У Расеі збіраюць подпісы за адстаўку прэм'ера Мядзведзева

На інтернэт-пляцоўцы Change.org з'явілася петыцыя за адстаўку Дзмітрыя Мядзведзева з пасады прэм’ер-міністра Расіі.

2db6d53279aeef390441247eb04f5169_af76c.jpg


«Кабмін павінен узначальваць кампетэнтны, адукаваны чалавек, якія дбае пра краіну, — гаворыцца ў звароце. — Цяпер жа мы бачым адваротную карціну. Не павінен рэкламны твар кампаніі Apple, які сапіць на адкрыцці Алімпіады і раіць настаўнікам «неяк дзесьці падпрацоўваць, каб выжыць», стаяць на чале Кабінету Міністраў. Рыба гніе з галавы, можа адсюль «эфектыўнасць» працы міністэрстваў?»
З'яўленне петыцыі звязанае з выступам прэм’ера ў сераду на моладзевым форуме «Тэрыторыя сэнсаў», дзе ён парэкамендаваў настаўнікам, незадаволеным узроўнем свайго заробку, падацца ў бізнэс.
Паводле словаў Мядзведзева, усе вызначае асабісты выбар.
«А калі хочацца грошы зарабляць — ёсць столькі цудоўных месцаў, дзе можна зрабіць гэта хутчэй і лепш, — цытуе яго інтернэт-выданне Insider. — Той жа самы бізнэс. Але ж вы не пайшлі ў бізнэс, як я разумею».
Так прэм’ер адказаў выкладчыку з Дагестану, які паскардзіўся на тое, што настаўнікі ў рэспубліцы атрымліваюць па 10-15 тысяч рублёў, а сілавікі — звыш 50 тысяч.
На думку Дзмітрыя Мядзведзева, «сучасны энергічны выкладчык» здольны знайсці падпрацоўку.
Петыцыю аб адстаўцы прэм’ера падпісалі каля 145 тысяч чалавек, а словы Мядзведзева зноў сталі хітом у сацыяльных сетках, як і пасля яго нядаўняга візіту ў Крым, дзе ён прызнаў, што грошай на пенсіі няма, але пры гэтым пажадаў усім «не падаць духам і трымацца», паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле eurobelarus.info