Валерый Карбалевіч пра адносіны Беларусі і Расіі: «Час, калі хвост круціў сабакам, застаўся ў мінулым»

Што цяпер залежыць ад Аляксандра Лукашэнкі?

karbalevicz1_700x400_1_1.jpg

— Цяперашняя драматычная гісторыя вакол сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў яскрава ілюструе, наколькі памяняліся расклады ў двухбаковых адносінах, наколькі моцна Беларусь страчвае самастойнасць, — пішаВалерый Карбалевіч.

— 17 лютага Лукашэнка прыехаў на Асіповіцкі палігон, каб знаёміцца з ходам вучэнняў, падводзіць іх вынікі. А былі часы, калі прэзідэнты Расіі прыязджалі ў Беларусь, каб прыняць тут даклады ад генералаў пра вынікі вучэнняў. Памятаеце, як Дзмітрый Мядзведзеў у статусе прэзідэнта РФ падарыў малому Колю Лукашэнку залаты пісталет?

Цяпер усё па-іншаму. Лукашэнка едзе ў Расію, каб разам з Пуціным на расійскім палігоне правесці інспекцыю вучэнняў. Драбяза, але даволі знамянальная.

Але кідаюцца ў вочы і больш важныя, змястоўныя рэчы, якія адбываюцца вакол вучэнняў.

Яшчэ зусім нядаўна Лукашэнка цвёрда запэўніваў, што пасля заканчэння вучэнняў расійскія войскі вернуцца дадому. Дарэчы, і Уладзімір Макей дзень таму ўпэўнена казаў, што ніводнага вайскоўца Расіі, ніводнай адзінкі тэхнікі не застанецца ў Беларусі пасля манеўраў.

А вось 17 лютага Лукашэнка пра вывад расійскіх войскаў кажа па-іншаму, не так адназначна, нават няпэўна. Маўляў, як мы з Пуціным вырашым: «Прымем рашэнне — выведзем за суткі. Прымем рашэнне месяц — будуць стаяць месяц. Столькі, колькі трэба, будуць знаходзіцца тут узброеныя сілы».

Гэты пасаж можна перакласці з палітычнай мовы на звычайную так: як скажа Пуцін. То-бок цяпер Лукашэнка ўжо не паўнавартасны гаспадар на гэтай тэрыторыі? Не ўсё ад яго аднаго залежыць? Без згоды Пуціна гэтае пытанне не вырашаецца? І самае дзіўнае, што Лукашэнка нават не здолеў схаваць гэта, вымушаны прызнаць новую рэальнасць. Такое прызнанне адбываецца інстынктыўна, падсвядома.

Акрамя таго, высвятляецца, што нават калі расійскія войскі будуць выведзеныя, боепрыпасы застаюцца на беларускай тэрыторыі.

Лукашэнка заявіў, што «няма неабходнасці ствараць у Беларусі расійскія вайсковыя базы». Але тут жа аказваецца, што ў Беларусі ўжо створаны тры сумесныя беларуска-расійскія цэнтры. Лукашэнка кажа: «Я буду прасіць, каб быў чацвёрты цэнтр, па «Іскандэрах». У гэтых вучэбных цэнтрах разгорнутыя расійскія баявыя падраздзяленні. Чым яны адрозніваюцца ад вайсковых базаў?

Адначасова Лукашэнка кажа, што ў нас «адзінае войска». Акрамя таго, паводле яго, «Беларусь таксама зацікаўленая ў падрыхтоўцы ў Калінінградзе або Мурманску сваіх маракоў, якія б служылі потым у сумесных частках». То-бок беларусы пачнуць служыць у ВМФ Расіі?! Вельмі цікавы паварот. Ці ўзрадуе гэта беларусаў?

Яшчэ адзін момант. Адказваючы на пытанне аб пазіцыі Мінска ў выпадку прызнання Расіяй ДНР і ЛНР, Лукашэнка адказаў: «Мы дамовімся з Пуціным, як нам зрабіць, каб было лепш і для Расіі, і для Беларусі, але гэта будзе сумеснае рашэнне». Зноў жа, у перакладзе на зразумелую мову гэтая рэпліка выглядала б так: як загадае Пуцін.

Можна ўзгадаць, што ў свой час, калі Расія патрабавала ад Мінска прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асетыі і Абхазіі, Лукашэнка адмовіўся. Апраўдваў гэта рознымі акалічнасцямі, маўляў, Захад увядзе санкцыі, ці зможа Расія кампенсаваць страты, і інш.

Цяпер рыторыка іншая. Самастойная пазіцыя Беларусі мінімізуецца. Цяпер будзе «сумеснае рашэнне», то-бок пазіцыя Беларусі не стане адрознівацца ад расійскай.

І апошняе. Было пытанне пра пазіцыю Беларусі ў выпадку, калі пачнецца вайна на Данбасе. Лукашэнка адказаў: «Мы Расіі акажам любую падтрымку. І вайсковую, і, калі будзе трэба, эканамічную». То-бок у лукашэнкаўскай Беларусі цяпер моцна абмежаваны свабодны выбар.

Той час, калі хвост круціў сабакам, застаўся ў далёкім мінулым.