Памяці прафесара Юрыя Хадыкі: адзін са стваральнікаў БНФ мог адсвяткаваць сёння 85 гадоў
Гэты чалавек пры спрыяльных умовах мог трыумфальна перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах і застацца ў памяці ідэальным кіраўніком дзяржавы. Умовы аднак не былі такімі. Узгадаем Юрыя Хадыку, чалавека, які будзе мець вечную памяць.
Юры Хадыка нарадзіўся ў Менску 23 чэрвеня 1938 году.
У 1996 годзе, пасьля сканчэньня легендарнага масавага Чарнобыльскага шляху, Юры Хадыка разам з Вячаславам Сіўчыкам 26 красавіка быў арыштаваны і кінуты за краты, яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. На знак пратэсту абвесьціў галадоўку. 21 траўня быў вызвалены. Да 2020 году, зь яго татальным тэрорам, адзін з волатаў беларускага адраджэньня не дажыў.
Цікава, што ў 2002 годзе на паседжаньні Сойму БНФ намесьнік старшыні партыі Юры Хадыка зьвінаваціў Вячаслава Сіўчыка ў дэструктыўнай дзейнасьці і спробе стварыць новую структуру і прапанаваў выключыць таго з шэрагаў арганізацыі. Сіўчык у адказ заявіў, што сёньняшняе кіраўніцтва Фронту нясе адказнасьць за развал арганізацыі, зазначыўшы, што БНФ і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ мусяць аб'яднацца, бо паасобку яны слабыя.
У выніку Вячаслаў Сіўчык пакінуў шэрагі Фронту.
У артыкуле для «Новага Часу» ў 2009 годзе прафэсар Хадыка пісаў:
«Я хачу падкрэсьліць, што ў сёньняшняй Беларусі нацыяналістычнымі павінныя быць дэмакратычныя партыі ўсяго палітычнага сьпектру. Мець беларусацэнтрычныя праграмы і лідэраў без ухілу на Захад ці Ўсход. Толькі шчырая адданасьць інтарэсам свайго народу адкрые шлях да электаральнай перамогі. А не карысьлівыя спробы стварыць кіруемую апазыцыю для абслугоўваньня рэпрэсіўнага, антыдэмакратычнага рэжыму».
Гэтыя словы актуальныя як у 1991 годзе, так і ў 1994-м, вядома ж, і ў 2020 годзе таксама крычалі сваёй праўдзівасьцю.
Як адзначаў сын Юрыя, Аляксей Хадыка, уся папярэдняя сямейная гісторыя прывяла спадара Хадыку туды, дзе яму наканавана было быць:
«Дзед па бацькоўскай лініі — паўстанец 1863 году. Каб пазьбегнуць арышту, мяняў прозьвішча (на Лях), хаваўся, а сапраўднае імя (Хадыка) вярнуў з поўнай амністыяй паўстанцаў у 1913 годзе. Сярод бацькоўскіх продкаў — уніяцкі сьвятар. Па кудзелі — расеец.
Дзед — чырванадрэўшчык, прытым кулачны баец з Курску. Бацька па маладосьці (1901 г. н.) — падмануты бальшавікамі — удзельнік штурму Кранштадту. Потым, зразумеўшы сутнасьць падзеяў, у 1926 годзе хацеў пайсьці ў беларускія гісторыкі.
Пабачыў першыя рэпрэсіі супраць «нацыяналістаў», усё зразумеў і стаўся будаўніком. Некалькі дамоў у цэнтры Менску — праца ягонага будаўнічага інстытуту. У адным з іх у чэрвені 1941 году сям’я атрымала кватэру, але, калі Віктар Лукіч Хадыка вярнуўся паранены з фронту, яе займаў афіцэр НКУС.
Узяў крэдыт, збудаваў прыватную хату, а пасьля сталінскай грашовай рэформы 1947 году вымушаны быў вярнуць крэдыт у 10-кратным памеры».
Беларушчына
У 1960-я, пасьля знаёмства з Элеанорай Вецер (якая чытала курс па імпрэсіянізме ў Мастацкім музэі), пачалося апантанае вывучэньне беларускай культурнай спадчыны. У адпачынкі, за свае грошы, Юры Хадыка і сотня паплечнікаў паехалі па ўсёй краіне ратаваць старажытнасьці ў паўразбураных саветамі храмах. Да 1974 году сабралася вялізная калекцыя, але здарыўся чарговы прыступ барадзьбы з нацыяналізмам, усю яе схавалі ў фондах Мастацкага музэю, забраўшы з Акадэміі навук.
