Польшча пакідае за сабой права на «адэкватны адказ» у сувязі з высылкай консулаў з Брэста і Гродна
Міністэрства замежных спраў Польшчы пакідае за сабой права на адэкватны адказ пасля рашэння афіцыйнага Мінска выслаць двух польскіх консулаў, піша «Радыё Свабода».
Пра гэта паведаміў намеснік міністра замежных спраў Марцін Пшыдач на сваёй старонцы ў «Твітары».
11 сакавіка МЗС Беларусі ўручыў часоваму паверанаму ў справах Польшчы Марціну Вайцяхоўскаму ноту, у якой кіраўніку генеральнага консульства ў Гродне прапанавана пакінуць тэрыторыю краіны цягам 48 гадзін.
«У сувязі з празмерным, асіметрычным і дэструктыўным адказам Польшчы на правамоцнасць і матываванае рашэнне Беларусі ў дачыненні да консула Польшчы ў Брэсце Ежы Цімафеюка польскаму боку даведзена рашэнне аб немэтазгоднасці прысутнасці на тэрыторыі Беларусі кіраўніка Генеральнага консульства ў Гродне», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.
10 сакавіка Марцін Пшыдач паведаміў, што адзін з супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Варшаве абвешчаны персонай нон-грата — у адказ на варожыя і неабгрунтаваныя дзеянні беларускіх улад у дачыненні да польскага консула ў Брэсце.
У той жа дзень пракурор Брэста пачаў крымінальную справу ў сувязі з правядзеннем у горадзе мерапрыемства, прысвечанага «дню выклятых салдатаў».
Па гэтай справе ўжо затрымалі аднаго з сузаснавальнікаў «Польскай школы».