Сікорскі: Расія ў 2010-м была гатовая прызнаць паразу Лукашэнкі на выбарах
Былы міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі выдаў кнігу «Польшча можа быць лепшай» пра закуліссе польскай дыпламатыі. Каля дзесяці старонак у кнізе прысвечаныя Беларусі. Са згоды Радаслава Сікорскага «Радыё Свабода» публікуе некаторыя цытаты з кнігі.
Пасаду галавы МЗС Сікорскі займаў найдаўжэй з усіх міністраў гэтага ведамства ў пасляваенны час у Польшчы — 7 гадоў. І першай перашкодай на шляху да гэтай пасады, як апісвае Сікорскі, стала менавіта Беларусь.
Прэзідэнт Лех Качыньскі ў 2007 годзе не хацеў зацвярджаць Радаслава Сікорскага галавою МЗС з прычыны ягонага падыходу да затрыманага беларускага шпіёна. Сікорскі, які да таго, як стаць міністрам замежных справаў у ліберальным урадзе «Грамадзянскай платформы», быў міністрам абароны ва ўрадзе кансерватыўнага «Права і справядлівасці», хацеў спачатку правесці з беларускімі спецслужбамі аперацыйную гульню і затрымаць шпіёна толькі ў крайнім выпадку. Леху Качыньскаму гэтая прапанова не спадабалася. Але прэзідэнт у выніку пагадзіўся.
У сваёй кнізе ён апісвае сваю ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, тлумачыць, навошта патрэбен Еўрасаюз, ці пагражае Еўропе Расія, і ці можа яна спадзявацца на ЗША.
Побач з апісаннямі сустрэчаў з Хілары Клінтан, Сяргеем Лаўровым, Ангелай Меркель і Віктарам Януковічам Сікорскі падрабязнае расказвае пра свае спробы дэмакратызаваць Беларусь.
Са згоды Радаслава Сікорскага Радыё Свабода публікуе некаторыя цытаты з кнігі.
«Лукашэнка — аўтакрат, але не марыянетка Крамля»
«Беларусь, вядома, гэта дыктатура. Як часта бываў у краінах, якія вызваляліся з савецкага ярма, першая дэмакратычная каманда ў гэтай краіне спрабавала вярнуць дэмакратыю, адначасова спыняючы дзесяцігоддзі русіфікацыі. Спроба навучыць гаварыць па-беларуску рускамоўную большасць магла ёй не спадабацца і адкрыла браму для шчырага савецкага чалавека, соль з солі калгаснай наменклатуры. Лукашэнка зверг дэмакратыю, якая толькі нараджалася, і захапіў паўнату ўлады, змагаючыся з карупцыяй, якая праяўлялася ў тым, што нехта паставіў сабе плот вакол дома за 100 даляраў. Лукашэнка — аўтакрат, але не марыянетка Крамля, і ён не заўсёды танчыць так, як гэтага жадае Пуцін. Некалі я сказаў Сяргею Лаўрову, што, паводле нашых падлікаў, адкрытыя і скрытыя субсідыі для рэжыму Лукашэнкі каштавалі Расіі да гэтай пары каля 100 мільярдаў даляраў. "Каб жа толькі", — уздыхнуў Лаўроў».
«Беларусь, без сумневу, гэта рэальная дзяржава»
«Беларусь, без сумневу, гэта рэальная дзяржава, толькі са значна меншым полем манеўру, чым у Польшчы, але з імкненнем быць адасобленай. Беларуская дыктатура даволі эфектыўная не толькі ў пераследзе апазіцыі, але таксама ва ўтрыманні дарог і якасці дзяржаўных дакументаў. Як кожны дыктатар, Лукашэнка выкарыстоўвае жорсткія метады і бывае бязлітасны. Агулам кажучы, гэта дзяржава, якая дзейнічае пры дапамозе пераследу і перашкодаў сваім апанентам. Забівае і садзіць (а хутчэй, забівала і садзіла) у розніцу, а не оптам».
«Калі б у расіян была альтэрнатыва Лукашэнку, то яны б яе выкарысталі»
«Лукашэнка — гэта арыгінал. Цяжка адмаўляць, што ён валодае палітычнай мабільнасцю, але ягоныя свавольствы — у залежнасці ад настрою або новай палітычнай ідэі — уяўляюць такую ж праблему як для Расіі, так і для Захаду. Я неаднойчы меў уражанне, што калі б у расіян была альтэрнатыва Лукашэнку, то яны б яе выкарысталі».
