Жорстка. Але ці прынцыпова?
Зразумела ж, міжнародныя назіральнікі не прызналі беларускія выбары свабоднымі, справядлівымі і адпавядаючымі міжнародным стандартам у гэтай галіне. На прызнанне, падаецца, ніхто і не разлічваў. Але справа ў тым, не што было сказана, а як гэта было сказана.
Зазвычай місія назіральнікаў на выбарах ад еўрапейскіх структур — Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, Парламенцкай асамблеі АБСЕ, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека і іншых — імкнуцца ўсяляк «падсаладзіць пілюлю». Знаходзяць нейкія нязначныя крупінкі «прагрэсу» ў беларускіх выбарах, згадваючы спачатку пра іх. Папярэдне кажуць «на вялікі жаль», «нам вельмі шкада гэта прызнаваць» і падобнае на тое, перш чым заявіць пра хібы беларускага выбарчага працэсу.
На прэс-канферэнцыі 18 лістапада па выніках прайшоўшай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у нашай краіне нічога гэтага не было. Маргарэт Сэдэрфельт, спецыяльны каардынатар і кіраўнік кароткатэрміновай місіі па назіранні АБСЕ, адразу ўзяла жорсткую танальнасць, заявіўшы, што назіральная місія не прызнае гэтыя выбары адпавядаючымі міжнародным стандартам. «Гэтыя выбары прадэманстравалі поўную адсутнасць павагі да дэмакратычных абавязальніцтваў», — заявіла яна.
Еўрапейскія эксперты каротка, але змястоўна «прабегліся» па нашым дзействе, вызначыўшы «болевыя кропкі» гэтай выбарчай кампаніі ад пачатку і да канца. Напрыклад, тое, што Лукашэнка прызначыў выбары 5 жніўня, фактычна распусціўшы парламент шостага склікання амаль за год да заканчэння тэрміну яго паўнамоцтваў без аніякай спасылкі на канстытуцыйныя падставы для роспуску, што супярэчыць абавязальніцтвам Беларусі ў АБСЕ. Пры гэтым еўрапейцы зазначылі, што ў такім выпадку існуе небяспека ўвогуле ператварыць парламенцкія выбары ў фармальнасць.
Праўда, пра тое, што наш парламент — цалкам фармальны, апазіцыя казала ў Еўропе не адно дзесяцігоддзе. На жаль, там да іх голасу слаба прыслухоўваліся.
Было зазначана і непразрыстае стварэнне выбарчых камісій, іх падначаленасць выканаўчай уладзе, тое, што назіральнікі не могуць паўнавартасна назіраць на выбарчых участках — сачыць за роспісам выбаршчыкаў пры атрыманні бюлетэня, набліжацца да скрыні галасавання і ўвогуле сачыць за падлікам бюлетэняў. Пры гэтым еўрапейцы адзначылі дзіўную рэч, што тычыцца празрыстых скрыняў для галасавання. Канешне, дзе-нідзе такія ёсць, але выкарыстоўваюцца яны амаль паўсюдна толькі ў дзень галасавання. Скрыні для датэрміновага галасавання — чамусьці амаль паўсюдна непразрыстыя.
А гэта вельмі істотна, калі з 77% нібыта прыйшоўшых, па дадзеных ЦВК, на выбары грамадзян 35% (амаль палова!) прагаласавалі датэрмінова.
Агульная сітуацыя ў краіне таксама была згаданая. Гэта і адсутнасць свабоды сходаў — памянулі нават аплату за іх: на думку еўрапейскіх экспертаў, слаба суадносіцца з Канстытуцыяй, што свабоду сходаў гарантуе. Гэта і нерэгістрацыя грамадскіх аб’яднанняў і партый — хіба ў свабодзе арганізацый і асацыяцый. Дасталося свабодзе СМІ і фактычна манапалізаванаму дзяржавай інфармацыйнаму полю.
«Выбары без свабоды дэбатаў і праўдзівага ўдзелу, як мы пабачылі гэта ў Беларусі — не магчымасці для грамадства, якімі яны павінны быць — сказаў Дзітмір Бушаці, кіраўнік дэлегацыі ПА АБСЕ. — Удзельнікі палітычнага працэсу не маглі быць паўнавартаснымі гульцамі на гэтай пляцоўцы, вынікам чаго сталі выбары без спаборніцтва».
Згадалі і тое, што ў 2016 годзе такая ж місія АБСЕ выдавала рэкамендацыі Беларусі датычна правядзення выбарчай кампаніі, якая б хоць крыху адпавядала дэмакратычным стандартам. Ніводная з гэтых рэкамендацыяў выкананая, канешне, не была. Мажліва, спадарыня Ярмошына паспрабавала гуляць у звыклую гульню: «Мы абавязкова іх улічым, але выбары ўжо ідуць, коней на пераправе не мяняюць». Здаецца, няменяныя коні еўрапейцам ужо надакучылі.
Лорд Блэнкатра, кіраўнік дэлегацыі ПАСЕ адзначыў, што паўнавартасны канчатковы дакумент па назіранні за беларускімі выбарамі будзе выпрацаваны месяцы праз два, і сказаў, што ён не «ляжа на паліцу», а будзе абмеркаваны ў студзені ў Страсбургу на сесіі ПАСЕ ўсімі 47 чальцамі гэтай арганізацыі.
Застаюцца толькі пытанні, якія будуць вынікі гэтага абмеркавання? Чым яно адгукнецца тым, хто зарганізаваў і правёў «выбары» ў Беларусі так, як яны прайшлі? Наколькі беларуская палітыка «замірэння з Еўрасаюзам» будзе пастаўленая пад сумнеў у выніку несумленных і недэмакратычных выбараў?
І, урэшце, ці трапіць спадарыня Ярмошына ізноў у спіс неўяздных у Еўропу?