „логавам камунізму”. У справаздачы камандавання польскай карпусной акругі ДОК-ІІІ за трэці квартал 1928 г. падкрэслівалася, што „Віленская і Радашковіцкая гімназіі выхоўвалі моладзь у камуністычным духу” (11). 


Безумоўна, што рэжым „санацыі” лічыў любую праяву нацыянальнай свядомасці беларусаў вынікам працы „падрыўных элементаў”. Таму ўлады звольнілі многіх настаўнікаў, асабліва прыхільнікаў рэвалюцыйна-дэмакратычных поглядаў.


У ходзе школьных забастовак вучні праяўлялі высокі ўзровень нацыянальнай свядомасці. Вялікі размах набыла забастоўка 20 снежня 1928 г. Была прынята рэзалюцыя з асуджэннем рэпрэсій польскіх улад. „Мы, дзеці беларускіх сялян і рабочых, з самага пачатку існавання гімназіі змагаемся за тое, каб адукацыя, якую мы атрымоўваем у школе, дала нам магчымасць быць вернымі змагарамі за справу вызвалення беларускіх працоўных мас, каб атрыманыя веды аддаць барацьбе, якую вядзе беларускі селянін і рабочы супраць фашызму і польскага імперыялізму, за вызваленне прыгнечаных мас, за рабоча-сялянскую Беларусь” (12). 


Асуджаны былі і дзеянні Р. Астроўскага, які пасля судовага працэсу Грамады адстойваў пазіцыю супрацоўніцтва з польскім урадам „санацыі”. „Гімназія пад кіраўніцтвам Астроўскага — гэта барацьба дырэкцыі з вучнямі, звальненне выкладчыкаў, якія не згодны з яго палітыкай” (13).


Больш моцныя хваляванні назіраліся ў гімназіі 27 лютага 1929 г. Для „ўціхамірвання” выступлення была выклікана паліцыя. Пасля гэтага быў выключаны 41 вучань. У знак пратэсту супраць гэтага пракацілася хваля забастовак у іншых беларускіх гімназіях. 


У Навагрудскай гімназіі выступленне працягвалася 2 тыдні. „Забастоўка мела спакойны характар, сярод настаўнікаў панавала маральнае прыгнечанне і боязь аб закрыцці гімназіі”, — адзначалася ў справаздачы масцовых польскіх улад (14). Падаўленне школьных забастовак прынесла значныя страты: усяго на працягу 1928/29 навучальнага года з беларускіх гімназій выключылі каля 130 вучняў. Пасля гэтага многія з іх (Я. Скурко (М. Танк), В. Таўлай і інш.) працягвалі прымаць актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчай барацьбе.


У час забастовак навучэнцы праяўлялі высокі ўзровень нацыянальнай і грамадскай свядомасці. Аднак пры падвядзенні вынікаў школьнай акцыі (на нарадзе прадстаўнікоў камсамольскіх ячэек гімназій у чэрвені 1929 г.) адзначалася, што яна „на першай стадыі праходзіла вельмі слаба”. 


„Асабліва дрэнна адбілася на развіцці гэтай кампаніі некамуністычная апатыя і пасіўнасць значнай часткі арганізацыі” (15). Незадавальненне камсамольскіх лідэраў выклікала нежаданне часткі гімназістаў уступаць у адкрытую канфрантацыю з польскімі ўладамі. „Яскравай праявай правага ўхілу было неразуменне ролі палітычнай забастоўкі ў беларускіх гімназіях, што мела месца ў Клецку, дзе таварышы вырашылі абмежавацца толькі складаннем ліста пратэсту, не здолелі таксама дастаткова падрыхтаваць акцыю і выкрыць да канца палітыку Астроўскага і К°” (16).


Былі заўважаны і іншыя „грахі” ідэалагічнага характару. „У адозвах, выдадзеных ад Віленскай гімназіі, ёсць шэраг няясных і памылковых лозунгаў: „за сапраўдную беларускую гімназію, за злучэнне Заходняй Беларусі з Усходняй, супраць увядзення ў ІІ і ІІІ класах гісторыі Польшчы”. Лозунгі гэтыя няясныя і могуць садзейнічаць нацыяналістычнаму скрыўленню нашай лініі, асабліва лозунг „Злучэнне Заходняй Беларусі з Усходняй” з’яўляецца ў корані памылковым — [яго] „выстаўляюць таксама сацыял-фашысты, якія прыкрываюць імперыялістычныя (федэратыўныя) імкненні польскай буржуазіі”.