«У Лукашэнкі прыроджаны палітычны талент»
«Калісьці Аляксандр Квасьнеўскі шкадаваў у размове са мной, што ён не інвеставаў столькі ў Лукашэнку, колькі ў чарговых прэзідэнтаў Украіны. Ён лічыў, што занядбаў яго, і што, магчыма, Лукашэнку ўдалося б уцягнуць у еўрапейскую арбіту, у пэўным сэнсе еўрапеізаваць. Думаю, што гэта былі неабгрунтаваныя надзеі. Гэта палітычная "жывёла" зусім іншага гатунку. Стыль ягонай палітыкі абсалютна больш савецкі і больш правінцыйны. Але бясспрэчна, у яго ёсць прыроджаны палітычны талент.
«Расія была гатовая падтрымаць у нейкай ступені еўрапеізацыю Беларусі»
«Расіяне ўспрымаюць Беларусь як свайго падапечнага. Непакорлівага, але ўсё ж падапечнага. Для іх гэта стратэгічная тэрыторыя, без якой іх сістэма проціпаветранай абароны не зможа працаваць, паколькі паветраная брама ў Маскву была б адкрытая. З расійскага пункту гледжання, Беларусь — ключавы фактар для расійскага экславу ў Калінінградскай вобласці. У Расіі ёсць таксама свой інтарэс у ажыўленні беларускай эканомікі — субсідыі неэфектыўнай дзяржавы вельмі дарагія, а ў Расіі шмат інтарэсаў і па-за Беларуссю. Таму расійскі інтарэс у Беларусі палягаў у тым, каб Лукашэнка, трымаючы Беларусь у зоне іхнага ўплыву, быў больш прадказальны і менш каштаваў.
Каб дасягнуць гэтага, яны былі гатовыя падтрымаць у нейкай ступені еўрапеізацыю Беларусі. А ў інтарэсе Еўропы якраз еўрапеізацыя Беларусі, якая б у доўгатэрміновай перспектыве прывяла да дэмакратызацыі. Можна было разлічваць, што кантраляванае збліжэнне з Еўропай пяройдзе ў сапраўдны працэс грамадскіх пераменаў. Здавалася, што гэта поле да гульні».
«Атмасфера была добрая, асабліва пасля вячэры з пячонкай зубра»
«Пачатак быў шматабяцальны. Ужо некаторы час на нашым стале ляжала прапанова двухбаковай сустрэчы. Я хацеў, каб месца сустрэчы было сімвалічнае, і прапанаваў Віскулі ў Белавежскай пушчы. Не ўтойваю, што мне было цікава, як выглядае месца, дзе падпісвалі дамову аб распадзе СССР. На маё здзіўленне, беларускі бок не толькі пагадзіўся, але нават падрыхтаваў спецыяльную пляцоўку для прызямлення верталёта, каб я мог прыляцець наўпрост з Варшавы.
Мы паляцелі адным са старых Мі-16. Што цікава, нягледзячы на маю спробу пабачыць мяжу, я не здолеў злавіць той момант. У вёсках тыя самыя драўляныя хаткі шчытом да дарогі. Палац унутры выглядаў так, як быццам Ельцын, Краўчук і Шушкевіч пакінулі яго за дзень да нашага прыезду. Пустыя пакоі, няўтульныя крэслы, пазалочаныя сталы, усё ў тым стылі, які камуністы лічылі арыстакратычным шыкам.
З міністрам Мартынавым мы пазнаёміліся падчас шматбаковых сустрэчаў, а цяпер мы вялі доўгую размову ў леснічоўцы непадалёк ад палацу. Атмасфера была добрая, асабліва пасля вячэры, паколькі ў меню была нават пячонка з зубра, што я тады палічыў прыязным жэстам. І толькі праз пару месяцаў, калі я расказваў пра размову адной важнай беларускай апазіцыянерцы, яна паглядзела на мяне з непакоем і сказала, што беларусках зуброў адстрэльваюць ў сувязі з туберкулёзам. Але пакуль можна было спадзявацца на адкрыццё».
«Беларусы — нягледзячы на дыктатуру — хацелі б вырвацца з ролі падапечнага ўсходняга суседа»
«Мы прапанавалі Беларусі магчымасць удзелу ў еўрапейскіх праграмах і польскую падтрымку. Мушу прызнаць, што беларускія прапановы заўсёды былі прафесійна падрыхтаваныя і ў прынцыпе рэалізоўваліся згодна з дамоўленасцямі. Гэта толькі даказвала, што беларусы — нягледзячы на дыктатуру — хацелі б вырвацца з ролі эканамічнага і стратэгічнага падапечнага ўсходняга суседа. У іх сапраўды былі моцныя расійскія ўплывы, і яны мусілі сур’ёзна падыходзіць да кожнага кроку. Мы вырашылі павялічыць нашу прапанову».
