Распачаліся расійска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць»
Стартавалі расійска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць». Яны ідуць на беларускіх палігонах.
Манеўры «Саюзная рашучасць» будуць доўжыцца да 20 лютага. На іх збіраюцца адпрацоўваць задачы «па спыненні і адбіцці знешняй агрэсіі падчас вядзення абарончай аперацыі, а таксама процідзеяння тэрарызму і абароны інтарэсаў Саюзнай дзяржавы».
РІА «Новости» выкладае сцэнар вучэнняў: вайскоўцы ўзмоцняць ахову дзяржмяжы, перашкодзяць пранікненню узброеных груп баевікоў, перакрыюць каналы дастаўкі зброі і боепрыпасаў. Таксама ім трэба будзе знайсці і знішчыць незаконныя фармаванні і дыверсійна-выведвальныя групы ўмоўнага праціўніка.
Адзначаецца, што вучэнні пройдуць на беларускіх палігонах Даманаўскі, Гожскі, Абуз-Лясноўскі, Брэсцкі і Асіповіцкі, а таксама «на асобных участках тэрыторыі Беларусі». Авіяцыі далі аэрадромы Баранавічы, Лунінец, Ліда і Мачулішчы.