Жыццю Максіма Вінярскага пагражае небяспека
Заява грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
У пятніцу, 29 жніўня, па надуманым падазрэнні ў Мінску быў затрыманы каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі. З турмы, дзе ён утрымліваецца,
дайшла дакладная інфармацыя, што яму пагражаюць расправай.
Дыктатарскі рэжым зладзіў за Максімам Вінярскім сапраўднае паляванне. За апошні час ён адбыў у турмах больш за 300 дзён, пастаянна падвяргаецца ціску і запалохванню, яго беспадстаўна спрабавалі
папярэдзіць аб недапушчальнасці экстрэмісцкай дзейнасці.
Максім быў затрыманы праз два дні пасля візіту ў Мінск Вярхоўнай прадстаўніцы па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і яе сустрэчы з Лукашэнкам. Рэжым успрыняў гэтую сустрэчу на
фоне бесперапынных арыштаў як сігнал для працягу рэпрэсій, утрымання ў турмах палітычных вязняў, уключаючы кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалая Статкевіча.
Не выпадкова рэпрэсіям адразу ж пасля візіту баранэсы Эштан падвергнуўся менавіта каардынатар «Еўрапейскай Беларусі», грамадзянскай кампаніі, вядомай сваёй прыхільнасцю
еўрапейскім каштоўнасцям і прынцыпам ненасілля.
Пасля шматлікіх арыштаў у Максіма Вінярскага з'явіліся праблемы са здароўем, у прыватнасці пасля сухой галадоўкі, якую ён трымаў падчас арышту напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў
Мінску. Сёння яму пагражаюць гвалтоўнай расправай.
Мы звяртаемся да прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Мінску, да ўсіх амбасадаў дзяржаў-чальцоў ЕС, да амбасады ЗША, амбасады Украіны, за салідарнасць з якой змагаецца Вінярскі, звярнуць самую
сур'ёзную ўвагу на гэтую сітуацыю, прадухіліць судовую і фізічную расправу над Максімам, запатрабаваць яго неадкладнага вызвалення.
charter97.org