«Падтрымка дэмакратычных зменаў у Беларусі — гэта не дабрачыннасць, а інвестыцыі ў бяспеку і мір у Еўропе»

Падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы беларуская дэмакратычная лідарка выступіла на круглым стале па Беларусі, які быў арганізаваны ISANS. У прамове Ціханоўская асаблівую ўвагу надала становішчу палітвязняў у беларускіх турмах і адзначыла, што дэмакратыям «надышоў час паказаць свае зубы».

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Яна зазначыла, што сёння ўвесь свет быў шакаваны навіной аб смерці расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага.

«Гэтая змрочная вестка нагадвае нам, што бяспека, дэмакратыя і правы чалавека ўзаемазвязаныя. Не можа быць бяспекі без чалавечнасці — і наадварот.

У нас няма сумневаў у тым, хто нясе адказнасць за смерць Навальнага. Яго забіў пуцінскі рэжым. Гэта напамін усяму свету аб тым, што дыктатары не спыняюцца ні перад чым. У іх няма чалавечнасці.

Дыктатары не спыняцца, пакуль іх не спынім мы.

Нам страшна за жыцці тысячаў нашых беларускіх палітвязняў. Многія з іх утрымліваюцца пад вартай без сувязі са знешнім светам, і мы не ведаем, ці жывыя яны. Сярод іх мой муж Сяргей, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Маша Калеснікава і многія іншыя.

Нам нельга дапусціць новых смерцяў у турмах. Надышоў момант, калі дэмакратычны свет павінен прадэманстраваць не толькі адзінства, але і адвагу. Адказ на зверствы, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі і Пуціна, павінен быць рашучым.

Гэты адказ павінен уключаць магутныя санкцыі супраць гэтых рэжымаў, а таксама дапамогу ўсім тым, хто бясстрашна змагаецца з імі. Надышоў час дэмакратыям паказаць свае зубы.

Нам трэба ізаляваць двух дыктатараў, пазбавіць іх рэсурсаў і прымусіць іх заплаціць за кожнае злачынства, якое яны здзейснілі: супраць украінцаў, супраць беларусаў. Супраць міжнароднага міру і парадку.

Цяпер час падтрымаць украінцаў у іх барацьбе за свабоду — як і беларусаў. Пакуль мы гаворым, многія з іх змагаюцца за Украіну на палях бітваў. Многія з іх удзельнічаюць у падпольным супраціве ўнутры Беларусі.

Але ізалюючы дыктатараў, нам нельга ізаляваць народ. Беларусы хочуць бачыць альтэрнатыву «рускаму міру». І такой альтэрнатывай з’яўляецца сяброўства ў Еўрапейскім саюзе і Радзе Еўропы, бо ў Беларусі еўрапейская будучыня.

Я веру, што змены ў Беларусі могуць паўплываць і на сітуацыю ў Расіі. Бо Беларусь мае стратэгічнае значэнне для вайсковай машыны Пуціна. Але ў той жа час яна з’яўляецца яе самым слабым звяном. Вывесці Беларусь з вайны — значыць парушыць планы Пуціна ў дачыненні да Украіны, а таксама скараціць верагоднасць далейшай агрэсіі супраць заходніх краінаў.

Беларусь пры Лукашэнку будзе пастаяннай пагрозай еўрапейскай і міжнароднай бяспецы, крыніцай пагрозаў і нестабільнасці. Без дэмакратычнай і свабоднай Беларусі не будзе міру і бяспекі ў Еўропе.

Таму падтрымка дэмакратычных зменаў у Беларусі — гэта не дабрачыннасць, а інвестыцыі ў бяспеку і мір у Еўропе.

Каб выйграць у гэтай складанай і праведнай барацьбе, нам патрэбныя стратэгія і канкрэтны план дзеянняў. І я спадзяюся пачуць падчас гэтых дыскусіяў канкрэтныя ідэі, якія дапамогуць нам вярнуць Беларусь да дэмакратыі і аднавіць мір у Еўропе», — сказала Ціханоўская.