Апазіцыя прадставіла новую кампанію назірання за выбарамі
Сярод кааліцыі «Народны рэферэндум» узнікала ідэя, як надаць новы імпульс кампаніі партыйнага назірання за выбарамі, якая раней мела назву «За справядлівыя выбары».
Гэты брэнд яны ператварылі ў новую кампанію пад назвай «Права выбару».
Зараз у кампанію ўваходзяць «Народны рэферэндум» — то бок, Рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду!» і Партыя БНФ, далучылася да
ініцыятывы БСДП (Грамада). У кампаніі назірання яны аб’ядналіся яшчэ з трыма структурамі: аргкамітэтам па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу, Беларускай партыяй «Зялёныя»
і БХД. Прычым, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі дадаў: БХД не ўваходзіць у палітычныя кааліцыі, але на святую справу выкрыцця фальсіфікацый падпісалася.
Сістэма апазіцыйнага партыйнага назірання зменіць свой фармат. Назіральнікі «Права выбару» не будуць раскідвацца, спрабуючы закрыць сабой як мага больш выбарчых участкаў. Яны
сканцэнтруюцца толькі на тых акругах, дзе будуць ісці апазіцыйныя кандыдаты ў дэпутаты. Гэтая канцэнтрацыя палягае таксама і ў шчыльнай супрацы з самімі кандыдатамі і з іх штабамі. Бо менавіта
кандыдаты і іх штабы павінны мець зацікаўленасць у назіранні і ў альтэрнатыўным падліку калі не галасоў, то хаця б прыйшоўшых на галасаванне. Гэта дазволіць узмацніць як назіранне кандыдатаў
— актывістамі «Права выбару», так і «Права выбару» — прыхільнікамі кандыдатаў.
З кастрычніка пачынаецца першы этап кампаніі «Права выбару» — навучанне назіральнікаў, стварэнне метадычных матэрыялаў і запуск сайту назіральнай кампаніі.
Як адзначыў прадстаўнік сакратарыяту «Права выбару», намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, права выбару — гэта не толькі права прыйсці на ўчастак, запоўніць
бюлетэнь і ўкінуць яго ў скрыню. Гэта права і на справядлівы падлік галасоў, чаго ў Беларусі даўно няма, і права на выбары без парушэнняў, і права на веданне сапраўдных вынікаў галасавання. Таму,
калі кампанія «За справядлівыя выбары» толькі фіксавала парушэнні і давала ім належную ацэнку, то праца новага назірання будзе збудавана па крыху іншай схеме і прадугледжвае дзеянні
пасля выбараў. Прынамсі, па выніках выбараў плануецца арганізаваць інфармацыйную кампанію аб фальсіфікацыях (пра тое, што яны будуць, Садоўскі і Лялькоў размаўлялі, як пра факт, які ўжо адбыўся) на
агульнабеларускім і міжнародных узроўнях. Таксама сябры кампаніі дапамогуць кандыдатам пісаць скаргі на вынікі выбараў. І прадугледжваюцца таксама больш актыўныя дзеянні, кшталту мітынгаў і
пікетаў.
Некаторыя палітолагі выказвалі сумнеў наконт новай ініцыятывы. Маўляў, з «перафарматам» могуць не пагадзіцца старыя ўдзельнікі кампаніі «За справядлівыя
выбары». Напрыклад, партыя «Справядлівы свет» на чале з Сяргеем Калякіным, якая адыгрывала не апошнюю ролю ў той кампаніі. Тым больш, што «старыя» ўжо ў
які раз спрабуюць зарэгістраваць пад назвай «За справядлівыя выбары» рэспубліканскую грамадскую арганізацыю. У такім разе атрымаецца дзве апазіцыйныя кампаніі назірання, і іх вынікі
будуць канфліктаваць паміж сабой, а не з дадзенымі Цэнтрвыбаркаму, уносячы чарговы раздрай у апазіцыю.
Ініцыятары «Права выбару» так не лічаць. Найперш, яны адзначаюць, што «Права выбару» гатовае да далучэння новых сябраў-назіральнікаў, і нішто не перашкаджае
далучыцца астатнім. А, па-другое, як адзначыў Садоўскі, выбарчых участкаў на мясцовых выбарах настолькі багата, што месца хопіць усім. У любым выпадку, «Права выбару» гатовае да
каардынацыі.
Другая праблема — праблема з дэмакратычнымі кандыдатамі. У краіне вымалёўваюцца дзве апазіцыйныя кааліцыі, і абедзве кааліцыі разглядаюць мясцовыя выбары ў якасці
«інфармацыйнай кампаніі». А значыць, сур’ёзна перамагаць не плануе ніхто. Ці будуць у такой сітуацыі кандыдаты, якім трэба будзе дапамагаць?
Будуць, упэўнены Лялькоў. «Зараз кампанія «Права выбару» аб’ядноўвае прыкладна 80% дзейсных апазіцыйных палітычных суб’ектаў», —
заявіў ён, і на наўпроставае пытанне, ці будуць усе гэтыя суб’екты вылучаць кандыдатаў у дэпутаты, адказаў: «Так». «Інакш, без дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты,
кампанія назірання губляе сэнс», — дадаў Садоўскі.
Так што выбары ўсё ж будуць з удзелам прадстаўнікоў апазіцыі. І, мяркуючы па тым, што назіранне немагчыма без працэсу выбараў, гэтыя прадстаўнікі «пойдуць да канца» і здымацца
з выбараў у масавым парадку не плануюць.