Пётр Рудкоўскі: Лукашэнка быў і застаецца азартным гульцом
Як зменіць палітычныя паводзіны Лукашэнкі тактычная ядзерная зброя, якую Крэмль пагражае размясціць у Беларусі? Чаму ён загаварыў на тэму «не лёг пад Пуціна»? Што для Лукашэнкі незалежнасць Беларусі?
Пра асноўныя мэсэджы лукашэнкавага паслання парламенту і народу гаворым з акадэмічным дырэктарам BISS Пятром Рудкоўскім.
— Ці праясніў Лукашэнку сітуацыю з ядзернай зброяй? Каму і для чаго ядзерная дубінка патрэбна ў Беларусі?
— Яна патрэбна перадусім Пуціну. Складана палічыць, колькі разоў з моманту ўварвання ва Украіну Пуцін пагражаў свету ядзернай зброяй — часам намёкам, а часам даволі адкрыта. У верасні 2022 года, пасля ганебнага паражэння ў Харкаўскай вобласці расійскіх войскаў, Пуцін, чарговы раз папужаўшы «различными средствами поражения» і паабяцаўшы ў крытычны момант прымяніць «все имеющиеся средства», дадаў знамянальную фразу: «И это не блеф».
А праз пару тыдняў пуцінскія войскі мусілі ўцякаць пад контрнаступам украінскіх сіл з Херсона, які з перспектывы Крамля ўжо стаў часткай Расіі. То-бок з пазіцыі Крамля гэта было не што іншае, як пасяганне на «тэрытарыяльную цэласнасць» Расіі. Але толькі што прамоўленае «это не блеф» аказалася чарговым блефам. Інакш кажучы, пагрозы сталі настолькі частымі, што з цягам часу іх перасталі ўспрымаць усур'ёз. Паколькі словы абясцэніліся, Крэмль вырашыў ажыццявіць нейкае дзеянне, якое павінна прадэманстраваць, «наколькі ўсё сур'ёзна».
Што тычыцца Лукашэнкі — што ж, ён быў бы не супраць займець у сваё распараджэнне ядзерную зброю, бо лічыць, што гэта прымусіла б ворагаў «па-іншаму размаўляць» з ім. Але імавернае размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі застанецца пад поўным кантролем расіян. Таму ў кароткатэрміновай перспектыве ў Лукашэнкі будзе не выключна псіхалагічная сатысфакцыя, што, маўляў, трошкі папужаем гэтых заходнікаў. Але разам з гэтай сатысфакцыяй з'явіцца і чарговы ачаг пагрозы: расіяне атрымліваюць магутны вагар уплыву на ўнутраную сітуацыю ў краіне.
—Як ядзерная зброя зменіць статус Беларусі і становішча самога Лукашэнкі, які публічна пацвердзіў датычнасць да ўводу ядзернай зброі ў краіну?
— У кароткатэрміновай перспектыве — фіфці-фіфці. З аднаго боку, гэта дадасць псіхалагічнай упэўненасці ў адносінах з Захадам (у прыватнасці, знізіцца ягоны страх перад магчымым сілавым звяржэннем яго рэжыму), з другога боку, узрастуць апасенні ў дачыненні да Крамля. Лукашэнка, аднак, быў і застаецца даволі азартным гульцом. Яго моцны бок — выкарыстоўванне сітуацыйных магчымасцей. У яго можа быць спадзяванне, што ў нейкай блізкай або аддаленай будучыні сітуацыя складзецца такім чынам, што ён зможа перахапіць кантроль над гэтай ядзернай зброяй. Напрыклад, на фоне паражэння Расіі і звязанага з гэтым хаосу.
— Чырвонай лініяй праз усё пасланне праходзіць апраўданне: то ён «не кладзецца пад Пуціна», то «не трэба парыцца, што тут Расія нешта захапіла», то «мною былі актываваны настойліва перамовы з прэзідэнтам Расіі Пуціным па вяртанні ў Беларусь ядзернай зброі». Гэтыя агаворкі па Фрэйдзе сведчаць, што Лукашэнка цудоўна разумее: менавіта ён, а не калектыўны Захад паставіў пад пагрозу незалежнасць Беларусі?
— Незалежнасць Беларусі для Лукашэнкі — гэта інструментальная вартасць. Вярхоўнай вартасцю для яго з'яўляецца захаванне сваёй палітычнай улады, настолькі шырокай і поўнай, наколькі гэта магчыма. Агаворкі па Фрэйдзе, наколькі памятаю, — гэта міжвольныя і, як правіла, аднаразовыя выказванні, якія выяўляюць несвядомыя ўстаноўкі або жаданні. У Лукашэнкі ж такога тыпу выразы гучаць як мінімум дваццаць пяць гадоў. Гэта элементы яго сталага рытарычнага арсенала.
— «Не падумайце, што я, учапіўшыся ў гэта крэсла, трымаюся за гэту ўладу. Вы бачыце, якія акалічнасці. Шмат хто хацеў бы, каб Лукашэнкі не было. А раз яны хочуць, каб мяне не было там, значыць трэба рабіць наадварот». Сказана стотысячны раз. Трэба чытаць: пакуль жывы — не зваліце?
— Вось тут Фрэйд можа быць дарэчы. Думаю, што Лукашэнка ўскосна выражае апасенні наконт таго, што ўнутры топ-апарата ёсць значная частка, якая жадае ягонага сыходу — хай сабе не поўнага, але хаця б такога сыходу, які спыніў бы практыку аднаасобнага кіравання дзяржавай. А ён прывык да цяперашняй ролі і спрабуе пераканаць свой апарат, што без яго ну ніяк. То-бок — без яго ў ролі аднаасобнага кіраўніка.