Спецдакладчык ААН пра выбары ў Беларусі: Несвабодныя, несумленныя, але без насілля
"Выбарчы працэс быў зрэжысаваны, а вынік — прадвызначаны", — заявіў спецдакладчык ААН па сітуацыі ў Беларусі Міклаш Харашці, каментуючы прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 11 кастрычніка.
Тэкст заявы апублікаваны на сайце ўпраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
Харашці адзначыў, што акцыі супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў не разганяліся з прымяненнем сілы, але пры гэтым выказаў шкадаванне аб тым, што не было ніякага прагрэсу ў забеспячэнні права
беларусаў на сумленныя і адкрытыя выбары.
"Не магло быць інакш, улічваючы, што 20 гадоў бесперапынна парушаліся правы на свабоду выказвання, сходаў і аб'яднанняў, якія з'яўляюцца абавязковымі ўмовамі для рэальнай
канкурэнцыі", — заявіў спецдакладчык ААН.
Харашці падкрэслівае, што ні міжнародныя, ні мясцовыя назіральнікі не змаглі праверыць дакладнасць афіцыйных паведамленняў аб яўцы выбаршчыкаў у 86% і аб амаль 84% галасоў, аддадзеных за дзейнага
прэзідэнта. "Такія высокія працэнты не фіксаваліся на выбарах у Еўропе з часоў распаду Савецкага Саюза, — гаворыцца ў заяве. — Дакументы
назіральнікаў паказваюць, што нават галасаванне на закрытых участках і датэрміновае галасаванне не змаглі забяспечыць такіх лічбаў".
Харашці таксама звярнуў увагу на вялікую колькасць паведамленняў аб парушэннях у дзень выбараў, у тым ліку аб выдачы бюлетэняў без пашпартоў, галасаванні ад імя іншых
людзей, "каруселях" выбаршчыкаў, укідванні бюлетэняў.
Спецдакладчык адзначыў, што ў 2013 годзе ў сваім дакладзе для Генеральнай асамблеі ААН аб выкананні правоў чалавека ў Беларусі падчас выбараў ён зрабіў шэраг рэкамендацый, але да іх урад
Беларусі не прыслухаўся. У прыватнасці Харашці ўказаў на адсутнасць незалежных выбарчых камісій з плюралістычным складам, а таксама на адсутнасць дэбатаў усіх кандыдатаў у прэзідэнты, бо беларускія
тэлеканалы кантралююцца дзяржавай.
Акрамя таго, Харашці звярнуў увагу на атмасферу запалохвання падчас выбарчай кампаніі, у тым ліку шляхам пагроз аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці за заклікі да байкоту. Як
адзначаецца ў заяве, хоць палітзняволеныя і былі вызваленыя напярэдадні выбараў, іх так і не аднавілі ў грамадзянскіх і палітычных правах.
Спецдакладчык вітае той факт, што сёлетнія выбары ў Беларусі абышліся без насілля, але абяцае ўважліва сачыць за тым, што зробяць улады з удзельнікамі пратэстаў пасля выбараў.
Каментуючы намеры ЕС прыпыніць санкцыі адносна Беларусі на чатыры месяцы, Харашці адзначыў, што гэта "цудоўная магчымасць для рэформ у галіне правоў чалавека з мэтай
прывядзення яе ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі (Беларусі. — БелаПАН.) і патрэбамі грамадзян".
Сярод рэкамендацый па паляпшэнні сітуацыі ў краіне Міклаш Харашці называе ліквідацыю дазвольнага прынцыпу правядзення мітынгаў, адмену артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзейнасці
незарэгістраванай арганізацыі), правядзенне рэформ у сферы выбарчага заканадаўства і дзейнасці СМІ, забеспячэнне незалежнасці суддзяў, увядзенне мараторыя на смяротную кару.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН