Усе пяць лідараў «Моладзі БНФ» адлічаныя з вучобы
Ці атрымлівалася сумяшчаць палітычную дзейнасць і вучобу ў былых лідараў «Моладзі БНФ»?
Старшыню Моладзі БНФ Ганну Смілевіч адлічваюць з 2-га курса Інстытута журналістыкі БДУ. Дзяўчына не здала тры іспыты цягам сесіі, фармальна, такая колькасць запазычанасцяў азначае адлічэнне студэнта. Сітуацыя, здавалася б, шараговая ― за правалы ў вучобе пастаянна некага выключаюць. Адметна іншае: 24 снежня 2018 года Ганну абіраюць старшынёй “Моладзі БНФ”, а ўжо 19 студзеня 2018 года яна не здае трэці іспыт у сесіі.
Ці атрымлівалася сумяшчаць палітычную дзейнасць і вучобу ў былых лідараў “Моладзі БНФ”?
Алесь Каліта. Адлічаны, але на некалькі гадоў раней
Першым старшынёй гэтай моладзевай арганізацыі ў 2006 годзе становіцца Алесь Каліта. У яго біяграфіі было адлічэнне з навучальнай установы, але на некалькі гадоў раней. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Алесь быў адлічаны з Магілёўскага політэхнічнага тэхнікума. Далей малады палітык працягваў вучобу завочна.
Франак Вячорка. Адлічаны праз тры месяцы пасля абрання
26 кастрычніка 2008 года старшынёй Моладзі БНФ абіраюць Франака Вячорку. А ўжо праз два месяцы, 18 лютага 2009 года, ён быў адлічаны з трэцяга курса журфака з фармулёўкай “за акадэмічную непаспяховасць”. Падставай для адлічэння стала тое, што студэнт не змог своечасова здаць сесію: у гэты час Вячорка адбываў 15-сутачны адміністрацыйны арышт.
“Мой выпадак адназначна палітычны. Я вучыўся на “выдатна”, мой сярэдні бал быў 8,7 ― у асноўным я меў 8, 9 і 10. Калі мяне пасадзілі на 15 сутак і я вымушана прапусціў іспыт, то гэта стала нагодай, каб пазбавіцца ад мяне на журфаку”, ― узгадвае Франак Вячорка.
Вячорку выключылі за няздачу двух экзаменаў — па стылістыцы беларускай мовы і па рускай літаратуры.
Андрэй Крэчка. Адлічаны, але на некалькі месяцаў раней, чым стаў старшынёй
У кастрычніку 2009 года старшынёй становіцца Андрэй Крэчка. Яго з БДУІР адлічылі за 7 месяцаў да абрання.
Андрэй Крэчка: “16 красавіка 2009 года, ужо на наступны дзень пасля Дня Волі, у мяне пачаліся праблемы: і з КДБ была “размова”, і ва ўніверсітэце пачаліся праблемы… Я паступаў у БДУІР пасля радыётэхнічнага каледжа, адразу на чацвёрты курс. У мяне было шмат прадметаў да залічэння. Універсітэт быў адкрыты да гэтага, такім студэнтам давалі час для даздачы. Але пасля Дня Волі стаўленне кардынальна памянялася: пачалі казаць, што часу для даздачы ў мяне больш няма. Карацей, мне стварылі такія ўмовы, што было проста фізічна немагчыма здаць гэтую акадэмічную розніцу”.
Юрась Лукашэвіч. Праз пяць месяцаў пасля абрання адлічаны за прагулы
Пасля перапынку ў чатыры гады, калі арганізацыя практычна не дзейнічала, старшынёй Моладзі БНФ абіраюць Юрася Лукашэвіча. А праз пяць месяцаў, у сакавіку 2017 года, літаральна за адзін тыдзень Лукашэвічу выносяць адразу дзве пісьмовыя вымовы за прагулы і на падставе гэтага адлічваюць з БДУ. Ці лічыць Юрась, у якога было 30 гадзін пропускаў, што яго адлічэнне ― палітычна матываванае?
“Калі мяне адлічылі, то я яшчэ сумняваўся, можа, адлічылі не з-за палітыкі, а таму, што я дрэнны студэнт. Але прайшоў год, і я ўсё больш упэўніваюся, што гэта было з-за палітыкі. Калі я з іншымі адлічанымі абскарджваў сваё адлічэнне, то мне адзінаму на судзе замест простай адмовы ў задавальненні скаргі далі 15 сутак. Толькі маю новую скаргу ўжо шэсць месяцаў не разглядаюць у судзе і нічога не паведамляюць. Некалькі тыдняў таму я хадзіў аднаўляцца ў БДУ, але мне там проста, з усмешкай сказалі, што аднавіцца нельга”, ― кажа Юрась Лукашэвіч.
24 студзеня на з’ездзе старшынёй Моладзі БНФ упершыню абіраюць дзяўчыну ― студэнтку другога курса Інстытуту журналістыкі БДУ Ганну Смілевіч. Дзяўчына не здала іспыты па “Тэорыі журналістыкі” (адзнака 2 балы), “Мове сродкаў масавай камунікацыі” (адзнака 2/3) і “Прафесійнай этыцы журналістыкі” (адзнаку нават не выставілі). Ганна прызнае, у яе адлічэнні не толькі палітыка вінаватая.
Ганна Смілевіч: “Я не была ідэальна падрыхтаваная. Але і іншыя студэнты маглі адказваць на такім жа ўзроўні, як і я, рабіць памылкі, але ім у выніку ставілі хаця б мінімальны бал”.
Па словах Ганны, выдатніцай яна не была, сярэдні бал мела “6,8”, папярэднія сесіі здала без праблем ― нават пераздачы ніводнай не было. Плануе змагацца за сваё аднаўленне.
Ганна Смілевіч, фота www.svaboda.org
“Я не ўяўляю, калі б я вучыўся там далей, як бы я мог сумяшчаць гэтыя дзве рэчы. Лепш за ўсё станавіцца старшынёй арганізацыі пасля таго, як давучыўся”, ― лічыць Андрэй Крэчка.
“Я лічу, што ўніверсітэт ― гэта не толькі адзнакі. І любы ўніверсітэт павінен чапляцца за студэнтаў, якія займаюцца грамадскай і палітычнай дзейнасцю. Бо менавіта гэта і ёсць сапраўднае жыццё. А адзнакі і акадэмічныя сферы ― гэта толькі частка гэтага жыцця. Гэта тэорыя, якая рыхтуе да сапраўднага жыцця”, ― кажа Франак Вячорка.
Гісторыя сведчыць, што як мінімум лідараў “Моладзі БНФ” трэба абіраць пасля сесіі.