Па ўспамінах сына, на выбарах у Вярхоўны Савет 12 скліканьня, калі ў першым туры галасаваньня ў парлямэнт прайшлі больш за 20 прадстаўнікоў БНФ, Юры Хадыка выйшаў у другі тур з 47% галасоў і відавочнай перспэктывай перамагчы.
Па загадзе Пятра Краўчанкі з Менскага гаркама кампартыі журналістка Бумажкова напісала пасквіль у «Вячэрнім Менску»:
У выбарчай акрузе «ВМ»сраскідалі ў кожную паштовую скрыню. Людзі тады часта верылі друкаванаму слову.
Ну а сёньня людзі, на жаль, часта вераць электроннаму слову некаторых дзеячоў.
Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі меў досьвед агульнай адсідкі з прафэсарам
«Мы ляжалі на агульных драўляных «палацях» упокат, без прасьцінаў, матрацаў і падушак, у адзеньні. Дзе елі, там і спалі. Спаў у асноўным я, а Юрась Хадыка распавядаў правакатарам лекцыі з гісторыі бібліістыкі. Прафэсар Хадыка выдатна ведаў Біблію, нягледзячы на тое, што фізык, быў вернікам і адмыслоўцам у беларускай старажытнай сацыяльнай культуры. Ён умеў чытаць схаваную сымболіку беларускіх іконаў-абразоў.
Я слухаў спакойны, добразычлівы, крыху аднастайны голас Юрася Хадыкі. Ён распавядаў пра дабро і зло, пра першародны грэх і выкупленьне Хрыстом. Я ня мог утрымацца. Вейкі мае зьліпаліся, і я засынаў лёгкім і сьветлым сном, празь які чуў голас барадатага Хадыкі. Ён, як біблейскі апостал, настаўляў стукачоў-грэшнікаў на шлях праўды. Такая сонная тэрапія для мяне і навучаньне вераю ды праўдаю для нашых сукамернікаў працягвалася ўсе дзесяць дзён».
Тытульная парляменцкая апазыцыя БНФ у 1990-я займалася ў парлямэнце вялізнай дзяржаўнай працай, а Хадыка рабіў у Партыі БНФ «чорную працу». Стаяў з народам на плошчы падчас жнівеньскага путчу 1991 году. Ачольваў, падаваў заяўкі на палітычныя дэманстрацыі.
Як фізык ён цалкам усьведамляў маштаб Чарнобыльскай катастрофы. Таму і арганізоўваў навуковыя канфэрэнцыі, незалежныя экспэртызы наступстваў Чарнобылю, але не абмяжоўваўся толькі навуковымі мэтадамі барадзьбы за праўду і ратаваньне народу, а шмат гадоў быў нязьменным арганізатарам «Чарнобыльскага шляху», заўважае Вінцук Вячорка.
Як Чарнобыльскі шлях у 1996-м, што сабраў больш за 40 тысячаў беларусаў. А скончыўся правакацыямі міліцыі і «ціхароў». І арыштам заяўнікаў — Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка, з перспэктывай бясконца гніць за кратамі. Яны галадалі больш за 3 тыдні.
Першая палітычная галадоўка ў Беларусі. Калі за вязьняў уступіліся прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын і амэрыканскі сэнатар-рэспубліканец Джон Макейн, Лукашэнка здаўся.
Новае стагодзьдзе
На самым пачатку 2000 году Юры Хадыка пракаментаваў нечаканую зьмену ўлады ў Крамлі:
«Дзякуй Богу, гэта не карысьць і не небясьпека. Гэта сьведчаньне пра складанае становішча ў палітычным жыцьці Масквы. З аднаго боку, добра, што дарога на расейскі пасад Лукашэнку закрытая. Пуцін хоча праз тры месяцы стаць паўнавартасным прэзідэнтам і ў Крэмль яго не пусьціць. Лукашэнка павінен будзе весьці больш незалежную палітыку.
З другога боку, мы яшчэ раз упэўніліся, што імпэрскія ідэі ў Маскве ажыцьцяўляюцца супрацоўнікамі КДБ. Таму Расея і надалей будзе праводзіць праімпэрскую палітыку, як гэта адбываецца ў Чачні».
