Статкевіч: 24 красавіка Лукашэнка абвесціць рэферэндум і агучыць пытанні
«Беларускі Нацыянальны Кангрэс папярэджвае, што будзе разглядаць чарговы „рэферэндум« па змене Канстытуцыі, мэта якога — пажыццёвая ўлада дзейнага кіраўніка краіны, як дзяржаўнае злачынства», — перадае словы Мікалая Статкевіча "Радыё Свабода".
Лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч заявіў на Facebook, што, паводле інфармацыі «з розных крыніц», Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка ў выступе перад Нацыянальным сходам агучыць пытанні запланаванага рэферэндуму.
Размовы пра магчымы рэферэндум у Беларусі даўно вядуцца ва ўладных колах, але найчасцей абмяркоўваюць тэхнічны бок правядзення рэферэндуму, але не пытанні, якія нібыта хочуць вынесці на яго. На пытанне аб тым, што менавіта будзе на рэферэндуме, Аляксандр Лукашэнка адказаў: «Частка функцыяў павінна перайсці ад прэзідэнта іншым галінам улады».
Паводле Міколы Статкевіча, Лукашэнка агучыць 24 сакавіка такія пытанні: павелічэнне прэзідэнцкага тэрміну да 7 гадоў (і, адпаведна, «перазапуск» прэзідэнцкіх тэрмінаў) і скасаванне смяротнага пакарання (Статкевіч мяркуе, гэта «дымавая заслона», каб прыхаваць пытанне пра ўладу).
Афіцыйна магчымыя заявы Лукашэнкі пра рэферэндум не анансаваліся.
«Беларускі Нацыянальны Кангрэс папярэджвае, што будзе разглядаць чарговы „рэферэндум“ па змене Канстытуцыі, мэта якога — пажыццёвая ўлада дзейнага кіраўніка краіны, як дзяржаўнае злачынства, да прадухілення якога мы будзем заклікаць усё грамадства, падымаць увесь народ, — піша Статкевіч. — І мы не спынімся ў гэтым ні праз якія пагрозы, бо пажыццёвая ўлада чалавека, які трымае краіну ў палітычным і эканамічным застоі, гэта наўпроставая пагроза жыццю Беларусі».
Цяпер у Беларусі прэзідэнцкія выбары праводзяцца (штораз з парушэннямі і крытыкай з боку краінаў Захаду) раз на пяць год, абмежаванняў на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў пасля рэферэндуму 2004 года (праведзенага з парушэннямі законаў) няма.
Лідары кампаніі «Гаравы праўду» Андрэй Дзмітрыеў і Тацяна Караткевіч 11 красавіка сустрэліся са старшынёй беларускага Канстытуцыйнага суда Пятром Міклашэвічам, пагутарылі наконт планаў уладаў аб правядзенні рэферэндуму і перадалі праект «Народнага рэферэндуму», створаны ў 2013 годзе шэрагам палітычных партыяў і рухаў.