Рух салідарнасці “Разам” патрабуе адстаўкі ЦВК

Рух салідарнасці “Разам”, зарэгістраваны ў Польшчы, Чэхіі і Літве, патрабуе ад сябраў Цэнтрвыбаркама пайсці ў адстаўку. Пра гэта гаворыцца ў заяве “Пра неабходнасць самароспуску ЦВК” ад 16 ліпеня за подпісам старшыні руху Вячаслава Сіўчыка.  



497d8032_8387_4fe7_a138_8c7368aeceb2_w640_r1_cx0_cy42_cw96_s.jpg

У заяве, між іншым, зазначаецца, што ў Беларусі пасля лістапада 1996 года ніколі не было магчымасці для правядзення свабодных і справядлівых выбараў. “Галоўная прычына гэтага ў тым, што  ў склад выбарчых камісій усіх узроўняў уваходзяць толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі і людзі, цалкам залежныя ад сённяшняй улады. Самую важную ролю пры правядзенні выбарчых фарсаў замест выбараў у нашай краіне адыгрывае Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК)”, — гаворыцца ў заяве.

Як падкрэслівае яе аўтар, менавіта ЦВК нясе персанальную адказнасць за тое, што ніводная краіна цывілізаванага свету за апошнія 19 гадоў ніколі не прызнавала свабоднымі і справядлівымі выбарамі той працэс, які арганізуюць беларускія чыноўнікі. Спадар Сіўчык нагадвае, што ў турме пяты год незаконна знаходзіцца галоўны супернік Аляксандра Лукашэнкі — Мікола Статкевіч, што менавіта ЦВК дала беспадстаўную адмову на грунтоўную і падрыхтаваную па шматлікіх фактах парушэння беларускага заканадаўства скаргу Рыгора Кастусёва аб прызнанні “выбараў” 2010 года  несапраўднымі.

“Блюзнерства ЦВК у той момант падкрэслівалася як фактам дэманстратыўнага збіцця Уладзіміра Некляева і яго прыхільнікаў яшчэ падчас выбарчага фарсу, так і цкаваннем спецслужбамі усіх супернікаў Аляксандра Лукашэнкі з узбуджэннем крымінальных спраў супраць большасці іх і дзясяткаў іншых актывістаў апазіцыі. Кіраўніцтва ЦВК і цяпер ужо публічна абвясціла пра гатоўнасць (…) адмовіць ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Міколы Статкевіча кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Такая адмова тлумачыцца толькі тым, што Аляксандр Лукашэнка баіцца гэтага беларускага палітыка”, — адзначаецца ў заяве.

Старшыня руху бачыць тэрміновы самароспуск ЦВК у якасці адзінай магчымасці для правядзення ў будучым свабодных і справядлівых выбараў, бо ўсе іншыя прававыя варыянты блакаваныя беларускімі ўладамі.
 

Вячаслаў Сіўчык публічна звярнуўся да Лідзіі Ярмошынай, Вадзіма Іпатава, Мікалая Лазавіка, Васіля Бушчыка, Алены Дмухайла, Аляксандра Дудко, Сяргея Каліноўскага, Святланы Кацуба,  Міхаіла Пятрушына, Марыны Рахманавай, Алега Сліжэўскага і Івана Шчурка з патрабаваннем пайсці ў адстаўку. Старшыня руху нагадаў сябрам ЦВК, што ў судах, якія адбываліся над дзеячамі аўтарытарных і таталітарных рэжымаў розных краінаў свету, словы “я проста выконваў загады” толькі абцяжарвалі віну злачынцаў. Вячаслаў  Сіўчык просіць беларускую і міжнародную грамадскасць падтрымаць патрабаванне руху па роспуску ЦВК, як неабходную перадумову для правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі.