Ствараць забастовачныя камітэты і рыхтаваць агульнанацыянальны страйк
Сустаршыня
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі заклікае да
стварэння па ўсёй Беларусі забастовачных камітэтаў і да падрыхтоўкі
агульнанацыянальнага страйку.
“Беспрэцэдэнтныя
рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць уласнага народу сведчаць як пра іх
абсалютныя бесчалавечнасць і цынізм, гэтак і пра поўнае неразуменне
таго, што адбываецца ў беларускім грамадстве. У Беларусі ўпершыню за 20
гадоў сацыяльны пратэст злучаецца з палітычнымі патрабаваннямі. Людзі па
ўсёй краіне патрабуюць годных заробкаў, адмены рабаўніцкіх законаў і
адначасова адстаўкі дзеючай улады, мясцовых кіраўнікоў, ураду і асабіста
Аляксандра Лукашэнкі. У адказ на мірныя дэманстрацыі з патрабаваннямі
рэформ рэжым разгарнуў рэпрэсіі, гэта значыць, што як і раней улады
разумеюць толькі пазіцыю сілы”, — адзначыў ён.
“Сёння
трэба яднаць людзей, яднаць дэмакратычныя сілы, пратэстоўцаў, каб
прымусіць улады выканаць патрабаванні народу. Я заклікаю ўсе
дэмакратычныя сілы і дэмакратычных актывістаў, новых лідараў ствараць у
рэгіёнах супольныя забастовачныя камітэты і рыхтаваць бестэрміновы
агульнанацыянальны страйк. Каб улада змянілася, не трэба супраць яе
ўжываць гвалт. Дастаткова проста перастаць яе карміць. Права на мірную
забастоўку гарантавана заканадаўствам Беларусі”, — дадаў сустаршыня БХД.
“Адначасна
мы павінны адмовіцца ад любых спробаў ужывання гвалту з боку
пратэстоўцаў, бо сёння рэжым правакуе іх на выкарыстанне сілы, каб
дыскрэдытаваць дэмакратычны рух і пратэсты. Але мы мусім быць
мацнейшымі. Наша задача сёння — аб’яднаць усё грамадства. Любыя
гвалтоўныя дзеянні сёння з боку дэмакратычных актывістаў будуць
з’яўляцца правакацыяй. Апазіцыя ж мусіць паказаць прыклад кансалідацыі,
бо палітычны авантурызм, заснаваны на задавальненні гіпертрафіраваных
асабістых амбіцыяў каго б то ні было, у сённяшняй сітуацыі з’яўляецца
злачынствам”, — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Сустаршыня
БХД таксама заклікаў усіх неабыякавых грамадзян Беларусі аказваць
падтрымку палітвязням. “Любыя праявы салідарнасці, у тым ліку ў выглядзе
паштовак і лістоў палітвязням, прадуктовых перадач, акцый у сацсетках
альбо вулічных акцый, сёння вельмі неабходныя тым, хто знаходзіцца за
кратамі. Вызваліць людзей з лап рэжыму можа толькі салідарная падтрымка з
боку беларускага грамадства”, — заявіў ён.
Па
яго словах, БХД і Правацэнтрысцкая кааліцыя будуць ініцыяваць у
рэгіёнах стварэнне шырокіх кааліцый дзеля арганізацыі забастовачных
камітэтаў.
bchd.info