Сахашчык: Калі салдаты пакажуць сваё нежаданне ўдзельнічаць у авантурах, «бліцкрыгу на Вільню» не будзе

Былы вайсковец, а цяпер палітык Валерый Сахашчык на святкаванні Дня Волі ў Варшаве заявіў, што рэжымы Лукашэнкі і Пуціна рыхтуюць напад на Вільню. Наколькі гэта верагодна?

_belarus_zyccjo_armija_vaennyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg

«Я атрымаў інсайд з Генеральнага штаба Рэспублікі Беларусь, што распрацоўваецца аперацыя на тэрыторыі Літвы. Зусім не факт, што яна будзе рэалізаваная», — так прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Валерый Сахашчык патлумачыў у інтэрв'ю ютуб-каналу «Пара! Пара!», чаму ён загаварыў пра сцэнар «бліцкрыгу на Вільню». Паводле яго слоў, калі суседзі Беларусі падрыхтуюцца да найгоршага развіцця падзей, то «бліцкрыг на Вільню» памрэ, нават не нарадзіўшыся.

«Вайскоўцы адпрацоўваюць планы на ўсе выпадкі жыцця, і зусім не факт, што яны будуць рэалізаваныя. Але абмеркаванне, адпрацоўка гэтай задачы ідзе, што выходзіць па-за рамкі агульнапрынятых норм і дакументаў, што, вядома, трывожыць, — адзначае Валерый Сахашчык. — Для мяне чымсьці надзвычайным з'яўляецца разгортванне беларускіх войскаў, якое адбываецца цяпер ля літоўскай мяжы: заўсёды падобныя мерапрыемствы праводзіліся ў межах палігонаў. Цяпер чамусьці 19-я асобная механізаваная брыгада выконвае мерапрыемствы не на палігоне, а на тэрыторыі, якая непасрэдна прымыкае да мяжы. Трывожны сігнал для мяне: менавіта гэта адбывалася перад пачаткам маштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, калі пад выглядам вучэнняў была створаная ўдарная групоўка ля мяжы і 24 лютага 2022 года зайшла на тэрыторыю Украіны».


Глядзіце таксама

24 сакавіка ў Варшаве прадстаўнік па нацыянальнай бяспецы і абароне Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык заявіў, што «беларускія генералы са сваімі калегамі з Масквы малююць стрэлкі на мапах у бок Вільні» і рыхтуюць «бліцкрыг на Вільню». Валерыя Сахашчыка падвергнулі рэзкай крытыцы за «шкодныя заявы».

— На дадзены момант няма ўмоў для нападу. Зразумела, што адна 19-я асобная механізаваная брыгада не пойдзе, і ў прынцыпе само па сабе беларускае войска не пойдзе: беларускія Узброеныя сілы не здольныя ажыццяўляць такія задачы супраць любой дзяржавы. Але не цяпер, а пазней, і не самастойна, а разам з Узброенымі сіламі Расіі — на жаль, я такі сцэнар лічу дапушчальным, — паўтарыў прадстаўнік АПК сваю версію.

Валерый Сахашчык дапускае, што дэманстратыўны выезд Лукашэнкі на памежны палігон — усяго толькі элемент гібрыднай вайны, элемент ціску на Еўропу, як, зрэшты, і размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі.

«Заходнія краіны не маюць аднадушнасці ў падтрымцы Украіны, таму далейшая эскалацыя, пагрозы нападу на краіны Еўропы, перанос баявых дзеянняў у Еўропу павінны ўсхваляваць еўрапейцаў. Думаю, Пуцін і Лукашэнка разлічваюць, што гэта можа аказацца фактарам ціску на кіраўніцтва заходніх краін, каб як мага хутчэй, на любых умовах скончыць вайну ва Украіне. Але гэта таксама можа аказацца цалкам рэальнай адпрацоўкай дзеянняў. А тое, што Лукашэнка ездзіць на палігон... Дык а куды яму яшчэ ездзіць?» — адзначае Сахашчык.


Глядзіце таксама

Наогул беларускае войска не жадае ваяваць, дзеліцца сваёй ацэнкай сітуацыі палітык:

— У беларускім войску пераважае стомленасць ад бясконцага ўзмацнення баявой гатоўнасці, ад бясконцых праверак баявой гатоўнасці. Вучэнні як пачаліся перад шырокамаштабнай агрэсіяй у канцы 2021 года, так практычна не спыняюцца. Часткі і падраздзяленні бясконца па ратацыі выязджаюць да мяжы, ахоўваюць гэтую мяжу, накручваецца істэрыя, што на нас вось-вось нападуць. Вайскоўцаў трымаюць у стане пастаяннага стрэсу — усім гэта надакучыла, усе стаміліся. Нават на самыя прэстыжныя факультэты Ваеннай акадэміі конкурсу няма, ідзе недабор. Вельмі шмат афіцэраў і прапаршчыкаў звальняюцца па заканчэнні кантракту. Але паколькі вайсковая псіхалогія не прадугледжвае вальнадумства, людзі прывыклі выконваць загады: пакуль загады ўкладваюцца хоць у нейкія рамкі, яны выконваюцца. Краіна пакуль у мірных умовах, жыцці вайскоўцаў пакуль не падвяргаюцца асаблівай небяспецы, таму ствараецца ўражанне, што ў войску пануюць цішыня і лагода. Але калі справа дойдзе да ўдзелу ў рэальных баявых дзеяннях, то сітуацыя зменіцца, — перакананы прадстаўнік АПК.

Беларускае войска, нягледзячы на татальны ціск і шантаж спецслужбаў у самым пачатку поўнамаштабнай агрэсіі, адмовілася ісці ва Украіну. «Вельмі важна, каб салдацкая маса, малодшыя афіцэры паказалі сваё нежаданне ўдзельнічаць у авантурах — і тады ёсць вельмі вялікі шанец, што Беларусь у гэтым удзельнічаць не будзе», — рэзюмаваў Валерый Сахашчык.