Статкевіч заклікае далучыцца да афіцыйнага святкавання Першамая

Напярэдадні Дня Працы апазіцыйны дзеяч Мікалай Статкевіч заклікаў выкарыстаць афіцыйнае святкаванне для выказвання пратэсту.

untitled__1_of_1__8_1_logo_1_1.jpg


У сваім акаўнце на Фэйсбуку ён апублікаваў зварот Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу пад назвай „Змусім уладу слухаць народ”.
 У звароце гаворыцца, што ўлады зноў спрабуюць кампенсаваць правалы сваёй эканамічнай палітыкі за кошт народа. „Сацыяльная дзяржава” ператворана ў фікцыю. Скарочваюцца працоўныя месцы, але пры гэтым расце пенсійны ўзрост. Сотні тысяч людзей, каб пракарміць сем’і, мусяць шукаць заробкаў на чужыне. Падвышаецца плата за жыллёва-камунальныя паслугі, асабліва ў інтэрнатах. У буйных гарадах размяшчаюцца, яўна не „за так”, забароненыя ў нармальных краінах небяспечныя вытворчасці”, — пералічваецца ў звароце. Статкевіч нагадвае, што Першамай ад пачатку быў днём барацьбы працоўных людзей за свае правы. Таму БНК заклікае грамадзян скарыстацца дазволенымі мерапрыемствамі, якія будуць ладзіць афіцыйныя прафсаюзы з мясцовымі ўладамі. Але святу трэба вярнуць яго першасны сэнс. „Выйдзем на афіцыйныя святочныя мерапрыемствы са сваімі патрабаваннямі, плакатамі і сцягамі. Публічна заявім пра свае праблемы. Толькі гэтак можна прымусіць уладу пачуць нас і спыніць здзеклівыя эксперыменты над народам”, — прапаноўваецца ў звароце.
racyja.com