«Гаворка была не пра звяржэнне. Нам хапіла б нейкага жэсту»
«З’явілася нагода, каб праверыць сапраўдныя намеры. Набліжаліся парламенцкія выбары 2008 году, якія, што праўда, мелі меншае значэнне, а пасля прэзідэнцкія ў 2010 годзе — і можна было перадаць Лукашэнку: перастань, спыні рэпрэсіі і хаця б сімвалічна ідзі ў бок дэмакратыі, і тады будзе ўзнагарода. Гаворка была не пра звяржэнне прэзідэнта, а пра доўгатэрміновую перспектыву шляху да дэмакратыі. Еўразвязу і Польшчы хапіла б нейкага жэсту. Кажучы прама: мы чакалі, што ўзровень фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах будзе меншым. Лукашэнка павінен быў паказаць, што ён не лічыць сябе пажыццёвым дыктатарам. Я пераканаў у гэтай ідэі і немцаў, каб гэта не выглядала на аднабаковую ініцыятыву».
«Падначаленыя Лукашэнкі жывуць у вялікім страху перад ягонымі эмацыйнымі выбухамі»
«Перад самымі прэзідэнцкімі выбарамі разам з нямецкім міністрам замежных справаў Гвіда Вестэрвеле мы паехалі на непасрэдныя перамовы з прэзідэнтам Лукашэнкам. Гэта стыхійная постаць. Яго падначаленыя жывуць у вялікім страху перад ім і ягонымі эмацыйнымі выбухамі. Таму гаварыў найперш Лукашэнка. Між іншым, пра тое, што спадзяецца гэтым разам на падтрымку 60–70%, што можна было ўспрыняць як прапанову нам, вядома, недастатковую. Але была таксама цікавая частка размовы. Да сустрэчы мы дамовіліся з Гвіда, што ён згадае аб правах этнічных меншасцяў, а я аб правах сексуальных. Сёння стаўленне да сексуальных меншасцяў сталі лакмусавай паперай, якая сведчыць аб талерантнасці грамадства».
«Пі...саў трэба трымаць у рэзервацыях»
«Гвіда Вестэрвеле стрымаў слова і згадаў пра правы этнічных меншасцяў, у тым ліку палякаў. А Лукашэнка на гэта: "Чаму вы пытаеце мяне пра палякаў? Я ж люблю сваіх палякаў. Мае палякі — гэта мае самыя верныя выбарнікі. І я хачу, каб палякі ў Беларусі мелі такія самыя правы, як і ўсе іншыя грамадзяне". Гэта, вядома, можна было ўспрыняць як абяцанне, але і як пагрозу — беларускія грамадзяне маюць няшмат правоў.
Згодна з дамоўленасцю, я згадаў пра сексуальныя меншасці. Лукашэнка паглядзеў на мяне як на вар’ята і праз хвіліну кажа з нотай здзіўлення: "Але ў нас у Беларусі няма ніякіх сексуальных меншасцяў". "Разумею, спадар прэзідэнт, Беларусь, вядома, мае сваю спецыфіку. Але гіпатэтычна, калі б у будучыні ў Беларусі з’явіліся нейкія сексуальныя меншасці, то вы будзеце ставіцца да іх талерантна, праўда?" Лукашэнка глядзіць то на мяне, то на Вестэрвеле і, круцячы галавою, паблажліва ўсміхаецца і кажа: "Ну не ведаю, не ведаю... А... лесбіянкі хай будуць, нават можна паглядзець. Але пі...саў трэба садзіць у аўтобусы, вывезці за горад, і будзем трымаць іх там у рэзервацыях". У гэты момант я ведаў, што міністр замежных справаў Германіі будзе ў беларускім пытанні на маім баку да канца працы на сваёй пасадзе».
Падслуханая размова беларускіх міністраў
«Відавочна, што супрацоўнікі Лукашэнкі забыліся яму сказаць, што Вестэрвеле адкрыта прызнаецца ў тым, што ён гей і шмат гадоў жыве са сваім сталым партнёрам. Цікава, што разам з Гвіда мы пачулі прыватную размову двух беларускіх міністраў на гэтую тэму. Яе значэнне можна было б падсумаваць у словах "Што гэты лапух зноў нагаварыў"».
«Лукашэнка дакладна зліквідуе расійскую агентуру»
«Парламенцкія выбары скончыліся поўнай паразай апазіцыі, але ім, прынамсі, далі часткова выступіць у СМІ. Але вынік не пакідаў сумневу. Наступныя месяцы Лукашэнка манеўраваў, раз-пораз паказваючы сваю незалежнасць ад Расіі. Хаця б тады, калі ён стрымаў абяцанне Еўразвязу не прызнаваць дзяржаўнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, якія абвясцілі незалежнасць пасля вайны з Грузіяй.
