Сакратарка Фрэдэрыкі Магерыні замужам за лабістам «Газпрому»

Еўрапейскі Саюз заяўляе, што не бачыць канфлікту інтарэсаў у тым, што прэсавая сакратарка вярхоўнай прадстаўніцы ЕС па знешняй палітыцы Фрэдэрыкі Магерыні замужам за ключавым лабістам расійскага «Газпрому» на захадзе.



wedding1.jpg

Вяселле Кэтрын Рэй з Томасам Барос-Тастэтса
Прэсавая сакратарка Магерыні Кэтрын Рэй выйшла замуж за Томаса Барос-Тастэтса ў Францыі 19 кастрычніка 2013 году. Ён з'яўляецца партнёрам у брусэльскім філіяле лабісцкай фірмы «G+». У ягонай онлайн-біяграфіі сцвярджаецца, што ён «дапамагае каардынаваць еўрапейскую частку сусветнага кансорцыюму, які кансультуе буйныя міжнародныя энэргетычныя кампаніі ў галіне сувязяў з грамадскасьцю і дзяржаўных спраў».
Хоць тэрмін «буйная міжнародная энэргетычная кампанія» не расшыфроўваецца, вядома, што Барос-Тастэтс часта згадваецца ў СМІ як «кансультант у еўрапейскіх дзяржаўных справах для Газпрому».
У жніўні 2013 году, калі было аб'яўлена аб яго прызначэньні партнёрам у філіял у Брусэлі, «G+» заяўляла, што ён «з'яўляецца дарадцам «Газпрому» ў ягоных дачыненнях з установамі ЕС у справе канкурэнцыі».
Адкрыты рэгістар Еўрасаюзу сведчыць, што Барос-Тастэтс з'яўляецца адным з супрацоўнікаў фірмы, «акрэдытаванай для доступу ў памяшканні Еўрапейскага парламенту».
Барос-Тастэтс быў заўважаны ў кампаніі міністра энэргетыкі Расіі Аляксандра Новака ў Брусэлі 29 кастрычніка, калі Новак быў у горадзе для газавых перамоваў з ЕС і ўкраінскіх чыноўнікаў.
Маргарыціс Шынас, галоўны прадстаўнік Еўрапейскай камісіі, які браў удзел у праверцы Кэтрын Рэй пры прыняцці яе на новую пасаду прэсавага сакратара Магерыні, паведаміў нашаму Радыё у пісьмовым каментары, што Рэй паведаміла аб прафесійнай дзейнасці свайго мужа, у тым ліку і аб яго працы для «Газпрому».
«Рэй прайшла працэдуру этычнай праверкі на просьбу Еўрапейскай камісіі», — напісаў Шынас. Ён дадаў, што Магерыні  «удзельнічала» у працэсе выбару Рэй, але не вылучала яе.
«Таму мы не лічым, што існуе патэнцыйны канфлікт інтарэсаў з ... абавязкамі Рэй ў Еўракамісіі», — напісаў Шынас.
Рэй адмовілася даць свой камэнтар.
Былая міністарка замежных справаў Італіі Фрэдэрыка Магерыні была спрэчным выбарам для замены Кэтрын Эштан у якасці кіраўніка знешняй палітыкі Еўрапейскага Саюзу. Крытыкі разглядалі яе як палітычна нявопытную і, магчыма, занадта гатовую зрабіць саступкі для Расіі пад кіраваньнем Уладзіміра Пуціна.
svaboda.org