Праз сустрэчу Лукашэнкі з Бакіевым у МЗС Кыргызстана выклікалі часовага паверанага Беларусі
Адпаведная заява размешчаная на сайце Міністэрства замежных спраў Кыргызскай Рэспублікі.
У сувязі з публікацыяй, якая з'явілася на афіцыйным сайце кіраўніка Беларусі, аб сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з былым прэзідэнтам Кыргызстана Курманбекам Бакіевым сёння ў Міністэрства замежных спраў КР быў выкліканы часовы павераны ў справах Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кыргызскай Рэспубліцы Сяргей Іваноў.
Падчас сустрэчы яму была ўручана нота МЗС КР, у якой быў выказаны пратэст працягу афіцыйных публічных кантактаў з асуджанай у Кыргызстане асобай.
«Кыргызскі бок лічыць катэгарычна не дапушчальным выкарыстанне ў ходзе гэтай сустрэчы дзяржаўнай сімволікі Кыргызскай Рэспублікі і ўзгадванне кыргызска-беларускага сяброўства, што ў корані не адпавядае прынцыпам дружбы і супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі.
Кыргызскі бок настойліва заклікае афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь змяніць свой падыход да дадзенай сітуацыі і засяродзіцца на пазітыўным парадку дня двухбаковага супрацоўніцтва», — сказана ў заяве.
Нагадаем, Курманбек Бакіеў быў прэзідэнтам Кыргызстана з 2005-га па 2010 год. Пры яго звяржэнні 7 красавіка 2010-га года загінулі людзі. Вярхоўны суд прыгаварыў экс-прэзідэнта да 30 гадоў пазбаўлення волі. Пажыццёвыя тэрміны зняволення завочна атрымалі таксама яго брат Жаныш і былы прэм'ер Кыргызстану Даніяр Усенаў. Сын Бакіева Марат таксама завочна прысуджаны да 27 гадоў зняволення.
Сам Курманбек Бакіеў з 2010 года пражывае ў Беларусі, якая адмаўляе Кыргызстану ў яго экстрадыцыі.