Сяргей Навумчык: Старонку перагарнулі, далей — тэрор
Для апанентаў рэжыму старонка не толькі не перагорнутая — на ёй штодня з’яўляюцца новыя адмеціны, напісаныя судовымі прысудамі, катаваннямі, пакутамі і слязьмі. А хто сказаў, што ў кватэру збеглага айцішніка не мае права засяліцца сям’я доблеснага лейтэнанта ГУБАЗІКа? — разважае палітык і журналіст Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале.
— Калі ў 2020-м
Лукашэнка заклікаў «перагарнуць старонку», шмат хто зразумеў гэта як заклік да
апанентаў, і большасць удзельнікаў пратэстаў адказалі, што не могуць і не
хочуць забыцца пра збіцці, катаванні, забойствы мірных людзей.
Прызнацца, для мяне была дзіўнай такая рэакцыя. Адкуль вы ўзялі, што Лукашэнка звяртаецца да вас? Я з вясны 1990-га асабіста ведаю Лукашэнку і ніколі не бачыў у ім хаця б мізэрных праяў гуманнасці — з чаго раптам вы іх убачылі?
Ён звяртаўся не да праціўнікаў, а да дзяржаўнага і сілавога апарата, да ўсіх «ябацек»: больш такіх вольнасцей у нашых праціўнікаў не будзе, забудзьцеся на той бел-чырвона-белы кашмар, мы перагарнулі старонку, далей — тэрор.
Для апанентаў рэжыму старонка не толькі не перагорнутая — на ёй штодня з’яўляюцца новыя адмеціны, напісаныя судовымі прысудамі, катаваннямі, пакутамі і слязьмі.
Цяперашнія словы Лукашэнкі пра «кампенсацыю» нанесенай акцыямі пратэсту «шкоды» гучаць як загад на новы від рэпрэсій — маёмасны.
Тое, што Канстытуцыя гарантуе грамадзянам свабоду «сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання» (арт. 35) — не мае значэння.
Выкладчыцы інстытута няма чым заплаціць за прастой метро цягам шасці гадзін шэсця, на якім яна была (па відэакамерах вылічылі ўсіх)? А жыллё прадаць?
А хто сказаў, што ў кватэру збеглага айцішніка не мае права засяліцца сям’я доблеснага лейтэнанта ГУБАЗІКа?
Няма маёмасці ў журналіста, які абразіў сілавіка (сілавік — гэта святое, гэта цяпер «перадавы клас», як у бальшавікоў пралетарыят)? Але ж ёсць у бацькоў маёмасць — хіба не павіны бацькі адказваць за выхаванне дзяцей?
Лукашэнка невыпадкова сярод любімых дзеячаў назваў Дзяржынскага, гэтага майстра экспрапрыяцый на карысць перадавога класа, на радзіме якога штогод прыносяць прысягу афіцэры КДБ і чые партрэты вісяць у кабінетах чэкістаў.
Гэта пра добрыя перспектывы Лукашэнка хлусіць як дыхае. Наконт дрэннага — слова стрымлівае.