Шрайбман: Беларусь становіцца ўсё бліжэй і бліжэй да сітуацыі ў Абхазіі
Лукашэнка 10 красавіка нечакана і незапланавана паляцеў у Расію. 11 красавіка павінна адбыцца яго сустрэча з Пуціным. Палітычны аналітык, запрошаны эксперт Берлінскага цэнтра Карнегі Арцём Шрайбман на канале Carnegie Politika разважае, чаму так часта сустракаюцца два дыктатары і што іх звязвае разам.
— Беларусь усё бліжэй і бліжэй да сітуацыі ў Абхазіі, дзе ёсць нават нейкая ўнутраная палітыка, нейкая канкурэнцыя кланаў, кандыдатаў, нават нейкія выбары адбываюцца, але ўсе разумеюць, што любы кандыдат, які прыйшоў, будзе прарасійскім па вызначэнні, — аналізуе ступень залежнасці Беларусі ад Расіі Арцём Шрайбман.
— Мяркую, што ў сённяшняй наменклатурнай беларускай палітыцы не засталося нікога накшталт нябожчыка Макея, хто хаця б успрымаўся як чалавек з альтэрнатыўнымі або латэнтна-антырасійскімі поглядамі.
Там сёння альбо кан'юнктуршчыкі, якія будуць прарасійскімі, улічваючы кан'юнктуру, проста таму што гэта самы просты фармат захавання сваёй улады ў цяперашняй Беларусі.
Альбо гэта ідэалагічна верныя прыхільнікі «рускага свету» і ўсёй расійскай ідэалогіі, у тым ліку рэваншызму, накшталт Карпянкова і іншых сілавікоў. Усе гэтыя і кан'юнктуршчыкі, і ястрабы, і сілавікі цалкам камфортныя для Расіі ў сітуацыі настолькі сур'ёзнай залежнасці.
А чым больш залежнасці, тым больш такіх яе праяў, як тая ж ядзерная зброя, якую прыбраць вельмі складана.
Але чым больш падобных і іншых якароў Расія можа пакласці ў Беларусі, тым менш незаменным для яе становіцца Лукашэнка.
Тым не менш адносіны двух дыктатараў, на думку аналітыка, пад ціскам знешніх абставінаў вымушаныя былі стаць гранічна давернымі, нягледзячы на бачныя рознагалоссі ў мінулым.
— На мой погляд, асабістыя стасункі Пуціна і Лукашэнкі сёння перажываюць, магчыма, вышэйшую кропку за апошняе дзесяцігоддзе.
Справа ў тым, што Пуцін цяпер відавочна сфакусаваны на ўкраінскім кірунку, які стаў для яго проксі вайны з Захадам.
Патрабавальнасць да Беларусі, магчыма, часова, але панізілася. Здавалася б, Масква можа спакойна выкруціць рукі Лукашэнкі і прымусіць яго падпісаць, напрыклад, адзіную валюту ці сапраўды паглыбіць інтэграцыю ў Саюзнай дзяржаве, не кажу ўжо пра нейкія іншыя формы інтэграцыі, накшталт уступлення ў вайну.
Тым не менш нічога гэтага не адбываецца, а плынь падтрымкі Лукашэнкі ідзе. У яго няма асаблівых праблем з атрыманнем усіх тых субсідый, пра якія ён просіць і за якія раней ад яго маглі запатрабаваць пэўных саступак.
Я не бачу прыкмет нейкага канфлікту або вострай спрэчкі паміж кіраўнікамі. Бачу, што з Лукашэнкам Пуцін сустракаецца часцей, чым з большасцю расійскіх чыноўнікаў. Там, мабыць, няма такога высокапастаўленага чыноўніка, які б меў такія ж працяглыя і рэгулярныя аўдыенцыі ў Пуціна, шматгадзінныя сесіі зносін у гарах, на лыжах, на яхтах і г.д.
Мне здаецца, адбылося некаторае збліжэнне пажылых людзей на фоне агульных каштоўнасцяў, агульных ворагаў і агульнай адзіноты ў гэтым небяспечным свеце.
Таму нягледзячы на тое, што Беларусь не здае нейкія незваротныя кавалкі свайго суверэнітэту, Пуцін працягвае задавальняць просьбы Лукашэнкі па крэдытах, растэрміноўках, цэнніку на газ, субсідыям на нафту, зніжках на тую ж лагістыку.
Відавочна, у сітуацыі, калі Пуцін максімальна адчувае сябе гэтай абложанай крэпасцю або стваральнікам новага светапарадку, адносна стабільныя саюзнікі пачынаюць шанавацца больш. А Лукашэнка цяпер ягоны адзіны хаўруснік у Еўропе, калі не лічыць Орбана. І ў такой сітуацыі яго акцыі як саюзніка ўзрастаюць.
У сітуацыі меншай напружанасці, калі Пуцін зможа выйсці з гэтай вастрыні канфрантацыі ў нешта больш кіраванае, адпаведна, акцыі Лукашэнкі зноў пойдуць уніз.
Аднак пры тым, што прама цяпер кан'юнктурна кіраўнікі, мабыць, зблізіліся, як даўно не збліжаліся, усё ж такі базавыя стратэгічныя інтарэсы двух рэжымаў процілеглыя, і недавер паміж імі захоўваецца. Таму што яны ўзаемадзейнічалі адзін з адным дзесяцігоддзямі.
Лукашэнка выдатна ведае, што ў выпадку чаго Пуцін з'ясі яго і не падавіцца, і Беларусь разам з ім. І не будзе думаць, як бы яго не пакрыўдзіць. І Пуцін, у сваю чаргу, ведае, што, як толькі Лукашэнку прадставіцца магчымасць ускочыць у самую першую шчыліну, дзе яго будуць чакаць нейкія бонусы і бенефіты, ён гэта зробіць.
І гэта ўсведамленне таго, што адзін аднаму нельга давяраць да канца, думаю, застаецца над іх адносінамі дамоклавым мячом, — зрабіў выснову Шрайбман.
Паводле Салідарнасці