Некаторыя заходнебеларускія дзеячы не лічылі школьныя забастоўкі мэтазгоднымі. „Уцягванне школьнай моладзі (асабліва малодшых класаў), якая не можа адказваць за свае ўчынкі, якіх не разумее, — меркаваў А. Луцкевіч, — прыносіць ганьбу тым, ... хто моладзь пхае”(17).


Відавочнай становіцца неадназначнасць вынікаў школьных акцый пратэсту. З аднаго боку, яны абуджалі нацыянальную свядомасць навучэнцаў, з’яўляліся сродкам загартоўкі змагароў за беларускія інтарэсы.

 
З другога боку, нягледзячы на шчырыя намаганні некаторых дзеячаў КПЗБ, забастоўкі насілі ў пэўнай ступені дэструктыўны характар, бо заканчваліся пераважна масавымі выключэннямі навучэнцкай моладзі, а пазней — нават закрыццём устаноў. Лічым, што апошняе было вынікам лявацкага загіба ў заходнебеларускім камуністычным руху.


Забастоўкі з’яўляліся для польскіх улад толькі фармальнымі падставамі для ганенняў. Асноўнай прычынай было імкненне нанесці знішчальны ўдар па заходнебеларускім нацыянальна-вызваленчаму руху. Беларускія гімназіі якраз з’яўляліся моцнымі пляцоўкамі грамадска-палітычнага жыцця краю. Яны таксама перашкаджалі ажыццяўляць асіміляцыю беларускага насельніцтва.


Менавіта таму і была ў 1929 г. закрыта Радашковіцкая беларуская гімназія. Улады фармальна спасылаліся на яе блізкае размяшчэнне каля польска-савецкай мяжы, нізкі ўзровень навучання, незапатрабаванасць яе мясцовым беларускім насельніцтвам. І гэта ў яе „зорны час”, калі колькасць навучэнцаў дасягнула 240 чалавек (18). А ў 1931 г. польскія ўлады спынілі існаванне беларускай гімназіі ў Клецку.


Пад выглядам дакладнага выканання новага школьнага заканадаўства былі зроблены захады па ліквідацыі дзвюх уцалелых беларускіх гімназій — Віленскай і Навагрудскай. У 1932 г. яны былі пераўтвораны ў філіі дзяржаўных польскіх гімназій. З набыццём дзяржаўнага статуса гімназіі часткова палепшылі вучэбна-матэрыяльную базу, але страцілі былую самастойнасць. У 1934 г. Навагрудская гімназія была наогул скасавана.


Нягледзячы на крытычнае становішча, адзіная беларуская гімназія ў Вільні працягвала карыстацца аўтарытэтам у заходнебеларускім грамадстве. Там былі адноўлены скаўцкія традыцыі. У 1937/38 навучальным годзе ў гімназіі дзейнічалі гурткі, вучнёўскі кааператыў, выпускалася насценная газета „Наша жыццё”. Сярод вучняў найбольш было моладзі з Навагрудчыны. Большасць складалі дзеці сялян (пераважна малазямельных) і рабочых. У тым жа навучальным годзе на 40 месцаў у першым класе было 80 прэтэндэнтаў, што сведчыць аб папулярнасці гімназіі.


Паводле школьнага заканадаўства гімназія была пераўтворана ў 4-класную, таму летам 1937 г. яе бацькоўскі камітэт дамагаўся адкрыцця ў Вільні беларускага ліцэя гуманітарнага тыпу. Аднак гэтыя намаганні не мелі поспеху. 


Да таго ж, у 1938/39 г. папячыцельства Віленскай школьнай акругі загадала скасаваць першы клас гімназіі. Летам 1939 г. польскія школьныя ўлады ўсё-такі дазволі правесці ўступныя экзамены. Тым не менш лёс адзінай ва ўсім заходнебеларускім краі нацыянальнай гімназіі быў няпэўным. Гэта было яскравым прыкладам рэальнай пагрозы нацыянальна-культурнай асіміляцыі беларусаў у ІІ Польскай Рэспубліцы.