Як у ваду глядзеў, як і ўсё кіраўніцтва БНФ на чале з Зянонам Пазьняком яшчэ з пачатку 90-х.
У пэрыяд 1999-2002 гадоў найбольш небясьпечныя апанэнты ўлады зьнікалі ці загадкава паміралі. На чарзе быў Юры Хадыка.
У чэрвені 2001 году ў час простай апэрацыі ў клініцы яму «выпадкова» занесьлі сэпсіс (сінегнойную палачку), сьмяротны ў 95% выпадкаў. Зьявіўся кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ўрал Латыпаў: «Юры Віктаравіч, мы вас адправім лекавацца ў Швайцарыю!» Хадыка адмовіўся. Выжыў. А здароўе падарваў (успамінае ягоны сын, Аляксей Хадыка).
Старшыня Партыі БНФ (2007-2009 гады) Лявон Баршчэўскі быў поруч зь Юрыем Хадыкам ад самага пачатку адраджэнскага руху. Адзначае, што гэта быў чалавек, якога можна было браць за эталён як з пазыцыі грамадзянскага сумленьня, так і прынцыповасьці ў адстойваньні ўласнага меркаваньня:
«Юры Хадыка — гэта ўнікальная асоба. Паводле адукацыі фізык, прычым не абы-які, а ляўрэат прэміі Савету міністраў СССР. Адначасна захапіўся глыбокімі традыцыямі беларускай культуры, гісторыі, паказаўшы сябе абсалютна дасьведчаным мастацтвазнаўцам, культуролягам. Гэта з аднаго боку.
Зь іншага, як толькі павеялі вятры перабудовы, ён актыўна ўключыўся ў грамадзкую дзейнасьць, быў адным са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту. А галоўнае, быў чалавекам, у якім першачарговым крытэрам было сумленьне. Ён мог у нечым памыляцца, мог нешта ня так трактаваць, але разумеў гэта паводле свайго ўласнага сумленьня».
Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, адзін са стваральнікаў БНФ дадае:
«У біяграфіі Юрыя Хадыкі часам пішуць, што ён быў намесьнікам старшыні Сойму БНФ ад 1988-га. На самай справе Юры Віктаравіч ня быў у Аргкамітэце, утвораным на гістарычным паседжаньні ў Чырвоным касьцёле 19 кастрычніка 1988 году.
Ён далучыўся да дэмакратычнага руху — публічна — у часе тэлеперадачы вясной 1989-га і ўжо празь некалькі месяцаў на ўстаноўчым зьезьдзе быў абраны намесьнікам старшыні Сойму БНФ Зянона Пазьняка (яшчэ адным намесьнікам быў доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў).
Цяпер кажуць, што лідэрам БНФ у тыя гады было лягчэй: маўляў, грамадзтва актыўна ўздымалася, сотні і тысячы далучаліся да нацыянальнага дэмакратычнага руху. Але трэба памятаць, што гэтая энэргетыка, гэтая актыўнасьць не зьявіліся самі па сабе — у іх былі натхняльнікі і арганізатары. Пераважна прадстаўнікі культурніцкай і навуковай інтэлігенцыі — такія, як Юры Хадыка».
Пазыцыя адносна дыктатара
Аднойчы на пытаньне, якое яму задаў чытач аднаго з медыя, Юры Хадыка адказаў адназначна.
Чытач: — Наш прэзыдэнт чэсна выйграў толькі першыя свае выбары, яшчэ ў 94-м...
Хадыка: — А вось я ня згодны! Тады супраць Пазьняка змагаліся адразу дзьве каманды — і Лукашэнкі, і Кебіча. Яны мелі задачу не прапусьціць Зянона Станіслававіча ў другі тур. А каб мы здолелі тады аб’яднацца і правесьці кандыдата ад дэмакратаў далей, у двубой, то яшчэ б я паглядзеў, ці выйграў бы Лукашэнка ў Пазьняка ці нават у Шушкевіча. Сапраўды чэсных, адкрытых выбараў у нас яшчэ ніколі не было!
У 2008 годзе Юры Хадыка на Сойме БНФ выказаў гатоўнасьць стаць кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 году.
Да гэтага не дайшло, але ва ўмовах сапраўднай дэмакратыі Юры Хадыка мог бы стаць адным з лепшых прэзідэнтаў Беларусі.
Вечная памяць!