Выбараў няма. Але выбар — ёсць

На мінулым тыдні краіна перанесла хваробу, якая афіцыйна завецца выбарамі. І многія перажываюць пасля яе ўскладненні: кагосьці не адпускае галаўны боль і сусветнае расчараванне, у некага круціць пальцы ад падтасоўвання лічбаў у пратаколах, пячэ рукі ад укідаў бюлетэняў, а некага спальваюць згрызоты сумлення.

5c922ab6_aa77_4f1d_a376_03833dca56c3_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg


Як бы ні было, наступствы ад «вакханаліі» адчуваюць усе, хто прама ці ўскосна браў у ёй удзел. Так, некалькі назіральнікаў вымушаныя былі звяртацца па медычную дапамогу наўпрост на выбарчых участках: у аднаго скокнуў ціск, у другой не вытрымалі нервы… З якімі праявамі «поствыбарчага сіндрому» сутыкнуліся чальцы камісій і галоўныя арганізатары гэтай ліхаманкі, сказаць цяжка, але і для іх яна не прайшла бясследна. Я асабіста ведаю чалавека, які быў сябрам камісіі, і пасля ўсяго, што адбылося, прызнаўся, што яму сорамна за ўдзел у гэтым.

Напачатку ён яшчэ спрабаваў апраўдвацца, што ў яго не было выбару — проста паставілі перад фактам. Яму не хацелася губ­ляць працу ў сталым узросце, псаваць адносіны з кіраўніцтвам… Але, паслухайце, хіба пра адсутнасць выбару тут гаворка? Для мяне ў гэтай сітуацыі выбар якраз відавочны — нежаданне супраціўляцца і змагацца за свае правы.

Хіба шмат знойдзецца злодзеяў, якія прызнаюцца, што рабілі злачынства дзеля самога злачынства? Часцей за ўсё злачынцы знаходзяць сабе апраўданне, спасылаюцца на абставіны… Хіба большасць даносаў на сяброў і суседзяў у 1930-х гадах пісалі проста дзеля таго, каб ім нашкодзіць? Не, даносчыкі хацелі адвесці бяду ад сябе. Ну і заадно завалодаць суседскім дабром — усё адно ж прападзе.

Канешне, мяне можна папракнуць у занадта жорсткіх параўнаннях. Але, па-першае, якая розніца, пад які артыкул Крымінальнага кодэкса трапляе злачынства? Яно ўсё адно застаецца злачынствам. Па-другое, ніхто не ў стане даць адказ, на што можа пайсці чалавек, прыціснуты страхам. Сёння ён фальсіфікуе выбары, а заўтра можа пайсці пісаць даносы.

Менавіта страх — тое пачуццё, якое ў нас узрошчвалі не адно пакаленне і ад якога мы так і не здолелі пазбавіцца, жывучы ў незалежнай краіне. Ад таго і «выбары», і шмат якія яшчэ працэсы ў нашай дзяржаве з году ў год адбываюцца па нязменным сцэнары. Страх згубіць нагрэтае месца і добры заробак прымушае людзей марнаваць жыццё на ненавіснай працы. Страх застацца ў адзіноце прымушае жанчын цярпець хатні гвалт. Страх быць раструшчаным сістэмай прымушае моўчкі парушаць закон дзеля ўмацавання гэтай сістэмы. І самае непрыемнае, калі ўзнікае стакгольмскі сіндром, і ахвяры пачынаюць апраўдваць сваіх катаў.

Вось толькі парадокс у тым, што той, хто баіцца, прайграе пры любым раскладзе. Сістэма ўсё гэтак жа будзе падмінаць баязліўца пад сябе, гвалтаўнік усё гэтак жа будзе чыніць здзек з маўклівай ахвяры, працадаўца будзе пагарджаць працаўніком, які баіцца заявіць пра свае правы.

Бо навошта нешта мяняць, калі ўсіх усё задавальняе?

Але, як пісаў Караткевіч, Бог даў беларусу дзюбу не для таго, каб ён пішчаў. І, пагатоў, галава дадзеная кожнаму з нас не толькі для таго, каб насіць капялюш і пры нагодзе хаваць яе ў пясок. А перадусім — каб думаць і рабіць выбар. Бо нават калі ў краіне няма сапраўдных выбараў як формы ўдзелу грамадзян у грамадска-палітычным жыцці дзяржавы, кожны ў стане зрабіць выбар для сябе: баяцца ці не, казаць праўду ці маўчаць, удзельнічаць у злачынстве ці выкрываць яго, заставацца сумленным чалавекам ці пераходзіць на бок пануючага зла.

Ёсць усяго некалькі выпадкаў, калі можна казаць пра адсутнасць выбару: калі пазбаўлены розуму і дзеяздольнасці ці калі знаходзішся ў магіле. Але ж нас з вамі гэта не тычыцца?