Ні для каго не павінна быць сакрэтам, што Расія мае ў Беларусі большыя ўплывы, чым ЕС. Гэта ажно 300 гадоў прысутнасці. Блізкае перапляценне вайсковых элітаў, якія на вучэннях трэніруюць розныя ваенныя сцэнары. Хоць і тут давер не поўны, бо Беларусь не атрымала ад Расіі баявых самалётаў, пра якія прасіла, а адначасна расіяне не атрымалі права базавання сваіх авіяцыйных сілаў на яе тэрыторыі. У спецслужбах Лукашэнка дакладна зліквідуе расійскую агентуру, баючыся, што менавіта ў Расіі могуць праняць рашэнне пра яго звяржэнне».
«Лаўроў абяцаў прызнаць выбары, нават калі пераможа апазіцыя»
«Я размаўляў у Варшаве з Сяргеем Лаўровым, і зваротныя сігналы былі зразумелыя — Расія таксама хоча, каб Лукашэнка памякчэў, каб каштаваў менш і не прыносіў столькі клопатаў. Калі мы былі з Гвіда ў Мінску, то да выбараў заставалася менш за два месяцы. Праз некалькі тыдняў я размаўляў у Каралеўскіх Лазенках з Лаўровым. Падчас гутаркі ў кабінеце караля Станіслава вочы ў вочы Лаўроў паабяцаў: «Расія прызнае вынік прэзідэнцкіх выбараў у Мінску, нават калі выйграе кандыдат апазіцыі».
«Для Расіі Някляеў мог быць спакойнай і прадказальнай альтэрнатывай»
«Гэта было цікава, паколькі галоўным кандыдатам апазіцыі стаў на той час лідар руху "Гавары праўду", паэт і напалову расіянін Уладзімер Някляеў. Гэта быў кандыдат, які б пакончыў з дыктатурай у Беларусі, але які мог бы быць гарантыяй для Расіі, што яны захаваюць там нармальныя стасункі і значныя ўплывы. Някляеў не жадаў дражніць Расію, пазбягаў гэтага і разумеў, што Беларусь можа разлічваць толькі на паступовую еўрапеізацыю, а не імклівае збліжэнне з NATO. Для Расіі ён мог быць спакойнай і прадказальнай альтэрнатывай».
«За разгонам пасля выбараў 2010 году магла стаяць Расія»
«Выбары былі сфальсіфікаваныя, як і звычайна, а пратэстоўцаў разагналі. Сёння здаецца, што рашэнне пра гэта прынялі ў Маскве або, прынамсі, пад яе ўплывам. За дзесяць дзён да выбараў прамяністы Лукашэнка выступіў з Пуціным на супольнай прэс-канферэнцыі.
Не ўпершыню выявілася, што расійскае МЗС з’яўляецца рэалізатарам, а не ініцыятарам расійскай замежнай палітыкі. Міністр Лаўроў мог, вядома, увесці мяне ў зман, але не вельмі разумею, навошта, калі ягоная спецыяльнасць — адкрыта прадстаўляць расійскую пазіцыю. Я прытрымліваюся думкі, што, размаўляючы са мною ў Каралеўскіх Лазенках, ён яшчэ не ведаў рашэння, якое прынялі ў Крамлі».
«Дэмакратызацыя і еўрапеізацыя Беларусі можа адбыцца толькі тады, калі зменіцца ўлада ў Маскве»
«Лукашэнка працягвае весці сваю гульню. З аднаго боку, ён не прызнае анексію Крыму, а з другога дае расіянамі вялікую авіябазу. Аднак у часы, калі дактрына расійскага збірання земляў змянілася з вербальнага ў рэальнае, беларусы павінны непакоіцца пра будучыню Віцебску, які на пачатку існавання СССР уваходзіў менавіта ў склад расійскай ССР. Баюся, што дэмакратызацыя і еўрапеізацыя гэтай краіны можа адбыцца толькі тады, калі зменіцца ўлада ў Маскве. Або калі Расія аслабне, напрыклад калі яна прайграе вайну іншаму суседу».
***
Радаслаў Сікорскі — выкладчык Гарвардскага ўніверсітэту. У 2005–2007 быў міністрам абароны, міністрам замежных справаў (2007–2014) і спікерам Сейму (2014–2015).
Працаваў ваенным рэпарцёрам у Афганістане і Анголе (1986–1989). Лаўрэат прэміі World Press Photo.
Разам з Карлам Більдтам ініцыяваў «Усходняе партнёрства». У 2014 годзе кіраваў місіяй Еўрасаюза ў Кіеве, што прадухіліла праліццё крыві на Майдане.
Трапіў у топ-100 глабальных мысляроў (Top 100 Global Thinkers) паводле часопісу Foreign Policy — «за праўду, нават тады, калі гэта недыпламатычна».
Выпускнік Оксфардскага ўніверсітэту (філасофія, палітычныя навукі і эканоміка).
Паводле www.svaboda.org