Па меры пераходу ў наступленне ў БССР супраць нацыянал-дэмакратызму з канца 1920-х гадоў савецкая прапаганда пачала называць заходнебеларускія гімназіі „рассаднікамі буржуазнага нацыяналізму”. 


Аднак ніякіх падстаў для такіх сцвярджэнняў не было. Форма кіравання, змест і характар навучання, выхавання ў гімназіях сведчылі аб адмежаванасці ад старой буржуазнай школы з яе нацыянальнымі, сацыяльнымі і рэлігійнымі антаганізмамі. Школы былі даступны дзецям працоўных. Іншая справа, што польскія ўлады не давалі магчымасці гэта рэалізаваць. Вучні выхоўваліся не нацыяналістамі, а патрыётамі сваёй Айчыны. Гэта дасягалася засваеннем як нацыянальных, так і агульначалавечых духоўных каштоўнасцей.


З гімназій выйшла цэлая плеяда відных дзеячаў. Віленскую гімназію скончылі мастакі М. Васілеўскі, Р. Семашкевіч, В. Сідаровіч, паэты Н. Арсеннева, Х. Ільяшэвіч, А. Салагуб, дзеячы грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Заходняй Беларусі І. Дварчанін, А. Клімовіч, Я. Шутовіч, М. Пецюкевіч і многія іншыя. 


Згаданы паэт В. Таўлай таксама там вучыўся некалькі гадоў. З Радашковіцкай школай звязаны жыццёвы шлях другога заходнебеларускага паэта — М. Танка. Вучнямі Навагрудскай гімназіі з’яўляліся будучыя вучоныя Л. Барысаглебскі, Б. Кіт і іншыя. Па-рознаму складаўся лёс тых, хто вучыўся ў гімназіях: хтосьці перайшоў у Савецкую Беларусь (большасць з гэтых людзей стала ахвярай сталінізму), іншыя выехалі вучыцца на Захад і там засталіся, частка — працягвала жыць у Заходняй Беларусі (некаторыя потым апынуліся ў эміграцыі). У любых абставінах яны імкнуліся быць вернымі тым прынцыпам, якія ім прывівалі настаўнікі ў гімназіях.


У цэлым, беларускія гімназіі разам з палітычнымі партыямі, культурна-асветніцкімі арганізацыямі таксама ўнеслі ўклад у супрацьдзеянне палітыцы паланізацыі. Яны фарміравалі кадры нацыянальнай інтэлігенцыі, якая разумела неабходнасць захавання адукацыі на роднай мове, культуры, традыцый народа, далучэння да вызваленчай барацьбы. Гімназіі з’яўляліся вучэбна-метадычнымі цэнтрамі (асабліва Віленская), нацыянальнымі асяродкамі культурна-асветніцкага і палітычнага жыцця Заходняй Беларусі.
 
Літаратура:
1. „Сям’я і школа”, 1929, № 1, c. 8.
2. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НАРБ), ф. 883, воп. 1, спр. 30, арк. 87.
3. Там жа, спр. 28, арк. 3.
4. Там жа, спр. 30, арк. 5.
5. Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ АН Беларусі, ф. 1, воп. 1, спр. 64, арк. 7.
6. Там жа, арк. 6.
7. Максім Гарэцкі: успаміны, артыкулы, дакументы, Мінск 1984, с. 87-88.
8. „Полацк”, 1992, № 3, с. 50.
9. НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 60, арк. 60адв.
10. „Сям’я і школа”, 1929, № 1, c. 20.
11. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці (далей: ДАБВ), ф. 67, воп. 1, спр. 941, арк. 8.
12. НАРБ, ф. 242, воп. 1, спр. 235, арк. 1-2.
13. Там жа.
14. ДАБВ, ф. 67, воп. 1, спр. 1211, арк. 7адв.
15. НАРБ, ф. 242, воп. 1, спр. 153, арк. 26.
16. Там жа, спр. 305, арк. 55.
17. „Студэнцкая думка”, 1929, № 1, c. 36.
18. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, ф. 3, воп. 1, спр. 21, арк. 4.
 

kamunіkat.fontel.netwww.istpravda.ru