У беларускай дэлегацыі ад саміту ў Вільні няма ніякіх асаблівых чаканняў

Сёння ў літоўскай сталіцы пройдзе пленарнае пасяджэнне трэцяга саміту Усходняга партнёрства. Сустрэча пачнецца ў 9.00 па мясцовым часе ў выставачным цэнтры «Літэкспа».



vost_partn.jpg

Удзельнікі саміту прыбылі ў Вільнюс напярэдадні і вечарам і 28 лістапада сустрэліся на нефармальнай вячэры ў Палацы вялікіх князёў. 

У саміце бяруць удзел 28 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін ЕС, а таксама прадстаўнікі шасці краін — удзельніц Усходняга партнёрства (УП): Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Арменія, Азербайджан, Грузія і Украіна прадстаўлены на ўзроўні прэзідэнтаў, Малдова — прэм'ер-міністрам. 


Беларускаму кіраўніку Аляксандру Лукашэнку забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза як асобе, адказнай за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Афіцыйны Мінск на саміце прадстаўляе міністр замежных спраў Уладзімір Макей, у дачыненні да якога ў чэрвені гэтага года ЕС прыпыніў візавыя санкцыі для «спрашчэння дыпламатычных кантактаў» паміж Мінскам і Бруселем. 

Тыдзень таму Макей заявіў, што ўзровень удзелу Беларусі ў саміце УП «не павінен быць нейкім вельмі высокім», паколькі ніякіх асаблівых чаканняў ад вільнюскай сустрэчы ў беларускага боку няма. Пры гэтым ён дадаў: «Мы зацікаўлены ва ўдзеле ва Усходнім партнёрстве, бо лічым, што гэта дапаможа нармалізаваць нашы адносіны з Еўрасаюзам». 


З еўрапейскага боку ў саміце ўдзельнічаюць прэзідэнт Еўрапейскага савета Херман ван Рампёй, кіраўнік Еўракамісіі Хасэ Мануэль Барозу, прэзідэнт Еўрапарламента Марцін Шульц, вярхоўны старшыня ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісар па пытаннях пашырэння Штэфан Фюле, еўракамісар па пытаннях гандлю Карл дэ Гухт. 
На сённяшняй пленарнай сесіі плануецца абмеркаваць «прагрэс у дачыненні да новых пагадненняў аб асацыяцыі, у тым ліку аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕС і некаторымі краінамі-партнёрамі», паведаміла прэс-служба ЕС. 

«Прапанова аб падпісанні беспрэцэдэнтнага пагаднення аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю паміж ЕС і Украінай па-ранейшаму застаецца ў сіле. Але гэта патрабуе пэўнай палітычнай волі з боку ўкраінскага кіраўніцтва», — падкрэсліваецца ў паведамленні. 


Па выніках саміту плануецца прыняць сумесную дэкларацыю краін ЕС і Усходняга партнёрства. 

Праект дэкларацыі афіцыйна не апублікаваны, аднак, паводле наяўнай інфармацыі, Еўрасаюз выключыў з тэксту дакумента спасылку на артыкул дагавора аб ЕС, які прадугледжвае магчымасць уваходжання ў Еўрасаюз любой еўрапейскай дзяржавы, якая паважае еўрапейскія каштоўнасці. 


У першапачатковай версіі праекта сумеснай дэкларацыі гаварылася: «Саміт прызнае суверэннае права кожнай дзяржавы-ўдзельніка вызначаць свае імкненні і канчатковую мэту ў адносінах з Еўрапейскім саюзам, а таксама вырашаць заставацца партнёрам, згодна з артыкулам 8 пагаднення аб Еўрапейскім саюзе, ці ажыццяўляць свае еўрапейскія памкненні, згодна з артыкулам 49». 

Пасля карэкціроўкі ў тэксце сказана: удзельнікі саміту «пацвярджаюць прызнанне еўрапейскіх імкненняў і еўрапейскага выбару некаторых краін-партнёраў і іх адданасці пабудове глыбокай і ўстойлівай дэмакратыі». 


Выніковая прэс-канферэнцыя ўдзельнікаў саміту запланавана на 13.45 па мясцовым часе. 
Усходняе партнёрства — ініцыятыва ЕС, скіраваная на шэсць краін Усходняй Еўропы і Паўднёвага Каўказа: Арменію, Азербайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Украіну. Праграма была заснавана краінамі — членамі ЕС і шасцю партнёрскімі дзяржавамі на першым саміце УП, які прайшоў у Празе ў маі 2009 года. Ініцыятыва скіравана на ўмацаванне адносін паміж ЕС і яго ўсходнімі суседзямі за кошт паглыблення палітычнага супрацоўніцтва і эканамічнай інтэграцыі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН