Памятаеце візіт Лукашэнкі ў Зімбабвэ? Абяцаў прарыў у супрацоўніцтве, але ад той пары — цішыня
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў яго запланаваны візіт у Экватарыяльную Гвінею. У сувязі з гэтым варта ўспомніць пра яго паездку ў іншую афрыканскую краіну — Зімбабвэ, якая адбылася ў пачатку года.
Тады Лукашэнка абяцаў прарыў у супрацоўніцтве: «Гэта толькі пачатак. Мы далі старт трэцяй фазе гэтай праграмы на суму звыш $66 млн. Яна прадугледжвае больш за 3,7 тыс. адзінак трактарнай тэхнікі, 60 камбайнаў для мясцовых аграрыяў на працягу бліжэйшых паўтара гадоў».
А ўжо пасля вяртання Лукашэнкі ў Мінск было заяўлена, што дзякуючы яго візіту ў Зімбабвэ ўдалося заключыць кантракты на суму $200 млн.
UDF распавядае, што здарылася далей і ці былі рэалізаваны дамоўленасці.
Візіты і падпісанне папер
Далейшы фармат супрацоўніцтва ўлад Беларусі і Зімбабвэ можна падзяліць на дзве катэгорыі —асабістыя кантакты і падпісанне розных папер. Сустракаліся чыноўнікі з пачатку лютага даволі шмат.
Сакавік. Візіт міністра замежных спраў і міжнароднага гандлю Зімбабвэ Фрэдэрыка Шавы ў Мінск, яго сустрэча з Лукашэнкам.
Красавік. Візіт у Мінск першай лэдзі Зімбабвэ Аксіліі Мнангагвы. Афіцыйна мэтай яе візіту назвалі цікавасць да беларускай сістэмы аховы здароўя і дапамогі дзецям, вытворчасці дзіцячага харчавання. Пры сустрэчы з Лукашэнкам першая лэдзі Зімбабвэ назвала яго не толькі «бацькам краіны, але і маці».
Пры іх зносінах прысутнічаў Аляксандр Зінгман — бізнесмен, ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі.
Жнівень. У Мінск прыбыў новапрызначаны пасол Зімбабвэ ў Беларусі Ігнаціус Грэм.
Нягледзячы на заключаныя ў пачатку года дамоўленасці, чыноўнікі працягнулі падпісваць розныя паперы. Сярод іх: указ Лукашэнкі аб стварэнні сумеснай камісіі па супрацоўніцтве, падпісанне міністрамі адукацыі дарожнай карты на 2023-2025 гады ў сферы вышэйшай адукацыі і навукі, ратыфікацыя дэпутатамі палаты прадстаўнікоў пагаднення паміж Беларуссю і Зімбабвэ аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання.
Але які ж вынік мелі ўсе гэтыя шматлікія рухі цела?
Жорсткая праўда пра пастаўкі беларускай тэхнікі ў Зімбабвэ
Інфармацыі пра тое, як выконваюцца заключаныя ў пачатку года падчас візіту Лукашэнкі ў Зімбабвэ дамоўленасці, практычна няма. У адкрытых крыніцах можна адшукаць толькі такое паведамленне: у жніўні дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА напісала, што ў 2023-2024 гадах у Зімбабвэ плануецца паставіць 3575 трактароў, іх адгрузка ўжо пачалася.
З гэтай інфармацыі вынікае, што з пачатку года справа практычна не прасунулася — тады Лукашэнка заявіў, што Беларусь паставіць 3700 трактароў.
Чаму дамоўленасці не рэалізоўваюцца, цалкам можна здагадацца: у Зімбабвэ на куплю беларускай тэхнікі, падобна, папросту няма грошай. У жніўні зімбабвійская дэлегацыя, у складзе якой былі прадстаўнікі CBZ BANK, наведала «Бабруйскаграмаш», але, мабыць, безвынікова.
Некалькі месяцаў таму Беларусь перадала Зімбабвэ 23 пажарныя машыны. Паведамілі пра гэта менавіта з фармулёўкай аб «перадачы», а не продажы.
Нагадаем, што нядаўна прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка канстатаваў адносна сітуацыі ў адносінах з Афрыкай: «Аб'ектыўна ацэньваючы знешнегандлёвую сітуацыю, варта сумленна прызнаць, што назапашаны палітычны капітал пакуль не канвертаваны ў належнай ступені ў паспяховыя гандлёва-эканамічнай праекты».
Такім чынам, ледзь не адзінае, што змог атрымаць беларускі бок за мінулы год — пудзіла льва, падоранае Лукашэнку падчас яго візіту ў афрыканскую краіну.
У цэлым спробы Лукашэнкі наладзіць супрацоўніцтва з Зімбабвэ можна растлумачыць дзвюма магчымымі прычынамі: або дзеяннямі ад безвыходнасці ў сувязі з заходнімі санкцыямі, або спробай выбудаваць карупцыйную схему пад выглядам міждзяржаўнага супрацоўніцтва.
Незалежныя афрыканскія СМІ ўжо не раз пісалі, што
Беларусь праз Віктара Шэймана і Зінгмана спрабуе дамовіцца з уладамі Зімбабвэ
аб непразрыстай куплі карысных выкапняў.