Роза Турарбекава: Ваенная дактрына топча Канстытуцыю

Палітолаг і незалежная экспертка Роза Турарбекава — пра важнасць Каліноўскага для беларусаў і новую ваенную дактрыну.

dzen_kanstytucyi_logo.jpg.webp

22 студзеня — гадавіна паўстання Каліноўскага. Учора, 21 студзеня, у Вільні ўшанавалі памяць герояў паўстання 1863-1864 гадоў. У акцыі ў тым ліку прыняла ўдзел лідарка дэмсіл Святлана Ціханоўская.

— Кожны раз, калі мы аддаём даніну павагі Каліноўскаму, я думаю пра тое, што беларусам пашанцавала: ім ёсць куды прыйсці і каму пакланіцца. І гэта адбываецца на міжнародным узроўні, — кажа Роза Турарбекава ў эфіры «Еўрарадыё». — Значнасць паўстання Каліноўскага ў тым, што яго справа дагэтуль жывая. І гэтая справа не завершана. Паўстанне працягваецца.

Сёння беларускія ўлады спрабуюць сцерці Кастуся Каліноўскага з гісторыі Беларусі. Напрыклад, адзіную гімназію імя Каліноўскага ў Беларусі перайменавалі.

— Каліноўскі з'яўляецца часткай нацыянальнай ідэнтычнасці і гісторыі беларусаў. Яго «Мужыцкая праўда» з'яўляецца своеасаблівым маніфестам. Відавочна, Лукашэнка ўспрымае Каліноўскага як пагрозу. Прынамсі, тыя прапагандысты, якія цяпер вакол яго.


Глядзіце таксама

Натуральна, у рамках неаімперскіх праектаў постаць Каліноўскага перашкаджае. У гонар Каліноўскага названы беларускі полк, які цяпер ваюе за свабоду Украіны.

Пры гэтым Каліноўскі ўсё яшчэ ёсць у беларускіх падручніках, і там няма ніякіх негатыўных канатацый. Спробы прыбраць Каліноўскага з бачных месцаў — пакуль слабыя. Да манкуртызацыі яшчэ далёка.

Лічу, што ў свой час Каліноўскаму было адведзена годнае месца ў гісторыі Беларусі. Але сёння жаданне выдаліць яго з гісторыі і беларускай самасвядомасці — дарэмнае. Ён вернецца. Я думаю, што, калі мы вернемся, беларусам будзе мець сэнс паставіць пытанне аб вяртанні парэшткаў Каліноўскага ў Мінск і зладзіць яму годны манумент.

З актуальнага сёння палітолаг таксама пракаментавала прадстаўленую ўладамі абноўленую ваенную дактрыну. У ёй прапісана, што Беларусь будзе разглядаць напад на сваіх хаўруснікаў як напад на сваю тэрыторыю.

— Хаўруснікамі прызнаюцца тыя, хто ўваходзіць у адзін ваенна-палітычны саюз, — тлумачыць Турарбекава. — Такім з'яўляецца АДКБ. Мабыць, пра АДКБ гаворка і ідзе.


Глядзіце таксама

А напад на Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан можа лічыцца падставай для таго, каб беларускія войскі былі выкарыстаны ў Цэнтральнай Азіі? Мы памятаем гісторыю, калі беларускіх вайскоўцаў адправілі ў Казахстан.

Але ўявіце, што здзяйсняецца напад, напрыклад, на Таджыкістан. І Беларусь будзе гатова адправіць свае войскі на вайну.

Ці гатовы афіцэрскі састаў пасылаць сваіх дзяцей у Афганістан, Таджыкістан, Кыргызстан? І ці гатовы браць удзел у ваенных авантурах РФ?

А тое, што бамбяць Белгарад — гэта лічыцца нападам на Расію? Дык што, пасля прыняцця гэтай ваеннай дактрыны мы ўступім у вайну з Украінай? Калі яны робяць такія заявы, мне здаецца, што яны ці то не цямяць, ці то не ўсведамляюць, ці то ўжо пазбавіліся апошніх самастойных меркаванняў і паўтараюць тое, што кажа Масква.

Гэта досыць небяспечная тэндэнцыя — прыняцце такой дактрыны. Якая, дарэчы, топча ўсе асноўныя канстытуцыйныя прынцыпы, што закладзены пры стварэнні незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.

Паводле «Салідарнасці».