Віктар і Эдуард Бабарыкі не выходзяць на сувязь. Яны ў фінансавай міліцыі?
Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард не выходзяць на сувязь, заўважае Еўрарадыё.
Як паведамляе ў Telegram штаб палітыка, ужо сабрана 425 тысяч подпісаў за вылучэнне Бабарыкі. Раніцай 18 чэрвеня ён з сынам паехалі здаваць чарговую частку подпісаў і зніклі — тэлефоны недаступныя. Мяркуецца, што іх даставілі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантроля для правядзення нейкіх следчых дзеянняў. Найхутчэй па справе "Белгазпрамбанка", які да нядаўняга часу ачольваў Віктар Бабарыка. Палітык лічыць, што гэта "у большай ступені палітычная замова".
"Мы даўно рыхтаваліся і зробім важную заяву з нагоды нашых далейшых дзеянняў незалежна ад таго, ці будуць Віктар і Эдуард з намі", — піша штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты.