Сёння Дзень сцяга і герба. Пяць фактаў пра нашы сімвалы
19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў назву беларускай дзяржавы — Рэспубліка Беларусь і яе дзяржаўныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Што мы пра іх ведаем?
1. Сімвалы, вядомыя са старажытнасці
У якасці дзяржаўнага герба Вялікага Княства Літоўскага, старажытнай
беларускай дзяржавы, выяву ўзброенага вершніка пачаў выкарыстоўваць
вялікі князь Віцень у канцы XIII ст. Гербам упрыгожаны ўсе дзяржаўныя
дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і
«Статутаў». «Пагоня» была на сцягах беларуска-літоўскага войска ва ўсіх
вырашальных бітвах тых часоў — ад Грунвальда да Оршы.
Пасля
Люблінскай уніі «Пагоня» нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на
гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу. Нават пасля падзелаў Рэчы
Паспалітай у XVIII ст., калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, «Пагоня»
засталася гербам беларускіх губерняў.
Праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сцяга распрацаваў беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеячКлаўдзій Дуж-Душэўскі.
Сцяг быў упершыню ўзняты ўвесну 1917 года на будынку Беларускага
таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу (Дуж-Душэўскi быў
супрацоўнікам гэтага таварыства).
А 12 сакавіка ў Мінску ўпершыню адбылося масавае свята —
нацыянальны Дзень беларускага значка. Бел-чырвона-белыя значкі, кукарды і
сцяжкі можна было пабачыць паўсюль на вуліцах. Бел-чырвона-белую стужку
ў 1917-м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай
вайны, каб пазнаваць сваіх.
2. Адразу атрымалі прызнанне
У снежні 1917 года ў Мінску падчас Усебеларускага з’езду бел-чырвона-белы сцяг ужо адзінадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусі. У 1918 годзе Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі зацвердзіў бел-чырвона-белы сцяг, а «Пагоня» была абвешчана дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі.
3. Выкарыстоўваліся калабарацыйным урадам
Падчас Другой сусветнай вайны бел-чырвона-белы сцяг разам з
іншымі нацыянальнымі сімваламі вярнуў да ўжытку калабарацыйны беларускі
ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада). Дарэчы, трыкалор, які сёння з'яўляецца дзяржаўным сцягам Расіі, таксама выкарыстоўвалі калабаранты.
4. Сталі сімваламі мужнасці
У савецкія часы бел-чырвона-белы сцяг на тэрыторыі СССР быў
пад забаронай. Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі бел-чырвона-белы
сцяг залунаў падчас жорстка разагнанага шэсця «Дзяды» ў 1988 годзе.
Напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя бел-чырвона-белы сцяг і
«Пагоня» для многіх сталі не толькі сімваламі перамен, але і спосабам
апазнаць «сваіх»: каб насіць маленькі бел-чырвона-белы значок тады, трэба
было мець мужнасць. Пры гэтым усе масавыя
акцыі тых часоў — шматтысячныя мітынгі і дэманстрацыі з перакрыццём
праспекта Леніна (цяпер Незалежнасці), страйкі рабочых, пікеты —
праходзілі пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
Экс-старшыня ТБМ Алег Трусаў, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 склікання і ўдзельнічаў у распрацоўцы афіцыйных сімвалаў Беларусі, згадваў:
— «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг зацвярджаліся без малюнкаў. Пасля была створана камісія з найлепшых мастакоў краіны. Наша задача была ў тым ліку, каб наша «Пагоня» на сто адсоткаў адрознівалася ад літоўскай. Літоўцы, дарэчы, спецыяльна памянялі герб: да вайны «Пагоня» ў іх была іншай. Мы за ўзор узялі «Пагоню» з магілы Ягайлы — самую старажытную з вядомых. З крыжам Ефрасінні Полацкай. Літоўцы — «Пагоню» XVI стагоддзя з іншым крыжам. Атрымліваецца, што наш герб больш адносіцца да готыкі, літоўскі — да барочнага Рэнесансу. Цяпер зблытаць іх не змагло б нават дзіця.
Вінцук Вячоркараспавядаў, што пра змену сцяга над Домам урада ў яго захаваўся неадназначны ўспамін:
«Зроблена ўсё было паціху. Мы думалі, што будзе ўрачыстасць,
чырвона-зялёны сцяг здымуць і аднясуць у музей, а мы заспяваем гімн
падчас узняцця нашага нацыянальнага сцяга. Нічога падобнага. Уначы адзін
сцяг банальна памянялі на другі. Як сказаў тады Віктар Івашкевіч, "адбылася рэвалюцыя заўгасаў…"».
5. Не забароненыя, але непажаданыя
Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» пазбавілі статусу афіцыйных дзяржаўных сімвалаў у 1995 годзе ў выніку рэферэндуму, які быў ініцыяваны Лукашэнкам. Кіраўнік справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Іван Ціцянкоў апроч іншага ўвайшоў у гісторыю як чалавек, які зняў з даху Дома ўрада бел-чырвона-белы сцяг і разарваў яго на кавалкі.
Пасля гэтага нацыянальныя сімвалы Беларусі зноў трапілі ў няміласць, хаця афіцыйна іх выкарыстанне не было забаронена. Тым не менш, людзей з сімволікай на акцыях хапалі ў першую чаргу, за майку з «Пагоняй» штрафавалі і нават збівалі, за сцяг, вывешаны на ўласным балконе, пагражалі суткамі арышту, на канцэрты ці спартыўныя мерапрыемствы з бел-чырвона-белай атрыбутыкай не пускалі, а мадэратары некаторых паблікаў у «ВКонтакте» называлі герб фашысцкім сімвалам.
У лістападзе 2015 года з выставы, прысвечанай 25-годдзю суполкі «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў і 75-годдзю Аляксея Марачкіна, былі зняты тры творы. Прычым адзін з іх — партрэт амерыканскай мастачкі беларускага паходжання Галіны Русак работы Віктара Маркаўца — за тое, што фон карціны нагадаў цэнзаршы бел-чырвона-белы сцяг.
У
адказ актывісты грамадскіх і палітычных арганізацый развесілі на
вуліцах беларускіх гарадоў «100 сцягоў» і раздавалі кіламетры
бел-чырвона-белых стужак мінакам.
Пасля жніўня 2020 года нашы нацыянальныя сімвалы сталі яшчэ і сімваламі пратэсту, сімваламі антылукашызму. Па ўсёй краіне тады залуналі бел-чырвона-белыя сцягі. Па ўсёй краіне з ім вялі безвыніковую барацьбу АМАПаўцы, камунальнікі, выратавальнікі і проста замбіраваныя дзяржпрапагандай людзі.
Сёння бел-чырвона-белы сцяг часцей убачыш на акцыях дыяспар. А ў Беларусі за выявы, якія нагадваюць органам наш сцяг, можна трапіць "на суткі". За шкарпэткі, на якіх намаляваны нашыя сімвалы — таксама. Але варта памятаць: ніхто не змагаецца за тыя сімвалы, што зараз выкарыстоўваюцца. Прыйдзе час, і яны застануцца ў музеі рэпрэсій.
Засталося толькі дачакацца, калі гістарычныя сімвалы незалежнасці
зоймуць сваё законнае месца. Бо «старадаўняй літоўскай «Пагоні» не
разбіць, не спыніць, не стрымаць».
Са святам!