Выбары ў Каардынацыйную раду адбудуцца «нават калі прагаласуе тысяча»
Ужо на гэтым тыдні, 25 мая, стартуюць выбары ў Каардынацыйную раду — ворган, які нібыта «прадстаўляе народ Беларусі».
«Наша Ніва» спытала ў яе дзейнага спікера Андрэя Ягорава, якой лічбы удзельнікаў галасавання будзе дастаткова для таго, каб лічыць, што выбары адбыліся.
«Любы ўзровень дадатковай легітымнасці, які будзе забяспечаны праз гэтыя выбары, будзе добрым. Нават калі гэта прагаласуе тысяча, — кажа Ягораў. — Канечне, хацелася б, каб гэта былі дзясяткі і сотні тысяч. Але мы дзейнічаем у такіх умовах, калі дакладна сказаць вельмі цяжка, таму што мы ніколі такога не рабілі. Апошняе масавае галасаванне такога кшталту праз платформу «Голас» прайшло некалькі год таму. Таму сказаць, што мы будзем мець цяпер, вельмі складана.
Абазначанага парогу яўкі, які дазволіць лічыць, што выбары адбыліся, няма».
Падобны арыентыр агучваюць і ў выбарчай камісіі.
Частку ахвотных прагаласаваць адсячэ неабходнасць мець на руках менавіта беларускі пашпарт, хай і пратэрмінаваны. Ні копія, ні скан для выбараў не падыйдуць, а гэта значыць, што некаторыя беларусы са статусам уцякацтва ці ў працэсе чакання пэўнай часткі дакументаў, а таксама са згубленым пашпартам удзельнічаць у працэсе не змогуць.
«Рашэнне выбарчай камісіі абмяжоўвае магчымасці такога галасавання, бо тэхнічна з’яўляецца шмат праблемаў з верыфікацыяй, з магчымасцю двайнога галасавання, з тым, што гэтыя дакументы маюць розныя стандарты. І гэта вельмі цяжкае рашэнне, шкада, што людзі не змогуць прагаласаваць. У пэўным сэнсе я адчуваю персанальны боль, што так адбываецца. Але ўзважваючы, разумею, чаму камісія прыняла такое рашэнне», — удакладняе Андрэй Ягораў.
Павел Хадзінскі на «Новым Часе» нагадваў:
«3 траўня 2024 года Сьвятлана Ціханоўская і Рабэрта Мэтсола падпісалі дакумэнт аб супрацоўніцтве паміж беларускім дэмакратычным рухам і Эўрапейскім парлямэнтам. У дакумэнце адзначаецца, што, увага:
«Аб’яднаны Пераходны Кабінэт Беларусі і Каардынацыйная Рада павінны разглядацца міжнароднай супольнасьцю як прадстаўнікі народа Беларусі».
Вось так, ня больш, ня менш, нам абвешчана, што Каардынацыйная Рада прадстаўляе народ Беларусі».
У сваіх ранейшых выказваннях Андрэй Ягораў казаў пра 50 тысяч патэнцыйных удзельнікаў галасавання.
«Крыху забаўляльнай матэматыкі. Па падліках сацыялёга Генадзя Коршунава, з Беларусі пасьля 2020 года выехала каля 500-600 тысячаў чалавек як у заходнім, так і ўсходнім кірунках, — піша Павел Хадзінскі. — 50 тысячаў, заяўленых былым сьпікерам і арганізатарам выбараў, складае такім чынам каля 10% ад колькасьці беларусаў, якія пакінулі Беларусь, альбо каля 0.5% ад агульнай колькасьці насельніцтва Беларусі.
І гэта па аптымістычных прагнозах спадара Ягорава. А калі тых, хто прагаласуе, будзе 20 тысячаў? Ці 5 чалавек (парога яўкі, як памятаем, няма)? Пра які «прадстаўнічы орган народа Беларусі» можа весьціся гаворка?»